Сапёры абясшкодзілі 256 снарадаў, якія захоўваліся недалёка ад інстытута, дзе знаходзіцца столькі ўрану, што хопіць на пяць Хірасім. «Каб не хваляваць людзей», не паведамілі пра небяспеку нікому.

Раніцай у пятніцу на сайце інфармацыйнага агенцтва Interfax з’явілася інфармацыя, што ў пасёлку Сосны каля Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў знайшлі склад чорных капачоў з боепрыпасамі Другой сусветнай вайны. Пасля небяспечная знаходка была падарваная на полі.

Еўрарадыё вырашыла дазнацца, ці пагражала гэта бяспецы сталіцы,тым больш, што ў Соснах знаходзіцца столькі ўрану, што хопіць на пяць бомб, як у Хірасіме. Але пра небяспечную сітуацыю супрацоўнікі інстытуту нічога не ведаюць. Па словах сакратара галоўнага дырэктара Ніны Шапко, ніякай трывогі не было, і інстытут працуе ў звычайным рэжыме.

Ніна Шапко: У нас тут няма нічога падобнага, калі б склалася падобная інфармацыя, мы б адразу ж паведамілі ў МНС. Ну, няма нічога! Ад вас упершыню я чую пра гэта і не ведаю нічога пра матэрыял у Інтэрнэце аб боепрыпасах, але зараз зайду на сайт і пагляджу. Дарэчы, мясцовае радыё працуе лепей за ўсякіх там карэспандэнтаў і хутчэй распаўсюджвае інфармацыю. Калі б было нешта падобнае, ужо ўсе Сосны стаялі б на вушах, а так у нас цішыня, і ніхто нічога не ведае.

Намеснік дырэктара па кантрольна‑прапускным рэжыме Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў Васіль Сяневіч таксама ўпершыню пачуў ад Еўрарадыё пра тое, што сапёры размінірвалі Сосны пад бокам сховішча радыяцыі. На тэму, як працуе інстытут у надзвычайных сітуацыях, Васіль Васільевіч адмовіўся размаўляць.

Васіль Сяневіч: Навошта вам ведаць пра нашыя дзеянні па трывозе? Ну, самі падумайце?

Еўрарадыё патэлефанавала начальніку ўпраўлення інфармацыі і па сувязі з грамадскасцю МНС Кацярыне Самусенкавай‑Шэлегавай, каб удакладніць інфармацыю. Аказалася, што склад з боепрыпасамі сапёры падраздзялення «Алмаз» вывезлі ў поле і падарвалі. На пытанне, чаму пра гэта не ведаюць супрацоўнікі інстытута, бо яны павінны былі прымаць нейкія дзеянні ў выпадку здарэння, Кацярына Дзмітрыеўна спакойна заўважыла.

Кацярына Самусенкава‑Шэлегава: Бачыце, як адпрацавалі — нікога нават не пахвалявалі. Канешне, пагроза ёсць заўсёды, але калі гэта можна зрабіць, каб не падымаць лішнюю паніку і не хваляваць людзей — мы гэтага не паведамляем.

Кацярына Ярмалаева, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0