Выявілася, што я разам з беларускім народам дэстабілізую фінансавы рынак краіны. Так нас папікае Лукашэнка. Прызнаюся, я таксама скупляю валюту на ашчаджаныя беларускія рублі са свайго заробку, а гэта, па словах Рыгоравіча, прывядзе да новай дэвальвацыі рубля.

Усё ж кіраўніцтва нашай краіны жыве ў нейкім асобным свеце, які спрабуе навязаць і нам. Мы ж проста побач з тымі гучнымі заявамі прачытаем іншыя загалоўкі навінаў: «У Беларусі з 5 кастрычніка на 10% даражэе хлеб», «Газ і ацяпленне даражэюць з 1 кастрычніка», «З 1 кастрычніка даражэе праезд у грамадскім транспарце», «За гарадскім транспартам даражэе і прыгарадны», «З 1 кастрычніка вырастуць цэны на імпартныя цыгарэты», «Інфляцыя ў Беларусі ў 20,5 разу перавысіла сярэднееўрапейскую» і г.д.

Скажу шчыра, як і шмат хто з нашых людзей, (думаю, што падпішацца пад гэтымі словамі большасць беларусаў): валюту мы скупляем не таму, што хочам абваліць шматпакутны беларускі рубель. А таму што неяк спрабуем выратаваць свой заробак ад інфляцыі.

Што было б, калі б, даўшы веры Рыгоравічу, мы б не куплялі валюты з пачатку года, адкладалі лішкі ў беларускіх рублях? Гэта неяк паўплывала на падаражэнне паліва, электрычнасці ці прадуктаў? Кожны смаркаты двоечнік скажа, што не.

Таму мы проста ратуем сваё. Ці купіў бы я той самы тавар за студзеньскі заробак у кастрычніку? Мой знаёмы з зайздрасцю глядзіць на Украіну і Літву – іх валюта трымаецца дзясяткі гадоў на адным узроўні. Нашым суседзям скупка валюты сапраўды на патрэбная. А мы ж ужо забыліся, колькі разоў і колькі нулёў адразалі ад «зайца» з пачатку 1991 года. Хаця ў нас жа адрозная ад іншых краінаў эканамічная мадэль развіцця, і нам трэба спадзявацца, што ўсё ў нас будзе добра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?