Беларусь павінна быць гатова да падаражання нафты і газу праз 4 гады ў сувязі з тым, што Расія праводзіць палітыку забеспячэння роўнадаходнасці ад рэалізацыі вуглевадародаў як унутры краіны, так і на знешніх рынках.

Аб гэтым заявіў сёння першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка на пленарным пасяджэнні XVIII Беларускага энергетычнага і экалагічнага кангрэса.

Уладзімір Сямашка растлумачыў, што дзякуючы дамоўленасцям на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і стратэгічнаму ўзроўню партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй расійскія нафта і газ цяпер пастаўляюцца ў Беларусь па цэнах намнога больш выгадных, чым ва Украіну і краіны Еўрасаюза. «Такі ўзровень цэн забяспечваецца пагадненнямі 2010 года, але не заўсёды так будзе», - адзначыў першы віцэ-прэм'ер.

Ён падкрэсліў, што чаканы рост цэн будзе датычыцца не толькі Беларусі, але і самой Расіі: «На працягу шэрагу гадоў там амаль на 15 працэнтаў за год павышаліся цэны на газ і нафту на ўнутраным рынку, каб забяспечыць роўнадаходнасць ад рэалізацыі вуглевадародаў, і яны планавалі выйсці на сусветны ўзровень цэн ужо да 2015 года».

Аднак цяпер, паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, гэты працэс прыпынены, таму што ўнутрырасійскія спажыўцы пачалі адчуваць рост цэн і тарыфаў у энергетыцы. «Цяпер ужо ідзе размова аб тым, што Расія выйдзе на сусветны ўзровень цэн да 2018 года, а значыць, з ёй і мы, і час, які застаўся, неабходна максімальна выкарыстаць для павышэння ўзроўню энергаэфектыўнасці ў краіне», - растлумачыў першы віцэ-прэм'ер.

Каменціруючы дасягненні Беларусі ў сферы энергаэфектыўнасці, Уладзімір Сямашка нагадаў, што сёння па ўзроўнях энергаёмістасці ВУП, энергаэфектыўнасці, выкарыстання мясцовых відаў паліва, зносу асноўных фондаў і мадэрнізацыі энергакрыніц Беларусь добра выглядае ў параўнанні з суседнімі краінамі і імкнецца дасягнуць паказчыкаў сусветных лідараў у сферы энергаэфектыўнасці, перш за ўсё Канады, дзе кліматычныя ўмовы падобныя.

Многае трэба зрабіць і ў буйной энергетыцы, і ў мясцовай, і ў прамысловасці, і сацыяльнай сферы, каб эканоміка Беларусі заставалася канкурэнтнай.

Першы віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што ўрад і кіраўніцтва краіны ў цэлым добра разумеюць, куды трэба рухацца і што трэба рабіць для павышэння энергаэфектыўнасці, важна, каб падыходы, якія прымяняюцца, разумелі і падзялялі работнікі вытворчасці, прадпрымальнікі і насельніцтва ў цэлым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?