ЗП "Брытыш-Амерыкан Табака Трэйдынг Кампаніі" і Гродзенская тытунёвая фабрыка (ГТФ) "Нёман" пачалі кантрактную вытворчасць цыгарэт міжнароднай маркі "Lucky Strike".

Як паведаміў генеральны дырэктар ГТФ Юрый Чарнышоў 20 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, з'яўленне на беларускім рынку новай маркі ў прэміум-сегменце стала "чарговым пацвярджэннем статусу фабрыкі як вытворцы высакаякаснай прадукцыі".

"У далейшым мы маем намер пашырыць наша супрацоўніцтва з БАТ у больш высокіх цэнавых сегментах, — заявіў Ю.Чарнышоў. — Для рэалізацыі гэтых праектаў ГТФ плануе ў будучым годзе набыць яшчэ адну сучасную цыгарэтна-упаковачную лінію коштам каля 5 млн. еўра".

"Lucky Strike" – першая марка вышэйшага цэнавага сегмента, вырабленая БАТ у Беларусі. Паводле слоў дырэктара ЗП "Брытыш-Амерыкан Табака Трэйдынг Кампані" Эдуарда Грамовіча, робіцца яна на новай лініі, якая сёння з'яўляецца самай сучаснай у краіне і здольная выпускаць цыгарэты вышэйшай якасці са звычайным або вугальным фільтрам, а таксама ўпакоўваць іх у розныя тыпы пачкаў. Гэта самая дарагая марка, што выпускаецца на тэрыторыі Беларусі па кантракце або ліцэнзіі: рознічная цана "Lucky Strike" складае 2.400 руб. На беларускім рынку марка будзе прадстаўлена ў дзвюх версіях — "Original Red" і "Original Silver", а таксама ў абноўленай упакоўцы.

"Мы прадугледжваем, што марка зойме 2,5—3% беларускага рынку, што дазволіць кампаніі ўмацаваць сваё лідэрства ў верхнім цэнавым сегменце", — сказаў Э.Грамовіч. Паводле яго слоў, у верасні плануецца вырабіць 160—150 млн. цыгарэт "Lucky Strike" кантрактнай вытворчасці, а да сярэдзіны кастрычніка яны з'явяцца "практычна ва ўсіх плацежаздольных гандлёвых пунктах" Беларусі.

У далейшых планах партнёраў – пачатак вытворчасці на ГТФ цыгарэт міжнароднай маркі "Kent".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?