16.10.2013 / 21:58

У Магілёве заданне па росце зарплаты перавыканана

У Магілёве перавыкананы прагнозны паказчык па росце сярэдняй заработнай платы. Пра гэта было заяўлена 16 кастрычніка на пасяджэнні Магілёўскага гарвыканкама. 

"Перавыканана заданне па росце заработнай платы. За восем месяцаў яна склала 4 млн. 835 тыс. рублёў. У жніўні — 5 млн. 424 тыс. рублёў", — паведаміла ў сваім дакладзе начальнік гарадскога ўпраўлення эканомікі Ала Багаценка. 

Як было адзначана на пасяджэнні, перавышэнне склала прыкладна 20% ад прагнозу. 

Паводле слоў старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава, акрамя паказчыка па росце зарплаты, горад выканаў яшчэ два з шасці прагнозных паказчыкаў — прамыя замежныя інвестыцыі і энергазберажэнне. 

Сярод праблем, якія былі пазначаны на пасяджэнні, — невыкананне паказчыка па экспарце паслуг. Прычынай невыканання кіраўнік гарадской выканаўчай улады назваў зніжэнне аказання транспартных паслуг прадпрыемствамі горада. 

У эканоміцы Магілёва з пачатку года адзначаецца зніжэнне росту аб'ёмаў вытворчасці. З больш як 60 прадпрыемстваў горада 24 спрацавалі са стратамі і знізілі аб'ёмы вытворчасці.

"Лідарам сярод непаспяховых застаецца "Магілёўхімвалакно", — адзначыла Багаценка. 

У студзені—жніўні 2012 года ў Магілёве было 17 стратных прадпрыемстваў. Сёлета іх 24, прычым 9 — прамысловыя. 

Што датычыцца паступленняў у бюджэт горада, то з пачатку года ў яго паступіла прыкладна 1,5 трлн. рублёў, што складае 70,5% ад гадавога плана, паведаміла начальнік фінансавага ўпраўлення Магілёўскага гарвыканкама Эльміра Варапаева.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру