На Алеі шахідаў у Баку пахаваныя азербайджанцы, што не вярнуліся жывымі з вайны ў Карабаху.
«Першы раз у Баку?» — пытаецца ў мяне новы знаёмы Элман, адміністратар адной мінскай забаўляльнай установы.
Сцвярджальна ківаю галавой. Час лёту ад Мінска да Баку праводзім у размовах з Элманам.
«У Баку абавязкова спадабаецца. Гэта горад высокай культуры. У нас нарадзіліся Палад Бюльбюль-аглы, Мсціслаў Растраповіч, Ларыса Доліна, Муслім Магамаеў… Гэты під…ас… Каспараў».
Убачыўшы неразуменне на маім твары, Элман хутка паясняе: «Я яго не люблю, бо ў чалавека не можа быць дзве радзімы, а не таму, што армянін. У мяне аднакласнікі армяне былі, і сёння з імі бачымся ў Маскве, перапісваемся праз інтэрнэт. Усё нармальна».
«Я нарадзіўся ў 69-м годзе. У нас гэта лічыцца зніклае пакаленне. Палова маіх сяброў загінула на вайне», — сумна кажа мужчына.
Вазір
Так ці інакш, але тэма дачыненняў азербайджанцаў і армянаў суправаджала мяне падчас усяго знаходжання ў Баку. Нават калі сам не шукаў гэтага.
Вазір працуе ахоўнікам. Мы нечакана пазнаёміліся ў адкрытай кавярні на ўскрайку азербайджанскай сталіцы. Ён робіць для мяне кароткі экскурс у мясцовую кухню: «Гэта матал — самы лепшы сыр, які знойдзеш тут. А гэта — гадых, смятана». Яе падаюць у маленькіх гліняных збаночках, ахалоджанай. Сапраўды, вельмі смачна.
Вазір да 1988 года жыў у Агдаме. «Цяпер гэты горад пад армянскай акупацыяй», — кажа ён мне. «Гэта мой горад, мая зямля. Чаму я не магу наведаць яе? Чаму не магу трапіць на магілы да родных?» — пытаецца ён у мяне. Я не ведаю, што адказаць Вазіру.
Гісторыя канфлікту
Нагорны Карабах — адно з самых выбухных месцаў Закаўказзя. Кроў лілася на гэтых землях у 1905 і 1918 гадах. Лёсавызначальныя гады для Расійскай імперыі, калі кантроль з цэнтра змяншаўся, а азербайджанскі і армянскі нацыяналізмы не знаходзілі іншага вырашэння праблемы, апроч узброенага. Зрэшты, у той час так вырашаліся многія пытанні ў свеце.
У 1921 годзе Каўказскае бюро Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) замацоўвае Нагорны Карабах за Азербайджанскай СССР, прадстаўляючы рэгіёну вялікую аўтаномію. Ёсць меркаванне, што зроблена гэта было, каб палепшыць адносіны СССР з Турцыяй Кемаля Атацюрка.
Фактычна мовай справаводства ў рэгіёне была армянская. Армяне ж складалі большасць сярод жыхароў, але тэрытарыяльна Карабах уваходзіў у склад Азербайджана.
«Напружанасць паміж армянамі і азербайджанцамі была і ў савецкі час, але мы жылі пры дыктатуры, а там усе працэсы замарожваюцца. Злачынстваў нават менее.
Бо ўсе функцыі злачыннага свету бярэ на сябе дзяржава. Пры СССР пытанне Карабаха не было вырашанае, яно было закансервавана», — кажа Іса Гамбар, лідар партыі «Мусават».
Кроў зноў палілася ў 1988 годзе, на сконе СССР.
Барацьба за далучэнне Нагорнага Карабаха інтэрпрэтавалася як «уз’ядненне» армянскіх земляў і ўзнаўленне гістарычнай справядлівасці.
Хто пераможца?
У выніку тых падзеяў з Арменіі з’ехалі ўсе азербайджанцы, з Азербайджана — армяне. Доўгія 25 гадоў краіны не маюць ніякіх адносін.
Азербайджан згубіў кантроль над тэрыторыяй Нагорнага Карабаха. Але і назваць Арменію «пераможцай» у канфлікце не паварочваецца язык.
«Першы прэзідэнт Арменіі Левон Тэр-Петрасян — разумны мужык, хоць пры ім адбыўся захоп. Ён рэалістычны і стрыманы. У многім гэта не яго дзеянні, а палявых камандзіраў. Ён кажа пра сённяшнюю Арменію: праводзьце рэформы, што хочаце рабіце, але пакуль Арменія не знойдзе кампрамісу ў карабахскім пытанні і не нармалізуе адносіны з Азербайджанам і Турцыяй, краіна развівацца не можа.
Ніхто не едзе ў Арменію будаваць прадпрыемствы. Унутраны рынак вельмі маленькі, і будаваць вялікае прадпрыемства няма сэнсу, можна абмежавацца сярэднім ці малым. Прадаваць няма куды, бо азербайджанскі і турэцкі рынкі закрытыя.
Толькі за кошт расійскіх крэдытаў Арменія мінімальна забяспечвае плывучасць». Гэта мне кажа Расім Мусабекаў.
Сёння — дэпутат Мілі Меджліса і адзін з найлепшых палітолагаў краіны. У савецкі час ён працаваў у маскоўскім бюро камсамола, прычым, курыраваў там БССР. У 1990-я Мусабекаў удзельнічаў у перамовах з армянскім бокам па карабахскім пытанні. Мы размаўляем у аўдыторыі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Азербайджана, дзе Мусабекаў чытае курс паліталогіі.
«Ніхто не кажа ў Азербайджане, што трэба ўсіх армян выгнаць з Нагорнага Карабаха. Мы кажам пра аўтаномію, дзе ўлада належыць армянам, але звязаная тэрыторыя менавіта з Баку. Мы можам усталяваць зноў мір і добрасуседства. З Арменіі ў Карабах толькі адна дарога. А з Азербайджана — шэсць. У тым ліку чыгунка. Калі Карабах пакінулі ў Азербайджане, то тлумачылі гэта тым, што эканамічна і камунікацыйна рэгіён звязаны менавіта з Баку».
Ніхто не заклікае адмовіцца ад Карабаха
Здаецца, што ў пытанні Карабаха ў Азербайджане ўсе маюць згоду. Усе кажуць — Карабах мусіць быць «вернуты». Ніхто нават з інтэлектуалаў не адважваецца выказаць меркаванне, што Азербайджану трэба адмовіцца ад гэтай тэрыторыі, каб ісці далей. Калі б такое сказаў палітык, то будучыні ў яго проста не было б.
«Выхад з гэтага канфлікту можа быць у рамках еўрапейскай інтэграцыі краін, — кажа галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва «Туран» Мехман Аліеў.
— Толькі дэмакратычна абраныя кіраўнікі Арменіі і Азербайджана могуць садзіцца за стол ды вырашаць пытанні.
Мы праводзім рэгулярныя кансультацыі. Вядома, не ў Баку і Ерэване. Ніхто не выкарыстоўвае рыторыку, што трэба ваяваць. Мы часта аперуем мінулым «Яны нас столькі забілі!», а трэба перайсці да інструментаў будучыні. Нам трэба ствараць адзіную эканамічную прастору, супрацоўнічаць у эканоміцы, транспарце, культуры. На жаль, пры сённяшніх уладах гэта немагчыма».
«Калі я вучыўся на журфаку МГУ, то ў нас быў выкладчык Сурэн Аўсепян. Сёння ён загадчык кафедры тэлебачання ў Ерэванскім універсітэце. Ён бегаў па ўніверсітэце і збіраў подпісы, каб Карабах перадалі Арменіі. Што ты робіш, пытаюся, ты разумееш, што будзе вялікая кроў? «Вам гэта ўсё адно не трэба. А Арменія без Карабаха жыць не зможа, там урадлівыя землі. Будзем сеяць хлеб. А ў вас зямлі шмат», — адказваў ён мне. Прымітыўнае разуменне. Я бачыў яго тры гады таму на канферэнцыі АБСЕ ў Тбілісі. Ён прызнаў, што тыя дзеянні былі памылкай», — працягвае Мехман.
Бяда для людзей
На многіх дамах Баку вісяць мемарыяльныя шыльды ў памяць аб палеглых у тым канфлікце. На ўскрайках стаяць дамы бежанцаў, скалочаныя на хуткую руку. Там ужо не да шыку. Бежанцы займалі дзіцячыя садкі, школы. Аграмадная гуманітарная праблема. Не да канца вырашаная нават праз 20 гадоў.
«Я не кажу, што Карабах — гэта адвечна азербайджанская зямля, — кажа Анар Оруджоў з «Тэлеканала 13». —У савецкі час людзі нармальна там жылі. Няхай гэта будзе маленькая дзяржава армян у Азербайджане. Каўказ — гэта мультынацыянальны рэгіён і стварыць канфлікт тут вельмі лёгка. Ёсць рэгіён Барчалы ў Грузіі, дзе большасць насельніцтва складаюць азербайджанцы, але ж ніхто ніколі не ўздымаў пытанне аб «вяртанні» гэтай зямлі».
Я не бяруся меркаваць, хто меў і мае рацыю ў канфлікце, а хто — не. Не жывучы там, цяжка зразумець усе тонкасці і акалічнасці. У Баку я пабачыў людзей, для якіх той канфлікт стаў найвялікшай трагедыяй жыцця. Перакананы, што такіх самых людзей я б пабачыў у Ерэване.
У той час, як у Еўрасаюзе знікаюць межы, не могуць дзве еўрапейскія дзяржавы знаходзіцца ў стане вайны. Прымірэнне для абедзвюх краін пайшло б толькі на карысць па ўсіх пазіцыях. Здаецца, гэта разумеюць усе, але ніхто не можа паступіцца нацыянальным гонарам. Раны яшчэ жывыя, яны баляць.
Нагорны Карабах
Рэгіён Закаўказзя. Кантралюецца непрызнанай у свеце Нагорна-Карабахскай рэспублікай. У ХХ ст. рэгіён стаў галоўнай арэнай жорсткіх сутыкненняў армян і азербайджанцаў. Апошні ваенны канфлікт скончыўся ў 1994 годзе. З цюркскіх моваў «Карабах» перакладаецца як «чорны сад». За савецкім часам Карабах належыў Азербайджанскай ССР, але большасць насельніцтва складалі армяне.