У 1938-м яго забралі ў японскае войска, а праз год ён удзельнічаў у баявых дзеяннях японскай Квантунскай арміі супраць РСЧА на рацэ Халхін-Гол. Там ён упершыню трапіў у палон. Савецкі.

Чатыры карэйцы з батальёна «Ост».

Чатыры карэйцы з батальёна «Ост».

Ян Кёнджон у часовым лагеры для ваеннапалонных на пляжы «Юта».

Ян Кёнджон у часовым лагеры для ваеннапалонных на пляжы «Юта».

Як і большасць палонных японскіх жаўнераў, Ян апынуўся ў адным з далёкаўсходніх лагераў сістэмы ГУЛАГ.

У 1942-м годзе, калі Савецкаму Саюзу было не да сантыментаў, і ён выграбаў усе даступныя чалавечыя рэсурсы на вайну «не числом, а умением», Ян Кёнджон з зк ператварыўся ў жаўнера РЧСА. А ў 1943-м, падчас катастрофы пад Харкавам (якая зрабілася да таго часу традыцыйнай і штогадовай) ён зноўку трапіў у палон. Гэтым разам – да вермахту.

У нямецкім лагеры ён чарговы раз змяніў уніформу, прыняўшы прапанову далучыцца да аднаго з «усходніх батальёнаў», якія фармаваліся нямецкім камандаваннем з савецкіх ваеннапалонных. У складзе гэтага батальёна ён быў накіраваны на захад – у Нармандыю. Там Кёнджон, які паспеў за свае 24 гады паслужыць у трох арміях трох дзяржаваў, быў захоплены амерыканцамі.

Па логіцы ён мусіў надзець форму арміі ЗША, але замест гэтага, дасядзеўшы да канца вайны ў ангельскім лагеры, проста эміграваў за акіян. Там ён і пражыў да самой смерці ў 1992 г., так і не расказаўшы сваёй гісторыі нікому, нават сваім дзецям. Аднавіць яе атрымалася толькі пасля ягонай смерці, чаму пасадзейнічаў фотаздымак, зроблены ў чэрвені 1944-га ў часовым лагеры для ваеннапалонных на пляжы «Юта».

Ян Кёнджон быў не адзіным карэйцам з такім лёсам.

На Халхін-Голе ў савецкі палон трапіла каля 1000 карэйцаў, якія потым апынуліся ў ГУЛАГу. У 1943-м пад Харкавам на савецкім баку ваявала каля дзвюх соцень з гэтых карэйцаў. Каля сотні трапілі ў палон да немцаў. З іх каля 80 уступілі ў батальён «Ост», які быў уключаны ў склад 709-й пяхотнай (гарнізоннай) дывізіі вермахту, якая несла службу ў Нармандыі, у раёне Шэрбура.

709-я пяхотная і так мела невялікую баяздольнасць, а праца з рыдлёўкамі замест аўтаматаў хутка вынішчала і тыя кроплі вайсковай вартасці, якія яшчэ захоўваліся ў некаторых яе аддзелах. Таму штурм пляжа «Юта», які абараняўся 709-й, прывёў да вялікіх стратаў у яе шыхтах. Па данясенні камандавання, у баях з 4-й пяхотнай дывізіяй ЗША 709-я страціла 4 тыс. жаўнераў з 12 тыс. асабістага складу. Парэшткі дывізіі здаліся ў палон.

А яшчэ да гэтага рота «Е» 506-га парашутнага палка арміі ЗША захапіла ў палон чатырох карэйцаў, якія былі адпраўленыя ў часовы лагер на пляж «Юта». Сярод іх быў і Ян Кёнджон. Лёс астатніх карэйцаў застаўся невядомым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?