20.10.2013 / 09:03

За што каралі смерцю сялян-­паўстанцаў у 1863-м 19

Піша Васіль Герасімчык.

Падлікі даюць розныя лічбы. Польскі гісторык Веслаў Кабан кажа пра 55% сялян сярод паўстанцаў. (Ён аналізуе спісы сялян, сасланых у Сібір).

У нашай гістарычнай навуцы прынятыя за аснову падлікі гісторыка Сусаны Самбук: 18% сялян сярод паўстанцаў. З іх 33% прыходзіліся на Гарадзеншчыну, 27% на беларускія паветы Віленскай губерні, 20% на Мінскую, 13% на Магілёўскую, 7% на Віцебскую.

Яшчэ адзін крытэр — сацыяльнае паходжанне паўстанцаў, пакараных смерцю. З 180 асоб з тэрыторыі сённяшняй Беларусі, Літвы і Беласточчыны 43 — сяляне, што складае каля 24%.

Але ўсе лічбы недакладныя. Бо спецыяльны царскі цыркуляр дазваляў не караць сялян, якія на судзе паказвалі пакаянне, гаварылі, што ўдзельнічалі ў паўстанні пад прымусам. Не можа наяўная статыстыка і паказаць сітуацыю ў кожным з дзеючых атрадаў. І апошняе: немагчыма вызначыць, колькі сялян было забіта і паранена ў сутычках. Іх імёны зніклі разам з імі.

Пішуць пра дапамогу сялянаў уладам. Але пра тое, што сяляне, якія выдавалі паўстанцаў, атрымлівалі за гэта грошы, звычайна «забываюць».

Каб стварыць максімальна блізкую да рэчаіснасці 1863­га карціну падзей, трэба ўлічваць факты падтрымкі сялянамі як паўстанцаў, так і расейскіх уладаў. І адказаць на пытанне: чаму так адбывался. Паспрабаваць зірнуць на падзеі вачыма тутэйшага селяніна, якому былі далёкія як ідэя «аднаўлення Рэчы Паспалітай», так і змаганне з «польскай інтрыгай».

Нам вядомыя імёны сялян, пакараных смерцю ў межах сучаснай Беларусі. Паспрабуем пабачыць паўстанне праз іх лёсы.

Дэзерцір Адамовіч

15 чэрвеня 1863 у Брэсце быў расстраляны збеглы з войска Станіслаў Адамовіч. Адамовіч паходзіў з сям’і збяднелага шляхціча Люцынскага павета Віцебскай губерні, які ў часы разбору шляхты не здолеў пацвердзіць свае правы і быў залічаны да сялян.

Адамовіча забралі ў салдаты, ён неаднаразова збягаў — беспаспяхова. Пашанцавала толькі ў 1863­м, падчас маршу яго Мурамскага палка пяхоты паміж Варшавай і Гроднам.

Ён далучыўся да паўстанцаў, браў удзел у нападзе на пінскі паштовы экіпаж, спаленні моста праз Ясельду, у захопе Пружанаў і забойстве двух салдат інваліднай каманды.

Пасля разгрому атрада Адамовіч быў схоплены і павінен быў атрымаць 11 гадоў катаргі. Але Мураўёў уласнаручна змяніў прысуд на расстрэл.

За што жорсткі прысуд шараговаму дэзерціру? Мураўёў, відаць, разумеў, што дысцыпліну ў войску неабходна трымаць любым коштам. Войска ж складалася з рэкрутаваных сялян, да якіх паўстанцы ўвесь час шукалі падыход... Гэтым абумоўлены і жорсткі прысуд часова звольненаму драгуну Яну Жмачынскаму, які быў расстраляны ў Мінску.

Букет ад Камілы

32-гадовы Жмачынскі належаў да ліку «вольных людзей» на землях графа Эмерыка Чапскага ў Мінскай губерні. У 1855—1859 ён служыў у Лейб­драгунскім маскоўскім палку, пасля быў часова звольнены. З пачаткам паўстання на Міншчыне ўступіў у атрад Антона Трусава, які напярэдадні паўстання ўзначальваў грамадзянскую адміністрацыю Мінскага ваяводства. Трусаў насіў сялянскую світку і казаў, што яго мэта — «дасягнуць роўнасці ў класах народа».

У складзе атрада Жмачынскі знаходзіўся ўсяго два тыдні: у баі каля вёскі Сініла ён і яшчэ сямёра паўстанцаў (шэсць чыноўнікаў мінскага суда і адзін кантаніст [габрэйскі хлопчык, забраны ў рэкруты]) трапілі ў палон. Падчас следства Жмачынскі намагаўся ўратаваць сябе: казаў, што яго напаілі гарэлкай і завялі ў лес, дзе, баючыся за сваё жыццё, ён прысягнуў на вернасць паўстанню.

Суд даў яму 6 гадоў катаргі. Але Мураўёў уласнаручна змяніў прысуд на расстрэл.

Як апісвалі відавочцы, калі Жмачынскага вялі на страту, «дваранка Каміла Марцінкевіч, якая займалася навучаннем дзяцей, кінула з акна злачынцу букет кветак, патлумачыўшы пазней, што яна заўсёды зрабіла б гэта. Дзяўчына Марцінкевіч ёсць тая самая, якая ў 1861 г. першая заспявала рэвалюцыйны гімн і з акна яе кватэры ў час прагулкі быў абліты з урыльніка губернатар Келер». Так, Каміла Марцінкевіч — дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Швейк 1863-га

Яшчэ адзін салдат — 41-гадовы Юзаф Урбановіч — быў растраляны ў Гродне праз чатыры дні пасля павешанага ў Вільні Кастуся Каліноўскага.

Урбановіч нарадзіўся ў вёсцы Дзвір Новааляксандраўскага павета на тэрыторыі сённяшняй Літвы. У расейскім войску ён быў конюхам Капорскага палка пяхоты. Калі яго полк знаходзіўся ў мястэчку Пільвішкі Аўгустоўскай губерні, Урбановіч запатрабаваў сабе стрэльбу для абароны ад магчымага нападу паўстанцаў. Атрымаўшы яе, у той жа дзень збег і далучыўся да атрада Калыскі. Тры месяцы Урбановіч змагаўся супраць расейскіх войскаў, пакуль у адной з сутычак не быў схоплены.

На допытах ён не назваў ні прозвішчаў паўстанцаў, ні прозвішчаў тых, хто ім дапамагаў. Ваенна­следчая камісія прыгаварыла Урбановіча да расстрэлу, але хадайнічала «аб змякчэнні Урбановічу пакарання па абсалютнай яго разумовай неразвітасці». Аднак Мураўёў не саступіў і тут.

Расстрэл Урбановіча апісаў расійскі вайсковы лекар І. Мітрапольскі. «[Брама] хутка адкрылася і я ўбачыў асуджанага. Бледны, з мутнымі, нежывымі вачыма, несамавіты, нізенькага росту, падтрыманы салдатам, ён, здавалася, не ўсведамляў, што з ім адбываецца, і рухаўся машынальна. Раздалася каманда; асуджанага акружылі салдаты; каля яго з’явіўся ксёндз з крыжам і кнігаю ў руках, і картэж рушыў...

Што мог гаварыць ксёндз паляку, які ішоў на пакаранне смерцю за польскую справу? Не аб раскаянні, вядома, не аб прабачэнні здзейсненага злачынства тут магла ісці гаворка, а аб вянку пакутніцкім, арэоле славы, аб малітвах і дабраславенні Айчыны, пра тое, што дае чалавеку моц не толькі без страху, але і радасна сустракаць смерць...

Паказаўся слуп, і перад ім выкапаная яма; раздалася каманда, узялі на каравул, прачыталі прысуд і прыступілі да апошняй падрыхтоўкі асуджанага. Я падышоў у гэты час да камандуючага цырымоніяй штаб­афіцэра і спытаў яго, які тут мой абавязак? «Калі памрэ, паглядзіце, ці жывы»...

Грымнулі, як адзін, дванаццаць стрэлаў, і прывязаны да слупа чалавек, уздрыгнуўшы, здаецца, кожным мускулам свайго цела, схіліў галаву. Я падышоў да яго, падняў уверх павязку і зірнуў у збялелы, з заплюшчанымі вачыма твар, па якім прабягалі яшчэ дробныя сутаргі. І твар гэты застаўся ў памяці маёй да цяперашняга часу.

Закрыўшы яго зноў павязкаю, я падышоў да афіцэра павольным крокам, таму што ногі мае дрэнна мяне слухаліся, прыклаў руку да брыля і адрапартаваў: «Мёртвы!»

Ці гэтае слова само па сабе, ці тон, якім яно было вымаўлена, а можа быць, і выгляд мой, які выказваў глыбокае нервовае ўзрушанне, прымусілі афіцэра здрыгануцца і адвярнуцца ад мяне...»

Расстрэл Урбановіча адбыўся ў Гродне за Скідальскай заставай, дзе ён спачатку і быў пахаваны. На гэты конт гісторык Алесь Радзюк знайшоў цікавы дакумент: «Цела Урбановіча перададзена зямлі на месцы пакарання, а 10­й гадзіне ўвечары ў той жа дзень па распараджэнні паліцмайстра перавезена ў суседні лес…».

Прапагандысты Цюхна і Талінскі

Два гады пасля адмены прыгоннага права беларускія сяляне чакалі рэальных зменаў свайго стану — перадачы зямлі ва ўласнасць без патрэбы адпрацоўкі павіннасцяў на карысць пана.

А па вёсках ішлі пагалоскі пра паўстанне. Яго пашыралі пераапранутыя ў вясковае адзенне рэвалюцыянеры: Кастусь Каліноўскі (вядомы пад мянушкай Васіль Світка), Фелікс Ражанскі, іншыя. Былі сярод прапагандыстаў і сяляне.

Адзін з іх, Мацей Цюхна са Слонімскага павета, па загадзе Мураўёва быў расстраляны ў Саколцы за заклік да паўстання і чытанне перад сялянамі паўстанцкага маніфеста.

Яшчэ адзін селянін, 32-­гадовы Дамінік Талінскі з вёскі Жаўткі Беластоцкага павета, быў страчаны ў Гродне за падбухторванне да паўстання і ўдзел у павешанні лесніка Юстыновіча.

Чацвёра павешаных за святара

Надзею на тое, што новы царскі маніфест усё ж будзе, спрабавалі абуджаць у сялянах праваслаўныя святары. Яны вінавацілі паноў ва ўсіх бедах вяскоўцаў і падтрымлівалі легенду пра «добрага цара­бацюшку». Нездарма атрады, створаныя абшарнікамі, вылучаліся жорсткасцю ў дачыненні да святароў. Сярод іх — атрад, арганізаваны памешчыкам Баляславам Свентарэцкім у яго маёнтку Багушэвічы.

Свентарэцкі 1 мая 1863 прыйшоў у валасное праўленне маёнтка, сарваў са сцяны партрэт Аляксандра ІІ і абвясціў сялянам, што з гэтага часу адноўлена Рэч Паспалітая. Яго атрад, нягледзячы на ўпартыя дзеянні супраць расейцаў, не меў шырокай падтрымкі ў сялян, сярод якіх быў моцным аўтарытэт святароў. Асабліва актыўна супраць паўстання выступаў святар з Багушэвічаў Данііл Канапасевіч.

4 чэрвеня 1863 паўстанцы выцягнулі Канапасевіча на двор і павесілі на перакладзіне брамы. У хаце заставаліся жонка і трое малых.

Праз паўгода ў гэтай жа вёсцы былі павешаныя чацвёра ўдзельнікаў таго пакарання: шляхціцы Баляслаў Юзаф Акуліч і Альбін Тальшэўскі і мясцовыя сяляне Аляксандр Падалецкі і Якуб Саковіч, лёкай Свентарэцкага.

Тэрорам на тэрор

Расейскія ўлады на заключным этапе паўстання ператваралі барацьбу з ім у сімвалічны акт «вока за вока»: паўстанцаў каралі на месцы ўчыненых імі забойстваў расейскіх служачых. Так было ў Кобрыне, Багушэвічах, Шарашове Пружанскага павета. У кожным з пералічаных выпадкаў сярод пакараных былі сяляне.

17 кастрычніка ў Кобрыне на плошчы былі павешаныя шляхціч Фелікс Пятроўскі і сяляне Фелікс Гарушэўскі і Тэадор Трафімчук.

Трафімчук з Бельскага павета браў удзел у бітве пад Мілавідамі. Пазней быў схоплены і абіванавачаны, у дадатак да знаходжання ў паўстанцкім атрадзе і змаганне з расейскімі войскамі, у павешанні дэмісаванага салдата.

Гарушэўскі, народжаны ў сям’і селяніна вёскі Лясковічы Пружанскага павета, прызнаў удзел у бітвах з расейцамі, але адмаўляў удзел у павешанні двух адданых расейскім уладам сялян і гвалце над вясковай дзяўчынай.

Яшчэ адзін селянін Пружанскага павета, 19­-гадовы праваслаўны Ян Грынчук з фальваркавай абслугі маёнтка Свадбічы, далучыўся да паўстання са сваім аканомам Багуславам Ількоўскім.

Ён змагаўся ў атрадах Улодка і Урублеўскага. Восенню 1863 Грынчук з шасцю таварышамі ўтварыў суполку жандараў­вешальнікаў, якая ладзіла падпалы і рабункі хат расейскіх чыноўнікаў, а таксама здзейсніла павешанне габрэя ў Шарашове.

На следстве Грынчук прызнаў свой удзел у гэтых акцыях і быў асуджаны на расстрэл.

Суд «з увагі на маладосць і неразвітасць, поўнае раскаянне і выкрыццё саўдзельнікаў» прасіў аб памілаванні. Але Мураўёў падпісаў асуджэнне на смерць Грынчука разам з Антоніем Ількоўскім і Саламонам Аўгустам ёмістым словам «согласен».

20 снежня ў мястэчку Шарашова яны былі павешаныя.

Як бачым, сярод сялянаў, якія далучыліся да паўстання, былі і вайскоўцы, і ідэйныя пісьменныя актывісты, і людзі з крымінальнымі схільнасцямі. Былі маладыя і старыя, былі разумныя і «неразвітыя». У атрады яны прыйшлі рознымі шляхамі. Па­рознаму і смерць сустракалі. Не скажаш, што шчырыя манархісты, падманутыя «польскімі інтрыганамі».

***

Васіль Герасімчык

Гісторык. Нар. 1987. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, магістратуру Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта і Торунскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка. Пераможца конкурсу «Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Sas / Адказаць
20.10.2013 / 11:26
Вывод: Кастуся Калиновского никак нельзя назвать героем осободительной борьбы белорусов. Потому что каждый в этом протистоянии варил свою кашу
0
Таццяна / Адказаць
20.10.2013 / 12:01
Дзякуй, разумненькі хлопча, за твае артыкулы пра паўстанне. Вельмі цікава, нам калісьці ў савецкай школе вельмі схематычна давалася інфармацыя пра паўстанне, маўляў, было паўстанне, быў герой барацьбы супраць царызму Каліноўскі, паўстанне не падтрымалі шырокія масы сялян, бадай, вось і ўсё. Чакаю яшчэ допісаў пра паўстанне ў НН. Ды й наогул гістарычная тэматыка вельмі цікавая. Жадаю Васілю стаць пераемнікам Уладзімера Арлова.
0
JJ / Адказаць
20.10.2013 / 14:28
Праблема шчэ ў тым, што апасля паўстання 1831 года каля 30 тысяч сем'яў былі пазбаўлены шляхецкіў правоў. Маскоўская ўлада, што царская, што савецкая, мэтанакіравана знішчала ўсё звязаннае з "правамі" ды "годнасцю". У быдла можа быць толькі "долг перед родиной" (царом ці яшчэ якім "вождём" - адзін чорт), аніякае ўласнае годнасці. Таму рускія і зараз не разумеюць якія-такія "правы чалавека". Па пысе нагайкаю, "ты начальник - я дурак".
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру