18.10.2013 / 20:05

Севярынец: Папярэдзілі, што ніякай сустрэчы каля камендатуры не дапусцяць 6

Палітвязень выходзіць на свабоду 19 кастрычніка.

19 кастрычніка, вызваляецца з «хіміі» палітвязень, сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец. Палітвязень апавёў карэспандэнту «Свабоды», як прайшоў апошні дзень «хіміі».

«На складзе я ўжо тыдзень як не працую, звольніўся, таму ўвесь час знаходжуся ў камэндатуры. Сёньня бегаў, падпісваў апошнія паперы і канчаткова рыхтаваў рэчы да ад’езду.

Здаецца, пасьпеў усім, каму трэба было, напісаць лісты ці пазваніць. Таксама ўжо складзены каляндар сустрэч і кантактаў на будучыню — кожны дзень на шмат часу наперад расьпісаны.

Тут на Пружаншчыне ў мяне зьявілася шмат сяброў — зь імі сустракаўся, каб разьвітацца. Сёньня ўвечары яшчэ да мяне прыедуць мясцовыя вернікі. Таксама будзем разьвітвацца», — паведаміў Павал Севярынец.

Павал ведае, што заўтра недзе каля 9 гадзіны раніцы яму выдадуць даведку аб вызваленьні і з камэндатуры ён з рэчамі пойдзе да КПП.

«Адмыслова выклікаў начальнік камэндатуры і папярэдзіў, што каля будынку самой камэндатуры ніякіх урачыстых сустрэчаў не дазволяць, нават не прапусьцяць сюды падысьці. Што тут будзе шмат міліцыі, у тым ліку ДАІ. Разьлічваю, што да 10 раніцы ўжо буду каля КПП зусім вольным чалавекам. Там і сустрэнемся зь сябрамі і журналістамі», — сказаў Павал Севярынец.

Паводле палітвязьня, каб сустрэць яго з «хіміі», у Куплін прыедзе чалавек 30–40 без уліку журналістаў.

Павал Севярынец быў арыштаваны ў Менску пасьля мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году і асуджаны за ўдзел у забурэньнях на 3 гады «хіміі».

Пакараньне адбывае ў спэцкамэндатуры вёскі Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Паколькі 5 месяцаў Павал Севярынец знаходзіўся ў СІЗА КДБ, дзе адзін дзень лічыцца за два, а потым два месяцы быў дома ў Віцебску, чакаючы накіраваньня на «хімію», ягоны тэрмін заканчваецца не 19 сьнежня, а 19 кастрычніка.

«Аднак пасьля вызваленьня я яшчэ 2 гады буду на прафіляктычным уліку, зь мяне ня будзе зьнятая судзімасьць. Гэта лягчэй, чым нагляд, ня трэба адзначацца, але пры новым злачынстве гэта лічыцца абставінамі, якія абцяжарваюць віну.

Таксама цягам 2 гадоў я буду пазбаўлены права абірацца, нават у мясцовыя саветы», — патлумачыў Павал Севярынец свой будучы статус.

0
Ура! Ура! / Адказаць
18.10.2013 / 20:22
Нарэшце скончылася няволя. Лукашыстыя, некалі адкажыце за беззаконне.
0
Кнехт / Адказаць
18.10.2013 / 20:30
З Паўлам Севярынцам у рэжыма адны праблемы: за што яго не пасадзі, ён не перавыхоўваецца, а перавыхоўвае! З гэтай нагоды падаю заяўку на наступны тэрмін (цьфу-цьфу!): Прашу накіраваць ... у Светлагорскі раён Гомельскай вобласці, бо там усё запушчана. :) Віншую Паўла з выхадам на волю! Жадаю: 1. Абрацца шлюбам з любаю і нарадзіць дзяцей. 2. Напісаць раман. 3. Вызваліць Беларусь ад Дракона.
0
Міхал / Адказаць
18.10.2013 / 21:38
Кто больше всего в БХД подписей собрал за Рымашевского того и надо выдвигать в президенты в 2015 году.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру