У хуткім часе выбары адбудуцца адразу ў Польшчы, Расеі і Ўкраіне. Піша Віталь Тарас.

Ад таго часу, як Сымон дэ Манфор, граф Лестэрскі, сабраў у Англіі першы парлямэнт, мінула ўжо амаль 750 гадоў. Зь іх апошнія гадоў дьзвесьце прадстаўнічыя органы ўлады абіраюць амаль ва ўсіх краінах сьвету. Бо іншай формулы легітымізацыі ўлады (нават калі ў краіне фармальна захоўваецца манархія) дагэтуль ня вынайдзена.

Зразумела, наяўнасьць выбарных органаў улады і самі па сабе выбары яшчэ ня ёсьць прыкметаю дэмакратыі. Гэта ўмова неабходная, але недастатковая. Але, назіраючы за працэсам выбараў, толькі й можна зрабіць высновы пра тое, у якім стане знаходзіцца грамадзтва.

Так надарылася, што сёлета, за кароткі адрэзак часу, выбары адбудуцца адразу ў трох краінах, суседках Беларусі – Украіне, Польшчы й Расеі. (Прычым, ва ўсіх трох дзейнічае прапарцыйная сыстэма, то бок выбарцы галасуюць за партыйныя сьпісы, а не за кандыдатаў ад акругаў.) І гэта дае добрую нагоду зрабіць некаторыя параўнаньні.

Украіна. Батлейка для ўсіх

Нехта заўважыў, што для сучаснай палітыкі ва Ўкраіне ў найбольшай ступені, калі параўноўваць зь іншымі постсавецкімі краінамі, падыходзіць вызначэньне: тэатар. Схільнасьць пераважнай большасьці ўкраінскіх дэпутатаў да зьнешняй афэктацыі, тэатральных жэстаў і палымяных зваротаў да народу, інакш кажучы – работа на публіку, відавочна прысутнічаюць. Пры гэтым ня толькі выказваньні палітыкаў, але іх дзеяньні могуць выглядаць гранічна жорсткімі ды бескампраміснымі. Але ў выніку працілеглым бакам ўсё ж удаецца знайсьці кампраміс альбо само напружаньне зьнікае некуды, быццам і не было прычынаў для канфлікту. Дастаткова ўспомніць нядаўнюю чараду ўказаў прэзыдэнта Юшчанкі аб роспуску Вярхоўнай Рады і прызначэньні датэрміновых выбараў і такую ж чараду паседжаньняў Рады, якая прызнавала ўказы нелегітымнымі, а прэзыдэнта абвяшчала ўзурпатарам. Дайшло да таго, што ў Кіеў, паводле чутак, на загад прэзыдэнцкіх структураў, рушылі Ўнутраныя войскі.

Але тыя палітычныя супярэчнасьці, што на пачатку лета здаваліся з-за мяжы непераадольнымі (расейскія СМІ нават пачалі палохаць грамадзянскай вайной), плаўна перацяклі ў звычайную перадвыбарчую барацьбу. І хоць супярэчнасьці нікуды не падзеліся і па-ранейшаму існуе імавернасьць, што выбары нічога ня зьменяць у расстаноўцы сілаў у парлямэнце, думаецца, ні ў кога ва Ўкраіне (ды нават і сярод сур’ёзных палітолягаў у Расеі) няма сумневу ў тым, што ніякай “геапалітычнай катастрофы” там ня будзе. Магчыма, спатрэбяцца яшчэ не адны, а некалькі дзясяткаў выбараў у Раду, а таксама яе роспускаў, каб Украіна канчаткова выйшла на дэмакратычны шлях разьвіцьця.

Дый што за праблема, насамрэч, з адстаўкамі ўраду і датэрміновымі выбарамі?

Італія, напрыклад, за пасьляваенныя гады зьмяніла некалькі дзясяткаў кабінэтаў міністраў, адзін урадавы крызіс зьмяняўся іншым. Але на лёсе італьянскай дэмакратыі і дабрабыце італьянскага народу гэта ніякім чынам не адбілася.

Зразумела, дэмакратыі ва Ўкраіне яшчэ далёка да ўзроўню Італіі. Ні для кога не сакрэт, што ў палітыцы тут, як і ва ўсіх пастсавецкіх краінах, дамінуюць ня столькі палітычныя, колькі прыватныя ці групавыя інтарэсы. Таму з гледзішча чыстай палітыкі зразумець, што адбываецца, бывае цяжка. Так, прэзыдэнцкая правалібэральная “Наша Ўкраіна” ўступае ў перадвыбарны саюз зь леварадыкальным згуртаваньнем экс-сацыяліста Луцэнкі, ня менш лібэральная (у эканамічным сэнсе) Партыя рэгіёнаў Януковіча ў хаўрусе з сацыялістамі і нават камуністамі, а нібыта кансэрватыўны блёк Цімашэнкі выступае з пазыцыяў крайняга папулізму! Пры гэтым ад Партыі рэгіёнаў, якую лічаць чырвонай і прарасейскай, у дэпутаты балятуюцца некалькі мільярдэраў (сярод якіх найбольш вядомы – Ахмэтаў)...

Звонку, дзякуючы ня толькі расейскім, але ўсім тэлеканалам, разам узятым, перадвыбарная кампанія ва Ўкраіне (дзе гэтая кампанія, фактычна, вядзецца пэрманэнтна) можа нагадваць батлейку. Дзе мэлянхалічны П’еро (Юшчанка) увесь час ліе сьлёзы з розных прычынаў, сарамліва-насьцярожана паглядаючы на Калямбіну (Цімашэнку), экспансіўны Арлекіна (Януковіч) час ад часу заляцаецца, замест Калямбіны, да П’еро, а шалёная Калямбіна лупцуе ў парывах страсьці то П’еро, то Арлекіна.

Акрамя таго, на сцэне час ад часу зьяўляецца адзін з важных пэрсанажаў – чорт. (У ягонай ролі па чарзе выступаюць Сіманенка, Вітрэнка, Паўлоўскі ў абдымку з Затуліным альбо Пуцін уласнай пэрсонай.) Чорт ганяецца за несьмяротнай украінскай душой, спрабуючы ўсіх купіць ды падмануць, але ўрэшце сам застаецца ў дурнях – пад рогат задаволенай публікі.

Зразумела, параўнаньне палітыкаў зь лялькамі не арыгінальнае. Але варта зазначыць, што гаворка ў выпадку з украінскімі палітыкамі вядзецца менавіта пра батлейку, а ня, скажам, тэатар марыянэтак (як у Расеі), дзе лялькамі кіруюць з дапамогай нябачных шнуроў. У батлейцы ж галоўнае – не лялькаводы і нават ня ляльлкі, а сама публіка, безь якой не было б і прадстаўленьня. Зважаючы на гэта, украінскія палітыкі, якімі б карысльвымі матывамі яны ні кіраваліся, мусяць увесь час датрымоўвацца правілаў гульні і стараюцца спадабацца простаму выбарцу – часам з дапамогай самых неварагодных трукаў і кульбітаў. Бо адным з галоўных правілаў гульні застаецца свабода смі, якія рана ці позна выводзяць любых палітыкаў на чыстую ваду.

І пакуль гэта будзе так, Україна будзе рухацца да дэмакратыі, хай сабе павольна, штуршкамі, а часам і ў аб’езд.

Польшча. До’ блюзнэрства!Україна, безумоўна, вучылася й вучыцца дэмакратыі ў сваёй суседкі Польшчы, зь якой гістарычна яе адносіны складаліся вельмі нялёгка. Але ж вядома, што ў вырашальны момант, калі Ўкраіна апынулася на Майдане, менавіта Польшча ў асобах прэзыдэнта Квасьнеўскага і экс-прэзыдэнта Валэнсы першай прыйшла на дапамогу “аранжавай рэвалюцыі” і спрыяла дасягненьню кампрамісу, які палягаў у 2004-м годзе на перавыбарах. Польшчы, зь яе старадаўнімі традыцыямі Сойму, здавалася б, досьведу ў пабудове дэмакратыі хапае. Але ж і на радзіме першай канстытуцыі, як выявілася, апошнім часам, ёсьць свае праблемы.

Словы экс-прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла пра тое, што на выбары ў Польшчы трэба запрасіць міжнародных назіральнікаў, каб ні ў кога не было сумненьняў у празрыстасьці вынікаў, выклікалі ў польскіх мэдыях рэакцыю, блізкую да шоку.

Польскае грамадзтва сатрасалі карупцыйныя ды сэксуальныя скандалы. І хоць непасрэдна галоўнай партыі кіраўнічай кааліцыі “Права і справядлівасьць” яны ня тычыліся, бо героямі скандалаў станавіліся то лідэр “Самаабароны” Лепэр, то дэпутаты ягонай фракцыі, то лідэр Лігі польскіх сем’яў Раман Гертых, у грамадзтва паступова высьпявала пытаньні. Калі спыніцца чарада гэтых скандалаў? І ці ж не нясе адказнасьць за іх таксама прэм’ер Качынскі? Гэта ён доўга і ўпарта трымаўся за саюз з “Самаабаронай” і ЛПС. Пры гэтым не прызнаючы за сабой ніякіх памылак.

Тое, што затушоўвалася й замяталася пад коўдру з мэтай захаваць прыстойны выгляд, раптам вылілася на галовы польскіх абываталяў у нечуваных маштабах. Тое, пра што многія выбарцы здагадваліся, але баяліся сабе прызнацца, пацьвердзілася – кароль (то бок, палітыкі) голыя!

“ПіС” ідзе фактычна нос у нос з апазыцыйнай Грамадзянскай плятформай і імкнецца выкарыстаць свой адміністрацыйны рэсурс перад выбарамі. Аднак, нават калі партыя атрымае перамогу на выбарах, ёй давядзецца шукаць узаемадзеяньня зь непрымірымімі спаборнікамі. Так што лідэрам дзьвюх галоўных партыяў давядзецца неяк дамаўляцца паміж сабой, не спадзяючыся на кааліцыю яшчэ з кімсьці.

Палякі аказаліся ня проста перад выбарамі, але перад выбарам: далей інтэгравацца ў аб’яднаную Эўропу альбо замкнуцца ў сваёй польска-каталіцкай самабытнасьці, крочыць “адзіным і непаўторным шляхам”, падобна свайму адвечнаму ворагу – Расеі.

Расея. Выбары ня месца для дыскусіі

У Адэсе ёсьць Музычная школа імя Сталярскага – першая ў гісторыі СССР школа для дзяцей з музычнымі здольнасьцямі. Яе заснаваў 1933-ім годзе вядомы ва ўсім сьвеце пэдагог Пётра Сталярскі. Сярод яго першых вучняў быў Давід Ойстрах, да ягонай школы належаць Ліяна Ісакадзэ, Гідон Крэмэр і шмат іншых геніяльных музыкаў. Пра Сталярскага і ягонае пачуцьце гумару складалі легенды. Расказваюць – пасьля таго, як школе, у савецкіх традцыях, яшчэ пры жыцьці пэдагога прысвоілі ягонае ймя, Сталярскі любіў казаць: “Школа имени мине”. (Паходжаньнем з беднай габрэйскай сям’і, ён так і не навучыўся добра гаварыць па-расейску).

Але размова тут не пра Сталярскага, і не пра Адэсу з Ўкраінай, а пра Расею. Усьлед за Сталярскім Пуцін, бадай, мог бы сказаць пра будучыя выбары ў Расеі (у тым ліку парлямэнцкія): “Выбары імя мяне”. Ці проста – выбары мяне!

Размовы пра стварэньне дзьвюхпартыйнай альбо трохпартыйнай сыстэмы ў Расеі, хутчэй за ўсё, так і застануцца размовамі. Проста таму, што з чатырох партыяў, якія паводле прагнозаў, могуць прэтэндаваць на месцы ў Думе, ўласна азначэньню “партыя” адпавядае толькі КПРФ. Хоць і яе ідэалёгія адчувае выразную карозію, становіцца ўсё больш двухсэнсоўнай, а ўсё-ткі яна прэтэндуе на званьне апазыцыйнай. У яе за плячыма ёсьць нейкая гісторыя (праўда, жудасная), яе лідэры, як правіла, адрозьніваюцца ад лідэраў астатніх партыяў кроем пінжакоў і яшчэ больш – выразам твараў. Усе астатнія партыі вызначаюцца толькі ступеньню падхалімажу (тонкім віртуозам тут, безумоўна, выступае Жырыноўскі, але з лёгкасьцю праходзіць і грубая лісьлівасьць Грызлова зь Міронавым).

Пры гэтым, зразумела, партыі (!) ўлады цэняць ня столькі самога Пуціна і ягоныя шматлікія перавагі, колькі самі статус і пасаду першай асобы ў Крамлі, ад якой залежыць будучыня шматлікага войска чыноўнікаў і палітыкаў. Бо як толькі (і калі) на месца Пуціна заступіць пераемнік, усе лепшыя якасьці цяперашняга прэзыдэнта аўтаматычна будуць прыпісаныя новаму. Пуцін таксама гэта разумее, таму й не сьпяшаецца называць пераемніка, да якога пры першай магчымасьці перабяжыць, можна не сумнявацца, уся каралеўская раць.

Для тых, хто датуль яшчэ не зразумеў асаблівасьцяў бягучай расейскай палітыкі, Пуцін зладзіў бліскучы спэктакль. Калі ў дзяржаўных і незалежных СМІ не засталося ўжо амаль ніводнага палітоляга, які б не прадказваў прызначэньне пуцінскага “пераемніка” Сяргея Іванова на пост кіраўніка ўрада, прэзыдэнт Расеі узяў ды прызначыў прэм’ерам Віктара Зубкова.

Можна пагадзіцца з тымі расейскімі палітолягамі, якія лічаць, што галоўным і адзіным матывам Пуціна ў гэтым эпізодзе былі ягоныя асабістыя інтарэсы, ведаць, а тым больш прадказваць якія іншым ня дадзена. Калі зьвярнуцца да габрэйскага фальклёру, дык Пуцін проста нагадаў усім удзельнікам азартнай гульні ў “пераемніка”, хто гаспадар у лаўцы.

У любой нармальнай краіне ўрад фармуецца па выніках парлямэнцкіх выбараў. У краіне “сувэрэннай дэмакратыі” ўрад начале з новым прэм’ерам фармуецца за тры месяцы да выбараў. Такім чынам, чыноўнікам і грамадзтву падаецца недвухсэнсоўны сыгнал. Колькі б ні атрымала “Адзіная Расея” месцаў у Думе на выбарах – канстытуцыйную большасьць, ці звычайную – прызначаць прэм’ера будуць не адзінаросы і ня справаросы, а толькі сам прэзыдэнт. А ніякі не “кульгавы качар”.

І калі нават Пуцін сыдзе, ён усё адно застанецца, як бы ні называўся наступны прэзыдэнт. Трапныя словы сьпікера Грызлова пра тое, што “парлямэнт не месца для дыскусіяў” можна дапоўніць тым, што і выбары ў Расеі цяпер патрэбныя не для дыскусіяў аб шляхах разьвіцьця краіны, а для плаўнага і стабільнага пераходу ўлады ад аднаго прэзыдэнцкага тэрміну да наступнага.

У зьвязку з усім гэтым ня толькі простыя грамадзяне, але й некаторыя апазыцыйныя палітыкі ў Расеі пачалі задавацца пытаньнем: а ці трэба ўдзельнічаць у такіх выбарах, вынік якіх прадвызначаны?

Беларусь. А што мы?

Калі ставіць пытаньне пра выбары ў дачыненьні да Беларусі, дык яго трэба, для пачатку, разьбіць на два. Першае зь іх – ці трэба ўдзельнічаць у несвабодных выбарах грамадзянам? Адказ на гэтае пытаньне ёсьць, хоць і не відавочны. Чытачы майго пакаленьня памятаюць, што за савецкім часам, калі выбары былі безальтэрнатыўныя (99,8 % заўсёды галасавалі за блёк камуністаў і беспартыйных) начальству вельмі залежала, насамрэч, як прагаласуюць. Калі нехта з выбарцаў заяўляў, што ён ня пойдзе на выбары, бо ў яго дома працякае дах, мясцовыя ўлады, як правіла, прысылалі майстроў і праблема вырашалася. А калі нехта прыходзіў на выбары і, карыстаючыся таемнасьцю галасавання, выкрэсьліваў адзінага кандыдата ў дэпутаты (бо іншых не было), гэта псавала вынікі на дадзеным канкрэтным участку. І нават калі яны адрозьніваліся ад заплянаваных усяго на адну сотую адсотка, мясцовае партыйнае начальства атрымлівала наганяй ад райкаму, а райкам у сваю чаргу – ад вышэйшага начальства. Такім чынам, шляхам простага волевыяўленьня, то бок выкрэсьліваньня прозьвішча зь бюлетэня можна было хаця б сапсаваць настрой начальству. Зразумела, гэта нічога не мяняла ў дзяржаўным і грамадзкім ладзе. Але пакідала пачуцьцё выкананага маральнага абавязку. Так што нават у таталітарным грамадзтве ёсьць сэнс паразважаць над тым, ці трэба ісьці на выбары і дзеля чаго. Але рашэньне тут залежыць ад кожнага індывідуальна.

А вось калі задаць пытаньне, ці трэба палітычным партыям удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, дык ва ўмовах Беларусі яно, на жаль, гучыць некарэктна. Калі цягам дзесяцігодзьдзя ніводнай палітычнай партыі не ўдаецца правесьці сваіх каныдадатаў у парлямэнт, узьнікаюць сумненьні ня толькі ў справядлівасьці дзейнага выбарчага заканадаўства, але і ў тым, ці ёсьць самыя партыі? Адказ кшталту таго, што ў выбарах партыям трэба ўдзельнічаць выключна ў мэтах мабілізацыі ці інфармаваньня насельніцтва, таксама недастатковы, паколькі такая стратэгія цягам апошніх гадоў не прывяла да колькі-небудзь заўважных зрухаў у грамадзтве.

Магчыма, пытаньне варта паставіць крыху йначай. Ці варта рыхтавацца да будучых парлямэнцкіх выбараў? Тут адказ падаецца відавочным – безумоўна, варта. Толькі рыхтавацца да іх трэба не ў часе выбарчай кампаніі, калі ўсё ўжо сапраўды прадвызначана, а задоўга да іх пачатку. Найбольшую колькасьць мэдалёў на Аліпмійскіх гульнях, як правіла, выйграюць тыя каманды, мэнэджэры й трэнэры якіх рыхтуюцца з прыцэлам не на бліжэйшую Алімпіяду, а тую, што будзе праз восем-дванаццаць галоў. Каб быў час для селекцыі, вывучэньня патэнцыйных спаборнікаў, вызначэньне стратэгіі і шмат што яшчэ – улучна да экіпіроўкі. Час пайшоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?