Пра магчымы канкардат паміж беларускай дзяржавай і Каталіцкай царквой гаворка ішла з 2002 года, з таго самага моманту, як быў прыняты новы закон “аб свабодзе сумленьня” (цікавая назва – можна падумаць, што сумленьне залежыць ад закону). Але далей скупых радкоў з палосаў навін абмеркаваньне гэтай тэмы не ішло.

Можа я памыляюся, але ў мяне было такое адчуваньне, што вельмі мусіраваць тэму не было жаданьня ні з боку свабодных, ні з боку афіцыйных сродкаў інфармацыі.

Гэта ж яшчэ быў час вялікага сяброўства з усходнім суседам. У тым ліку да месца было з афіцыйнага боку паказаць, што ў Беларусі шануюць праваслаўе – галоўную і ідэнтыфікуючую канфэсію Расеі. Такая карціна на фоне магчымага аналягічнага канкардату з каталікамі неяк бы змазалася. Гэта з афіцыйнага боку.

А з боку апазыцыйнага таксама зразумела чаму. Тая ж схема, якую выкарыстоўвала дзяржаўная прапаганда, падыходзіла і ім. Толькі ў нэгатыўным адлюстраваньні – Беларусь здаюць Расеі, а канкардат з БПЦ - крок у гэтым напрамку. Ну і навогул, кажучы шчыра,любая прэса, калі нават аб’ектыўна і свабодная, суб’ектыўна часта знаходзіцца пад уплывам нейкіх хадавых стэрэатыпаў. У прынцыпе гэта натуральна – прэса, як накіраваная на сярэдняга абывацеля, і не бывае без стэрэатыпаў, дзе больш, дзе менш. У рэчышчы гэтых “апазыцыйных” стэрэатыпаў і разуменьня праваслаўя як “таталітарнай” канфэсіі, якой як раз да твару супрацоўніцтва з аналягічным рэжымам, больш утульна ўкладалася вэрсія, што канкардат з прасавецкай дзяржавай гэта ўнікальнае праваслаўнае мерапрыемства.

Я ужо калісьці гаварыў, што і сама Каталіцкая царква зьяўляецца вельмі тонкім палітычным стратэгам (у адрозьненьні ад Праваслаўнай, якая часта дзейнічае, як слон у пасуднай лаўцы). Таму, мне здаецца, і яе кіраўніцтва ня вельмі трубіла аб канкардаце, бо больш спадзявалася на прыватныя перагаворы з уладай, чым на публічнае абмеркаваньне. Для публікі было дастаткова кароткага і ненавязьлівага паведамленьня, што такі канкардат магчымы. Што і было яшчэ тады, пяць гадоў таму, і зроблена. А хто не прапусьціў, так гэта ягоная праблема.

І вось настаў час, калі палітычная сытуацыя спрыяе гэтаму пагадненьню. З Расеяй на нажах амаль, ужо не актуальна з ёй заігрываць. Рэжым шукае, чым бы гэта дагадзіць Захаду. А дахадзіць амаль што няма чым, бо Захад у першую чаргу патрабуе адпаведных зьменаў у дэмакратычным накірунку. Але выканаць такія патрабаваньні – гэта амаль што самагубства. Застаецца толькі зноў гуляць казырнай рэлігійнай картай.

Калі казаць па праўдзе, я ўжо думаў нават, што Каталіцкая царква на прыкладзе вынікаў праваслаўна-дзяржаўнага пагадненьня даўно зразумела, што толку ад канкардату будзе менш, чым праблемаў. Пагадненьні гэтыя застаюцца большасьцю толькі на паперы і выкарыстоўваюцца ўладай для свайго піяру. А царкве прыходзіцца аддувацца і апраўдвацца – чаму, ды як, ды навошта.

Але усё ж Каталіцкая царква пайшла па таму ж шляху, што і Праваслаўная. Магчыма гэта яшчэ і спосаб зьняць яўную напружанасьць, што існуе апошнія гады. Гэта тычыцца і ціску з боку ўлады наконт сьвятароў і манахаў з замежным грамадзянствам. Справа дайшла да такіх фактаў як высыланьне з краіны і некалькіх сьвятароў і манахіняў, а таксама судовай справы ў дачыненьні да сьвятара, які паслужыў імшу не на сваім прыходзе. У якасьці нейкай абразы прагучала пры гэтым тлумачэньне, што быццам гэта дзяржава клапаціцца аб тым, каб усталяваць на служэньне выпускнікоў мясцовых сэмінарыяў. Фактычна гэта нішто іншае, як грубае ўмяшаньне дзяржавы ў чыста ўласныя справы царквы.

Абвастрылася таксама і пытаньне аб вяртаньні Каталіцкай царкве касьцёла сьвятога Язэпа, што у самым цэнтры Менску. У гэтым годзе ўпершыню супраць пікетуючых каля касьцёлы былі спрабаваны гвалтоўныя сродкі.

Вось у такой атмасфэры рыхтуецца падпісаньне канкардату. Будзе цікава паглядзець, як на гэты раз праявіць свае стратэгічныя здольнасьці ватыканская дыпляматыя.

Дарэчы, такі цікавы факт. Як вядома, з дзяржавай пагадненьне падпісала сама Беларуская Праваслаўная Царква, а не Маскоўская Патрыярхія.

А вось з боку Каталіцкай царквы канкардат магчыма падпісаць на ўзроўню Ватыкану. Мясцовая каталіцкая адміністрацыя ня мае адпаведных паўнамоцтваў. Такім чынам атрымліваецца, што БПЦ, якую так часта абвінавачваюць ў залежнасьці ад замежнага кіруючага цэнтру істотна больш самастойная як суб’ект права, чым Каталіцкая царква ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?