За верасень золатавалютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі ў вызначэнні ССРД МВФ скараціліся на 313,7 млн. даляраў і, паводле папярэдніх звестак, на 1 кастрычніка склалі 7 млрд. 387,7 млн. даляраў ЗША ў эквіваленце.

Пра гэта паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка.

У нацыянальным вызначэнні аб'ём ЗВР скараціўся за верасень на 374,9 млн. даляраў ЗША і на 1 кастрычніка склаў 8 млрд. 44,9 млн. даляраў ЗША ў эквіваленце.

«Скарачэнне аб'ёму золатавалютных рэзерваў галоўным чынам абумоўлена зніжэннем цаны на золата на міжнародным рынку каштоўных металаў, а таксама пагашэннем Нацыянальным банкам і ўрадам Беларусі знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце, якія ў верасні гэтага года былі выкананы ў поўным аб'ёме», — сказана ў каментары Нацбанка.

«Падтрыманню аб'ёму золатавалютных рэзерваў спрыяла размяшчэнне валютных аблігацый Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь на ўнутраным рынку краіны», — адзначае рэгулятар.

Нагадаем, у чэрвені старшыня Нацбанка Надзея Ермакова выказвала ўпэўненасць у выкананні прагнозу па ЗВР у 2013 годзе, аб'ём якіх на канец года павінен скласці 8-8,3 млрд даляраў па стандартах МВФ. «Золатавалютныя рэзервы ў нас выкананы будуць», — сказала Ермакова.

Кажучы пра магчымыя крыніцы павелічэння ЗВР, кіраўнік Нацбанка тлумачыла, што частку рэзерваў банк захоўвае ў свабодна канвертаванай валюце, а частку — у расійскіх рублях. У расійскіх рублях валюта захоўваецца ў банках Расіі, бо там стаўка схаднейшая. «Па міжнародных стандартах гэтыя зберажэнні не ўлічваюцца, але іх у любы час можна праканвертаваць у даляры, калі яны нам будуць неабходныя», — адзначала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?