У Беларусі рост зарплат апярэдзіў прадукцыйнасць працы на 17,3 працэнтнага пункта ў студзені—жніўні гэтага года. Такія даныя прыводзяцца ў аглядзе, падрыхтаваным Міністэрствам эканомікі.

Прадстаўнікі міністэрства канстатуюць, што сёлета «на высокім узроўні захоўваецца рост даходаў насельніцтва». «Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў цэлым па рэспубліцы склала ў жніўні 2013 года 5 млн. 547,1 тыс. рублёў (на 1,7% больш, чым у ліпені). У доларавым выражэнні заработная плата ў жніўні дасягнула сваіх максімальных значэнняў з пачатку 2010 года — 621 долар ЗША», — гаворыцца ў аглядзе Міністэрства эканомікі.

У рэальным выражэнні, канстатуюць спецыялісты міністэрства, заработная плата ўзрасла на 19,5% да студзеня—жніўня 2012 года. Пры гэтым у будаўніцтве зарплата ўзрасла на 35,6%; у гандлі — на 23,5%; у сельскай гаспадарцы, паляванні і лясной гаспадарцы — на 25,0%; на транспарце і ў сувязі — на 22,2%; у прамысловасці — на 18,3%.

«Па-ранейшаму захоўваецца значны разрыў у тэмпах росту прадукцыйнасці працы і рэальнай заработнай платы — 17,3 працэнтнага пункта ў студзені—жніўні 2013 года», — звяртаюць увагу прадстаўнікі Мінэканомікі.

Варта зазначыць, што на наступны год беларускія ўлады зноў паставілі задачу апераджальнага росту зарплат над прадукцыйнасцю працы, якая не была выкананая сёлета.

Згодна з праектам указа прэзідэнта, які падрыхтаваў урад, рэальныя (з улікам інфляцыі) даходы насельніцтва ўзрастуць на 6% у 2014 годзе. Разам з тым рост прадукцыйнасці працы ў наступным годзе павінен скласці 9,4%.

Як паведамлялася раней, рост зарплат сёлета ў значнай ступені абумовіў рост затрат прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Згодна з данымі Белстата, за першую палову гэтага года затраты беларускіх прадпрыемстваў на вытворчасць прадукцыі (работ, паслуг) павялічыліся на 15,4% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Пры гэтым, як зазначае статкамітэт, у першым паўгоддзі 2013 года ў параўнанні са студзенем—чэрвенем 2012 года адбылося змяншэнне долі матэрыяльных затрат пры павелічэнні ўдзельнай вагі затрат на аплату працы ў агульным аб'ёме расходаў прадпрыемстваў на вытворчасць прадукцыі.

Так, доля матэрыяльных затрат знізілася з 71,9% у першым паўгоддзі 2012 года да 65,5% за аналагічны перыяд гэтага года. Разам з тым удзельная вага затрат прадпрыемстваў на аплату працы павялічылася з 13,1% у першым паўгоддзі 2012-га да 16,9% у студзені—чэрвені 2013 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?