Аляксандр Лукашэнка 7 кастрычніка падпісаў указ № 458, які прадугледжвае змяненне правілаў правядзення рэкламных гульняў у Рэспубліцы Беларусь.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, «змены скіраваныя на абарону правоў і інтарэсаў спажыўцоў, а таксама выключэнне магчымых злоўжыванняў з боку арганізатараў такіх гульняў».

Указ уводзіць забарону на ўдзел у рэкламнай гульні асоб, якія знаходзяцца ў працоўных адносінах з яе арганізатарам, а таксама іх мужа (жонкі), блізкіх сваякоў і асоб, якія знаходзяцца з такімі асобамі ў адносінах сваяцтва.

Удакладняецца парадак фарміравання прызавога фонду рэкламнай гульні і выкарыстання гэтага фонду, у тым ліку грашовых сродкаў, тавараў (работ, паслуг), не запатрабаваных пераможцамі ў якасці выйгрышу.

З моманту фарміравання прызавога фонду да заканчэння яго розыгрышу арганізатар і зацікаўленыя асобы не маюць права распараджацца прызавым фондам. Сродкі фонду павінны выкарыстоўвацца толькі па мэтавым прызначэнні.

Згодна з указам адпраўка СМС-паведамлення ці паштовага адпраўлення, прадугледжаная правіламі рэкламнай гульні, павінна ажыццяўляцца па мінімальных тарыфах на гэты від паслугі.

Гэта норма дазволіць выключыць атрыманне арганізатарамі рэкламных гульняў беспадстаўных даходаў ад павышэння тарыфаў на паслугі сувязі, тлумачыць прэс-служба прэзідэнта.

Апрача таго, у адпаведнасці з указам на арганізатара ўскладаецца адказнасць за праўдзівасць даваных для дзяржаўнай рэгістрацыі рэкламнай гульні дакументаў і звестак, а таксама за дапушчаныя камісіяй, створанай для правядзення рэкламнай гульні, парушэнні заканадаўства, выяўленыя пры правядзенні такой гульні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?