Японская кампанія пачала продаж віна для катоў і котак пад назвай Nyan Nyan Noveau («Мяў-мяў новага ўраджаю»). Віно прадаецца ў пляшках аб'ёмам 180 мл і каштуе $4.
Nyan Nyan прызначана для катоў, чые гаспадары хочуць разам са сваім гадаванцам сустрэць святы, напрыклад Каляды або дзень нараджэння.
Алкаголю ў віне для катоў няма.
Напой утрымлівае вінаградны сок гатунку кабернэ з дадаткам вітамінаў і кашэчай мяты, эфірны алей якой выклікае ў котак рэакцыю, падобную да ўздзеяння валяр'яны. Першая партыя віна абмежаваная колькасцю бутэлек — іх усяго тысяча.
Раней кампанія запусціла ў продаж піва для сабак «Wan Wan Beer» («Гаў-гаў піва»), папулярнасць якога расце з кожным годам.