На "Дажынках" афіцыйны кіраўнік пасьля доўгай паўзы выказаўся на тэму стасункаў з Расеяй. Адчувалася ўнутраная калізія. З аднаго боку, ня хочацца дражніць гусей у Крамлі. Разам з тым, ілюзіяў няма, і трэба псыхалягічна рыхтаваць электарат да непазьбежнай бітвы за газ.

Таму Лукашэнка хоць і ўзнагародзіў дзяжурным камплімэнтам новага прэм'ера Зубкова (маўляў, валявы чалавек і пісьменны эканаміст), але тут жа зазначыў, што радыкальных зьмен у двухбаковых дачыненьнях ад гэтага прызначэньня не чакае. Зразумела, у пытаньнях вялікай палітыкі Зубкоў там вырашае наўрад ці болей, чым у нас Сідорскі.

Ну а газавая тэма справакавала ўсё ж жорсткія заявы. Кшталту той, што "Газпром" яўна нажываецца на нашай краіне". Маўляў, даходнасьць практычна такая, як пры пастаўках у Нямеччыну. "Налета яны хочуць падняць цану яшчэ на 15-20%. То бок, даходнасьць у Беларусі будзе для Расеі яшчэ вышэйшай, чым у Нямеччыне. Я ня ведаю, у чым мы так правініліся перад кіраўніцтвам Расеі", — дадаў беларускі кіраўнік.

Эканамісты, мусіць, паспрачаюцца з разьлікамі: усё ж 100 даляраў для нас і 240 для немцаў — розьніца вельмі вялікая, тут на адну толькі адлегласьць, на так званае "плячо" ня сьпішаш. Але халера зь імі, зь лічбамі! Заява мае іншы — псыхалягічны разьлік. Не выпадкова ў параўнаньні фігуруе менавіта тая краіна, у вайне супраць якой некалі "разам гнілі ў акопах". Закранае струны, асабліва ў старэйшых.

Але як ні круці, а немцы плацяць спраўна, і да іх прэтэнзій ніякіх. Затое — во дзе сапраўды гістарычныя грымасы! — рэальнасьцю сталі газавыя войны між фармальнымі хаўрусьнікамі.

Вось і зараз ужо чуюцца далёкія грымоты. Дэкляраваны намер на перамовах з "Газпромам" жорстка прытрымлівацца нацыянальных інтарэсаў. Хаця вынік чарговай калізіі не відавочны. Максымум абяцанага палягае у тым, што "кантракт мы пастараемся пасьпець падпісаць да бою крамлёўскіх курантаў". Няўжо будзе дэжа-вю?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?