Лукашэнка запатрабаваў падрыхтаваць чэмпіянат свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску з 9 па 25 мая 2014 г., на самым высокім узроўні.

На гэтым ён заявіў на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення гэтага спаборніцтва.

«Патрабую ад усіх задзейнічаных галін максімальнай канцэнтрацыі высілкаў у завяршальны перыяд падрыхтоўкі, — падкрэсліў Лукашэнка. Мы абавязаны прадэманстраваць усёй сусветнай супольнасці высокую ступень арганізацыі чэмпіянату свету».

Да чэмпіянату засталося 200 дзён, і Лукашэнка запатрабаваў ад удзельнікаў мерапрыемства грунтоўныя і падрабязныя даклады па ўсіх напрамках, якія закранаюць працэс арганізацыі чэмпіянату.

«Было дастаткова часу, каб не толькі падрыхтавацца да цяперашняй нарады, але і вырашыць усе праблемныя пытанні па плане падрыхтоўкі. Мне патрэбна выразнасць і, самае галоўнае, што не зроблена і чаму», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, чэмпіянат свету — гэта не проста спартыўная падзея: «Гэта той момант, калі мы краіну выставім напаказ ўсяму свету. І якая будзе гэтая краіна, такое і меркаванне складзецца пра яе ва ўсім свеце.

Больш за тое, гэта сур'ёзнае эканамічнае мерапрыемства». Як мяркуе Лукашэнка, чэмпіянат свету «павінен прынесці сур'ёзную эканамічную аддачу, фінансавую аддачу».

«Таму чэмпіянат свету 2014 года — гэта сур'ёзная праверка і экзамен для ўсіх структур, — перакананы Лукашэнка.

— Тое, што мы павінны твар дзяржавы паказаць, узмацняецца і тым, што апошнім часам праблема паўстала перад усім светам палітызаванай».

Лукашэнка мяркуе, што людзі будуць ехаць не толькі паглядзець, як гуляе любімая каманда, паназіраць за гэтымі працэсамі, але ў іх падспудна, а можа і самым галоўным, будзе пытанне: што гэта за краіна, з якой хтосьці спрабаваў выключыць чэмпіянат свету.

Таму Беларусь павінна паказаць усім, што яна сапраўды Цэнтральнаеўрапейская цывілізаваная краіна. «Каб людзі ад нас, як гэта часта бывала, з'язджалі і казалі: гэта зусім нармальная краіна, горад, а не тое, што мы чыталі ў сродках масавай інфармацыі», - адзначыў Лукашэнка.

«Наша мэта — зрабіць так, каб знаходжанне гасцей у Беларусі было камфортным, а прапанаваны сэрвіс мог задаволіць самую патрабавальную публіку», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў асаблівую ўвагу надаць пытанням бяспекі людзей і адпрацоўкі ўзаемадзеяння экстраных службаў. Падзея павінна стаць для ўсіх запамінальнай і знакавай для Мінска.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асноўнае ўжо зроблена, а цяпер асаблівую ўвагу трэба надаць пытаннях, па якіх маюцца недапрацоўкі:

«Мяне цікавіць усё - ад стварэння неабходнай спартыўнай, транспартнай і гасцінічнай інфраструктуры, арганізацыі працы валанцёраў да падрыхтоўкі нацыянальнай каманды да паспяховага выступлення на чэмпіянаце свету. У нас яшчэ час ёсць, шмат што можна дарабіць, паправіць, калі што-то не так, як нам хацелася б».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?