21.09.2007 / 17:37

Гомельскага апазыцыянера пасадзілі на час «Дажынак»

Грамадзянін Жукоўскі прыйшоў на тэлебачаньне, абвінавачваў афіцыйных журналістаў у няпраўдзе і, апроч таго, размаўляў на беларускай мове. Суд вырашыў ізаляваць яго ад грамадзтва.

Такі прыгавор вынесла суддзя Цэнтральнага раённага суда Марына Дамненка. Жукоўскі прызнаны вінаватым у дробным хуліганстве. Сведкамі на працэсе выступілі інжэнер Гомельскай тэлерадыёкампаніі Андрэй Парфёнаў і ахоўнік Андрэй Лапіцкі.

Падчас судовага паседжання Парфёнаў заявіў, што грамадзянін Жукоўскі прыйшоў на тэлебачанне, гучна размаўляў і патрабаваў кнігу скаргаў. Тым самым, на думку Парфёнава, ён перашкаджаў працы абласнога радыё і мантажнай аператарскай. Ахоўнік Лапіцкі пацвердзіў гэтыя паказанні. Як адзначылі сведкі, спадар Жукоўскі ў размове з супрацоўнікамі тэлерадыёкампаніі не брыдкасловіў, а толькі абвінавачваў афіцыйных журналістаў у няпраўдзе і, апроч таго, размаўляў на беларускай мове.

Кастусь Жукоўскі ў адказ паведаміў, што на «Дажынкі» ехаць не збіраецца, таму яго можна адпусціць. Таксама лідэр мясцовай суполкі партыі Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, якая зараз ствараецца ў Беларусі, запатрабаваў ад суддзі, каб яна прадаставіла яму кнігу скаргаў з тэлерадыёкампаніі. Аднак Марына Дамненка адмовіла спадару Жукоўскаму ў гэтай просьбе.

Юлія Сівец, Радыё Рацыя

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру