Генеральнай пракуратурай Беларусі вывучаны матэрыялы, што паступілі са Следчага камітэта, у дачыненні да службовых асоб ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», якія з'яўляюцца грамадзянамі Расіі.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, матэрыялы вылучаны з крымінальнай справы, распачатай па фактах прычынення шкоды ў выніку супрацьпраўнай дзейнасці кіраўніцтва ўказанага акцыянернага таварыства.

Як паведамлялася раней, гаворка ідзе пра 19 тамоў матэрыялаў аб прычыненні шкоды інтарэсам Расіі.

У адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж генпракуратурамі Беларусі і РФ ад 27 красавіка 2009 года матэрыялы накіраваны ў Генеральную пракуратуру Расіі.

У Генпракуратуры Беларусі заявілі, што беларускі бок пацвярджае сваю гатоўнасць надалей аказваць кампетэнтным органам РФ прававую і іншую дапамогу «ў мэтах поўнага, усебаковага і аб'ектыўнага ўстанаўлення ўсіх акалічнасцяў прычынення шкоды інтарэсам грамадства і дзяржавы, якія знаходзяцца пад аховай закона, і выказвае ўпэўненасць ва ўзаемным супрацоўніцтве пры расследаванні крымінальнай справы, што знаходзіцца ў вытворчасці Следчага камітэта Беларусі».

Нагадаем, 30 ліпеня расійская кампанія «Уралкалій» абвясціла пра выхад са складу беларуска-расійскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК), праз якое разам з «Беларуськаліем» пастаўляла сваю прадукцыю на знешнія рынкі. Гэта рашэнне расіяне растлумачылі тым, што беларускі бок пачаў экспартаваць прадукцыю «Беларуськалія» ў абход БКК.

26 жніўня было абвешчана аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да шэрагу кіраўнікоў БКК, сярод якіх старшыня наглядальнага савета БКК, гендырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнер. Яны абвінавачваюцца на падставе ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску і змешчаны ў СІЗА КДБ. Цяпер да яго прымяняецца мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?