Артыкулы ў «НН» пра ролю нацкамаў у гісторыі Беларусі («Рызыкоўная барацьба намэнклятуры», 18 лютага 2005; «Трыюмвіры, або помнік камісарам», 1 красавіка, 8 красавіка 2005) выклікалі рэзананс сярод чытачоў, абудзіўшы як гісторыкаў, так і сваякоў былых нацкамаў. Сярод абуджаных аказаўся праўнук Алеся Адамовіча Аляксей, які захацеў сам, праз пошуку беларускіх архівах, разабрацца ў лёсе прадзеда.

Калініншчына (сёньня Клімавіччына), дзе сакратаром акруговага камітэту партыі працаваў 24-гадовы Алесь Адамовіч, у 1920-я была апірышчам беларусізацыі. На допытах у ДПУ па справе «СВБ» Адамовіч сьведчыў: «Калінінская акруга празь беларусізацыю хутка зрабілася чымсьці кшталту «белага крумкача». Усе, хто прыяжджаў у Менск з Калініншчыны, размаўлялі па-беларуску, і тут ужо ўсе ведалі і гаварылі: «А, гэта з Калініншчыны».

Пасьля пастановы ЦК аб ажыцьцяўленьні мерапрыемстваў у галіне нацыянальнай палітыкі ў БССР, акруговы камітэт прыняў пастанову пра перавод школ на беларускую мову, беларусізацыю савецкага і партыйнага апарату. Адамовіч асабіста наладзіў сувязь з усімі раёнамі, асабіста цікавіўся ходам беларусізацыі, арганізацыяй курсаў па вывучэньні беларускай мовы, прасоўваньнем беларускай літаратуры. Ён вельмі жорстка ставіўся да ўсіх, хто замаруджваў хаду беларусізацыі, тым больш супраціўляўся ёй.

Штомесяц Адамовіч патрабаваў ад Наркамасьветы спэцыялістаў для арганізацыі курсаў па гісторыі, геаграфіі, літаратуры Беларусі. Сюды прыяжджалі рабіць даклады Гарэцкі, Колас, Купала, Азбукін.

Натуральна, што адзін чалавек беларусізацыю зрабіць ня мог. Пад кіраўніцтвам Адамовіча працавалі У.Дубоўка, А.Дудар, А.Александровіч, Вольны. Як піша Дудар, «Адамовіч дужа гасьцінна прымаў усіх беларусаў, якія перабіраліся туды на працу, і тагачасная Калініншчына зьяўлялася сапраўднаю «зямлёю абяцанаю» для беларускіх нацыянал-дэмакратаў».

На пачатку 1925 г. Адамовіч размаўляў са Смолічам, тады дырэктарам Інбелкульту, «пра стварэньне бар’еру супраць РСФСР», які б спыніў нарэшце русіфікацыю і «мог бы прывесьці да ўтварэньня БНР».

Сымон Кандыбовіч у кнізе «Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі» пісаў: «Яшчэ юнаком ён [А.Адамовіч] актыўна ўдзельнічаў у савецкай працы… Празь некалькі гадоў яго запал зьменшыўся, і прыблізна ўжо да 1925 г. ён стаў заўзятым народнікам і нацыяналістам».

Насамрэч было па-іншаму. «Памылкі ЦК КП(б)Б па нацыянальным пытаньні ў 1918–1919 г. прывялі мяне да нацыяналізму, які поўнасьцю аформіўся ўжо ў 1920 г.». Як паказваюць допыты Адамовіча ў ДПУ, менавіта яму належала ідэя «Заявы 32-х». 14 студзеня 1921 г. яна была накіравана ў ЦК РКП(б) з суправаджальным лістом на імя Леніна, што ад імя 32 беларусаў-камуністаў падпісаў вядомы рэвалюцыянэр, грамадзкі дзеяч, літаратар Алесь Бурбіс. Гэты даклад быў спробай дапамагчы ЦБ КП(б)Б выпрацаваць праграму адраджэньня і далейшага развіцьця Беларусі на савецкім падмурку.

Але ў жніўні 1925 г. ДПУ пачынае капаць пад Адамовіча і яго атачэньне, усталёўваецца сачэньне, укараняюцца інфарматары і гэтак далей. Пасьля гэтага Адамовіч вымушаны разьвітацца з Калініншчынай. Але яна назаўсёды засталася ў яго душы, асабліва пасьля паэмы «Калініншына» Дубоўкі, якую паэт прысьвяціў свайму сябру, Алесю Адамовічу.

    Мой любы браце, блізкі і далёкі,

    няма сталёвасьці і арфазвоннасьці.

    Такая сьцюжа на душы, навокал,

    як дзень з дажджамі – быццам сёньняшні.

    Ці ж я ня ведаю, ці я ня знаю,

    ці я ня сын сваёй сучаснасьці–

    жыцьцё крынічыць і музыкі граюць,

    на лад папасьці ўсё ня шчасьціцца.

    Часінай – весела, часінай – сумна,

    Ідуць шляхі – ў балотах трацяцца.

    А недзе злосьнікі бразгочуць бубнамі…

    Даруй, даруй, мой любы браце, мне…

Адамовіча перавялі ў Полацак, затым прызначылі кіраўніком аддзелу друку ЦК КП(б)Б, намесьнікам рэдактара газэты «Беларуская вёска», намесьнікам наркама земляробства – па асабістай просьбе Зьмітра Прышчэпава. 19 ліпеня 1930 г. ён быў арыштаваны па справе СВБ і асуджаны на 10 год. У 1937 г. справа была перагледжана. 15 верасьня 1937 г. А.Адамовіча расстралялі. Рэабілітавалі яго толькі ў 1988 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0