У рэдакцыю «НН» звярнуўся чытач Дзмітры, які быў абураны немагчымасцю аплаціць камунальныя паслугі ў паштовым аддзяленні.

«У мяне ёсць картка VISA Classic расійскага «Сбербанка». Я хацеў заплаціць камунальныя паслугі ў паштовым аддзяленні №118 горада Мінска, аднак картку да аплаты не прынялі.

Сказалі, што цяпер абслугоўваюцца толькі карткі, эмітаваныя трыма беларускімі банкамі, і мой банк, зразумела, не ўваходзіць у іх лік. Гэта поўны абсурд, бо VISA Classic — міжнародная плацежная сістэма. На сацыялістычнай Кубе гэту картку прымалі паўсюль, а на «Белпошце» — не!» — паскардзіўся ён.

Таксама Дзмітры даслаў у рэдакцыю фота паперы, якую яму выдалі на пошце. У ёй тлумачыцца, што «ў сувязі сканчэннем дагаворных адносінаў з Прыёрам на абслугоўванне трымальнікаў картак іншых банкаў» РУП «Белпошта» будзе абслугоўваць толькі карткі, эмітаваныя «Белаграпрамбанкам», «Прыёрбанкам» і «Беларусбанкам».

Карткі астатніх банкаў не абслугоўваюцца. Да таго ж карткі «Беларусбанка» не абслугоўваюцца ў плацежна-даведчых тэрміналах «Белпошты».

У фінансавым аддзеле прадпрыемства пацвердзілі, што «з 11 кастрычніка 2013 года ў сетцы РУП «Белпошта» аплата паслуг вырабляецца толькі банкаўскімі аплатнымі карткамі нацыянальнай плацежнай сістэмы БелКарт, міжнародных плацежных сістэм VISA International і MasterCard (Maestro) ААТ «Белгазпрамбанк», ААТ «Прыёрбанк» і ААТ «АСБ Беларусбанк»».

«НН» спытала ў намесніка генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алены Скрыпчык, ці хутка трымальнікі картак астатніх банкаў змогуць аплаціць паслугі пошты безнаяўным разлікам.

«НН»: Чаму цяпер выключна трымальнікі картак толькі трох банкаў могуць карыстацца безнаяўным разлікам?

Алена Скрыпчык: На сённяшні дзень у паштовых аддзяленнях прымаюцца толькі карткі сістэмы «БелКарт» і карткі «Белгазпрамбанка», «Прыёрбанка» і «Беларусбанка». Таксама кліенты могуць аплаціць паштовыя паслугі гатоўкай.

«НН»: Што адбылося 11 кастрычніка? «Белпошта» пратэрмінавала дамову на абслугоўванне картак іншых банкаў ці праз нейкія прычыны не падаўжала яе?

АС: Я не магу казаць пра тое, што было раней. Я кажу пра сітуацыю сёння. Як я ўжо патлумачыла: вы можаце аплаціць паслугі карткамі вышэйзгаданых банкаў ці наяўнымі.

«НН»: Ці працуе «Белпошта» над выпраўленнем сітуацыі і паляпшэннем зручнасці аплаты і сервісу? Каб трымальнікі картак усіх банкаў маглі карыстацца безнаяўным разлікам.

АС: Кліентам «Белпошты» зручна аплачваць паслугі наяўнымі. Калі нешта зменіцца, мы паведавім сваім кліентам. Увогуле РУП «Белпошта» пастаянна працуе над паляпшэннем якасці сваіх паслуг.

Варта адзначыць, што змены ў парадку безнаяўнага разліку, якія набылі сілу 11 кастрычніка, «Белпошта» шырока не анансавала. Прынамсі на сайце кампаніі пра гэта не гаворыцца. Таму, уладальнікам картак іншых банкаў прыйдзецца спачатку зняць наяўныя ў банкамаце ці банкаўскім аддзяленні і толькі пасля гэтага ісці на пошту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?