18 кастрычніка ў Мінску ўчынены разбойны напад на ювелірны салон. Як паведамляе МУС, кнопка трывожнай сігналізацыі ювелірнага салона «Блюз», што па вул. Чкалава, 1, спрацавала ў 14.29, паведамляе БелаПАН.

Невядомы мужчына пад выглядам наведвальніка зайшоў у магазін, каб набыць залатыя вырабы. Ён доўга выбіраў ланцужок і крыжык, а пасля папрасіў прадаўца пракансультаваць яго і паказаць некалькі ўпрыгожанняў.

Жанчына, нічога не падазраючы, ахвотна пагадзілася дапамагчы, выйшла ў гандлёвую залу і стала адкрываць стэлаж з выбраным таварам.

У гэты момант мужчына дастаў з-пад курткі вялікі нож (падобны на мачэтэ) і прыставіў да горла прадаўца, стаў патрабаваць грошы.

Другая прадаўшчыца, якая была за прылаўкам, своечасова змагла націснуць трывожную кнопку. Жанчыны спрабавалі растлумачыць раз'юшанаму «пакупніку», што грашовай выручкі ў касе няма.

Тады рабаўнік зусім выйшаў з сябе, звязаў прадаўцоў і закрыў іх у падсобным памяшканні.

Праз тры хвіліны пасля трывожнага сігналу група затрымання Кастрычніцкага аддзела аховы сталіцы прыбыла на месца здарэння.

Работнікі аховы агледзелі прылеглую тэрыторыю і выявілі, што дзверы магазіна зачынены знутры.

Праз акно салона міліцыянеры заўважылі мужчыну, які кідаўся па гандлёвай зале, складваючы ў сумку ювелірныя вырабы. Праваахоўнікі блакіравалі аб'ект і выклікалі падмацаванне — яшчэ два экіпажы аховы.

Ацаніўшы становішча, першая група затрымання прыняла рашэнне штурмаваць магазін, дзве другія — перакрылі ўсе магчымыя выхады.

Разбіўшы дзвярны шклопакет, работнікі аховы адчынілі дзверы і затрымалі рабаўніка. Злачынцца не спрабаваў аказваць супраціўленне, бо разумеў безвыходнасць становішча.

Паводле першапачатковай інфармацыі ўстаноўлена, што напад учыніў 36-гадовы раней судзімы, непрацуючы мінчанін. Затрыманы растлумачыў, што яму тэрмінова патрэбныя былі грошы.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў, Кастрычніцкім раённым аддзелам СК распачата справа на падставе ч. 2 арт. 207 КК (разбой, учынены паўторна).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?