Ноч. Трэці дзень мы едзем з Мінска. Па дарозе былі начоўкі ў Чэскім-Цешыне і Будапешце. А паміж імі экскурсія ў Вене. Змораныя, але ў чаканні мора. Мы не гатовыя стаяць на мяжы. Дык і не даводзіцца. Памежнікі так і не зайшлі ў аўтобус — пашпарты сабрала кіраўнічка групы. І толькі, калі дакументы вярнулі назад, пачаліся воклічы, што сапсавалі пашпарт, ляпнуўшы штамп на чыстай старонцы, у самым канцы. Але гатовыя дараваць усё. Мы — у Чарнагорыі.

Адпачынак у гэтай балканскай краіне планавалі наўмысна на верасень. Цэны крыху апускаюцца, ды людзей на пляжах куды менш.

Чарнагорыя — гэта суцэльныя горы. Вы пятляеце на вялізным аўтобусе па дарозе. Насустрач вылятаюць фуры, якія перавозяць легкавушкі. Справа — скалы, злева – прорва. І самае лепшае ў такой сітуацыі сядзець з заплюшчанымі вачыма. І захапляцца нашымі, з Барысава, кіроўцамі аўтобуса.

Найбольшы курорт на чарнагорскай Адрыятыцы — Будва. Туды мы і адправіліся. Расказваюць, што ў пік сезона адпачынкаў насельніцтва гарадка з дзесяці тысяч павялічваецца ў чатыры разы. Увосень усё інакш: гарадок паціху вымірае, хаця на пляжах хапае турыстаў. Але і свабодныя месцы ёсць.

Вада ў Адрыятычным моры моцна салёная. Калі пасля купання абсыхаеш, на целе застаецца соль. Але для тых, хто кепская плавае альбо зусім не ўмее, гэта толькі плюс, каб навучыцца — вада добра трымае.

Краіна хоць і славянская, але мова іхняя для нас не такая і зразумелая. Так, можна разабраць асобныя словы, фразы. Але спраўнай размовы не атрымаецца. Праўда, на ўзбярэжжы шмат хто валодае расійскай. Менавіта турысты з Расіі займаюць па колькасці першае месца. Другое, што цікава, у французаў, а трэцяе — у сербаў.

Дарэчы, у Будве ёсць і расейскамоўная школа. Выглядае, што гэта краіна, дзе расіян любяць і чакаюць. Хаця ў геапалітычным плане Чарнагорыя рыхтуецца вось-вось увайсці ў Еўрапейскі саюз, а не пашыраць супрацоўніцтва з Расіяй.

Чарнагорскія курорты недарагія. У Крыме, канечне, танней, але тут куды прыемней адпачываць. Мы браніравалі паездку яшчэ ў красавіку і атрымалі зніжку 60 еўра. У выніку на дваіх паездка каштавала 650 еўра (плюс шэнгенская віза для транзіту). Гэта 10 дзён на моры (пражыванне ў невялікім гатэлі, без харвачання), даезд на камфортным аўтобусе, тры транзітныя начоўкі ў гатэлях у Чэхіі і Венгрыі, экскурсіі па Вене і Будапешце ў суправаджэнні гіда. Да прыкладу, цягнік да Сімферопаля (плацкартны білет) каштуе 623 тысячы ў адзін бок на чалавека (туды і назад — 100 еўра).

Гэта невялікая краіна. Хто практыкуе не толькі пляжны адпачынак, можна праехацца ўглыб. Хто вольна адчувае сябе за рулём у гарах, узяць напракат аўто не праблема. 40 еўра за суткі, і наперад. Але існуе і шэраг экскурсій.

За 65 еўра можна адправіцца на рафтынг — сплаў па горнай рацэ. Рака Тара працякае на поўначы краіны, па самай мяжы Чарнагорыі і Босніі і Герцагавіны. У верасні, праўда, гэта не настолькі экстрымальны адпачынак, як у красавіку-маі: вада спадае. Два дзясяткі парогаў, эмоцыі пазітыўныя. Стаянкі, між іншым, адбываюцца на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны.

За 25 еўра можна на карабліку праплыць па усёй Бока-Каторскай бухце. Катор, Герцаг-Нові, касцёл на штучным рыфе…

Касцёл на штучным рыфе.

Старажытны Катор знаходзіцца ў гарах.

Што да расійцаў, то тут мае «летнюю рэзідэнцыю» сям’я экс-мэра Масквы Юрыя Лужкова.

Дом сям'і Лужкова.

Можна і на грамадскім транспарце паехаць у гістарычную сталіцу краіны – горад Цэцінье. За 3 еўра.

Тут, дарэчы, знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта Філіпа Вуянавіча. Можна пафатаграфаваць. Прэтэнзій ахова не выказвае.

Іншыя экскурсіі — наведванне каньёнаў (35 еўра), Бара і Ульцыня (25 еўра), дзённы круіз па Скадарскім возеры (28 еўра), па вечаровым — 35. Албанія з наведваннем сталіцы Тыраны — 35 еўра. Праўда, у Албанію патрэбна асобная віза. Па словах гідаў, могуць упусціць пры наяўнасці шматразовага шэнгена, але часам і адмаўляюць ва ўездзе.

Недалёка ад Будвы знаходзіцца візітоўка Чарнагорыі — востраў Святога Стэфана. Менавіта ён фігуруе фактычна на ўсіх гайдах пра краіну. Праўда, на сам востраў праход закрыты. Калі вы не здымаеце там апартаменты, то і не трапіце. Бо сярод гасцей — паважаныя людзі, якія плацяць за спакой, а не за натоўпы турыстаў пад вокнамі.

Побач з востравам два пляжы. Адзін бясплатны. А другі платны — 50 еўра. Але гэта не максімум. Крыху далей знаходзіцца пляж невялікай вілы, уваход на які каштуе 75 еўра. Нават не сам пляж, карыстанне шэзлонгам. А прайсці і легчы на пяску нельга.

Пляж за 50 еўра.

Да ківі можна дацягнуцца рукой.

Тут шмат садавіны, якая ў Беларусі не расце: ківі, гранаты, мандарыны…

Аліўкавае дрэва. Адна з версій менавіта такой назвы краіны праз іх. З вышыні гэтыя дрэвы выглядаюць ледзь не чорнымі. Аліўкі, дарэчы, у Чарнагорыі гаркавыя і дробныя. Да іх смаку не кожны можа прывыкнуць.

Што да ежы, то ў Чарнагорыі, можна сказаць, культ мяса. Яго ў стравах шмат. Гуляш, запечаная ягняціна, каўбаскі… Адну порцыю можна смела браць на дваіх. Калі на абед замаўляць толькі другое, абыдзецца ад 3-4 еўра.

Супы — ад 1,5 еўра. А калі замаўляць комлексны абед (суп, гарнір з мясам альбо рыбай, салата), ад 3,5 еўра. Але порцыі ў комплексах меншыя, чым калі браць паасабку. Але іх дастаткова, каб пад’есці аднаму чалавеку.

Цана за рыбу ў меню, як правіла, указваецца за кілаграм. Самая танная — стронга (8-9 еўра за кілаграм). З дарагіх распаўсюджана дарада (14 еўра). Але не бойцеся, што пададуць роўна кіло. Замаўляюць паштучна.

І нідзе не сустрэць чорнага хлеба. Хаця на рэкламе ў супермаркеце ён прысутнічае.

На вуліцах часта можна ўбачыць югаслаўскі аўтамабіль «Юга». Скапіяванае з ранніх мадэляў «Фіята» аўто нагадвае савецкі ЗАЗ — ён жа «Запарожац».

А «калекцыянеры» нумарных знакаў могуць убачыць тут аўто з краін, якія да Беларусі, здаецца, дабіраюцца рэдка. Албанія, Славенія, Македонія, Сербія, Харватыя…

Сезон летніх адпачынкаў хаця і скончыўся, але ўжо можна падумаць і пра наступны. Магчыма, наведаць без візы Чарнагорыю ў наступным годзе будзе апошняй магчымасцю. Хутка яна ўступіць у Еўрапейскі Саюз. А тады альбо адкрываць дадатковую візу пры даездзе па зямлі, што павялічыць выдаткі, альбо выбіраць іншы накірунак.

PS: Беларускія футбольныя фанаты пакінулі і ў Чарнагорыі па сабе памяць.

Цэны на рынку

Вінаград — 2,5-3 еўра за кг.

Свініна — 6-7 еўра за кг.

Пршут (вэнджаны кумпяк) — 9-12 еўра за кг.

Ракія — 5 еўра за 0,5 л.

Віно (Чарнагорыя) — ад 2 еўра за літр.

Марозіва — 60 еўрацэнтаў за шарык.

 

Цэны ў кавярнях

Кава — ад 1,5 еўра.

Піва — ад 1,5 еўра.

Віно (хатняе) — ад 10 еўра за літр.

Комплексны абед — ад 3,5 еўра.

Сняданак (шведскі стол) — ад 4 еўра.

Рыбнае асарці (рыба, кальмар, васьміног і іншыя морапрадукты — 1 кг) — 25 еўра.

 

Цэны на пляжы

Дыванок — ад 4 еўра.

Мяч — ад 5 еўра.

Арэнда шэзлонга і парасона — 5 еўра.

Прыбіральня — ад 30 еўрацэнтаў.

Масаж — 15 еўра за паўгадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?