12.10.2013 / 01:14

Што не спалілі ў печках: выстава старых беларускамоўных выданняў у Каўнасе 10

У рамках ІІІ Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі Беларускі музей ў Вільні зладзіў выставу сваіх скарбаў: старых беларускамоўных выданняў пераважна міжваеннага часу. Выстава праходзіць у будынку гуманітарнага факультэта Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне. Экспанаты выстаўленыя ў простых стэлажах, але нават з гэтага невялікага кнігасбору зразумела, наколькі разнастайнай была беларускамоўная выдавецкая справа ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя.

«У міжваенны час у Вільні выдавалася шмат мастацкай, навукова-папулярнай, дзіцячай літаратуры, друкаваліся падручнікі для школ. Выходзілі газеты: «Наша доля», «Наша Ніва», «Беларуская крыніца», «Сялянская ніва», «Самапомач», «Гоман», «Беларускі голас»; часопісы «Хрысціянская думка», «Шлях моладзі», «Калоссе», «Нёман»; гумарыстычны часопіс «Маланка»; дзіцячы часопіс «Заранка», «Пралескі» і інш.

З аповедаў віленскіх беларускіх дзеячоў, якія за сваю дзейнасць былі пакараныя сталінскімі лагерамі, усю беларускамоўную літаратуру, кнігі, газеты падчас следства іх прымушалі пад наглядам следчых спальваць у печках. Захоўванне кніг і газет было проста небяспечным для жыцця іх самых і іх блізкіх.

Беларусы хавалі кнігі ў самых неймаверных месцах. Так, Язэп Шнаркевіч свае дзённікі закапаў у зямлю. Толькі праз поўвеку, падчас будоўлі новага дома яго нашчадкі іх знайшлі. Таму прадстаўленыя вам кнігі і газеты прайшлі нялёгкі, пакутлівы шлях», — паведамляюць арганізатары.

Кнігі, прадстаўленыя на выставе, былі ахвяраваныя з прыватных калекцый, а таксама набытыя Беларускім музеем у Вільні. Выстава прысвечана Сяржуку Вітушку, якому належыць ідэя адраджэння Беларускага музея ў Вільні.

Кірыла Хілько, Каўнас

0
Алесь / Адказаць
12.10.2013 / 09:10
Дзякуй рэдакцыі, ажно вока цешыцца)
0
Напiльнiк / Адказаць
12.10.2013 / 11:11
Можа хто адважыцца перавыдаць з арыгіналу?
0
воўча / Адказаць
12.10.2013 / 14:47
Марка Твэн.. прыгожа гучыць. Дзесь мне абівалася аб вуха, што па-наску Марк - то Марка, пэўна як Ян - Янка.. ды толькі цяпер на свае вочы пабачыў. Дзякуй за цікавы артыкул! Дзякуй віленчукам, што захавалі!
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру