Музычныя рок‑фэстывалі за межамі Беларусі ўжо ня рэдкасьць. Штогод у Гарадку на Беласточчыне праходзіць «Басовішча», сёлета ў мястэчку Нарвілішкі на Віленшчыне быў фэст «Be2gether». Але, напэўна, упершыню жадаючыя трапіць на рок‑фэст за межы Беларусі сутыкнуліся з такімі праблемамі і прыгодамі, як на гэтых выходных падчас паездкі ў Луцк, дзе мусіў прайсьці канцэрт «Права быць свабодным».

Я дабіраўся ў галоўны горад Валыні разам з музыкамі, наш аўтобус выехаў зь Менску недзе а другой гадзіне дня ў пятніцу. Плянавалася, што яшчэ да ночы мы трапім на месца, дзе расьселімся ў гатэлі, каб адпачнуць перад суботнім канцэртам.

Беларускі адрэзак дарогі прайшоў без усялякіх прыгод, яны пачаліся ўжо на мяжы. Да кантрольна‑прапускнога пункту Макраны, што пад Пінскам, мы пад’ехалі дзесьці а сёмай вечара і акурат патрапілі на перазьменку ў памежнікаў, якая заняла каля гадзіны, але гэта яшчэ паўбяды. Празь некаторы час памежнікі забралі ў нас пашпарты дзеля праверкі. Здавалася, што вось‑вось і дарога будзе працягнутая. Аднак ужо праз пару гадзін чаканьня пашпартоў назад аптымізму істотна паменела.

Прыкладна ў гэты самы час пачалі прыходзіць трывожныя навіны зь Менску. А дзясятай вечара ад Акадэміі навук у Луцк мусілі выехаць яшчэ два арганізаваныя аўтобусы. З тэлефанаваньняў стала зразумела, што ў Менску «гэбісты» здымалі ўсіх ахвочых трапіць у паездку на камэры. Ужо тады стала зразумела, што шанцы гэтых груп дабрацца да Валыні мінімальныя. Так яно і здарылася. Першы аўтобус затрымалі ўжо ля Дзяржынску, адвезьлі ў РУУС. Пасьля чаго ў суправаджэньні АМАПу накіравалі на менскі чыгуначны вакзал.

Другі аўтобус трымаў свой шлях троху даўжэй, даехаўшы амаль да Стоўбцаў. Аднак і там схема была амаль такая ж: пост ДАІ, пастарунак, праверка дакумэнтаў, «аўтобус ня можа далей ісьці, бо яму патрэбен рамонт» і адпусканьне без складаньня пратаколаў. Гэтых толькі ў Менск не павезьлі, пакінулі начаваць на мясцовым вакзале. 15 чалавек з 35 з другога аўтобусу ўсё ж дабраліся да фэсту, даехаўшы электрычкамі да Берасьця, пасьля да Ковеля, а ўжо адтуль да Луцку.

Былі падазрэньні, што могуць затрымаць і наш аўтобус. Прыкладна апоўначы памежнікі аддалі пашпарты зь пячаткамі, аднак нас чакала яшчэ адна цікавая працэдура — нагляд рэчаў. Балазе ён прайшоў досыць хутка. Музыкі казалі, што нічога падобнага зь імі яшчэ не здаралася. Прастаяўшы на мяжы каля шасьці гадзін, дзесьці а першай ночы мы ўехалі на ўкраінскую тэрыторыю.

А чацьвёртай раніцы наш аўтобус пад’ехаў да луцкай гасьцініцы з прыгожай міцкевічаўскай назвай «Сьвіцязянка». Стомленыя дарогай мы ледзь дабраліся да нумароў, каб крыху паспаць. А дзесятай нас чакаў ужо пад’ём.

Склалася ўражаньне, што ў Луцку мала хто ведаў, што ў горадзе мусіць прайсьці фэст беларускіх гуртоў. Толькі дзе‑нідзе на слупах віселі плякаты з рэклямай канцэрту, аднак яны станавіліся непрыкметнымі ў вялізнай колькасьці выбарчага агітацыйнага матэрыялу, праз тыдзень ва Ўкраіне мусяць прайсьці парлямэнцкія выбары. Напярэдадні ў горадзе праходзіў канцэрт у падтрымку партыі «Наша Ўкраіна». Таму і «Права быць свабодным» часткай месьцічаў магло ўспрымацца, як перадвыбарчы канцэрт малавядомага блёку ці партыі. Што да агітацыі, то здалося, што ў Луцку яе найбольш плённа праводзіць блёк Юліі Цімашэнкі, іхнымі біг‑бордамі быў завешаны ўвесь горад.

На цэнтральнай плошчы Луцку мірна стаяць шэсьць намётаў, якія распаўсюджваюць агітацыйныя матэрыялы сваіх выбарчых штабоў. З аднаго боку намёты «Нашай Ўкраіны», блёку Цімашэнкі, партыі зялёных і аб’яднаньня «Свабода», зь іншага — партыя рэгіёнаў і блёк Людмілы Супрун. Нейкае малое цягне сваёй бабулі ўлётку з выявай Цімашэнкі, тая бярэ і рве паперчыну са словамі: «Брахучка твая Юля. Ня буду яе галасаваць, я за Януковіча». Усё гэта гаворыцца на цудоўнай украінскай мове.

Увогуле, расейскай мовы ў Луцку не чуваць нідзе, украінскай паслугоўваецца і стары, і малы. Усе шыльды таксама па‑ўкраінску. Штопраўда, сустрэў адну і па‑беларуску. У праваслаўнай царкве сьвятой Тройцы. Назва храму апроч украінскай дублявалася на беларускай і польскай мовах.

Мясцовыя кажуць, што горад хутка эканамічна разьвіваецца, заробкі таксама растуць. Гэта можна заўважыць па вялікай колькасьці новых крамаў, кавярняў, дарагіх машын. Разам з тым, у цэнтры гораду вельмі лёгка натыкнуцца на нейкія руіны, альбо ўжо ў пяцістах мэтрах ад цэнтральнага праспэкту Волі могуць раптоўна скончыцца ходнікі, а ў трохзоркавай «Сьвіцязянцы» ня будзе гарачай вады.

Канцэрт «Права быць свабодным» праходзіў амаль у самым цэнтры гораду ў парку імя Лесі Ўкраінкі. Парк — месца адпачынку мясцовай моладзі. У суботу яе таксама было шмат у парку. Шмат хто зьдзіўлена пытаўся: што гэта за мерапрыемства? Найбольш дасьведчаныя месьцічы самі тлумачылі сваім сябрам, што гэта альтэрнатыўныя беларускія музыкі, якім не дае на радзіме выступаць рэжым Лукашэнкі.

«А «Ляпіс Трубяцкой» з «Сашам і Сірожам» прыедуць?» — з надзеяй пыталіся дзяўчаты.

Увогуле, жыхары Луцку паставіліся да фэсту досыць прыязна. Шмат хто, калі даведваўся, што за мерапрыемства ладзіцца, абяцалі падысьці вечарам.

Але ўсё ж першыя выступоўцы — берасьцейцы са «Сьцяны», бярозаўцы БН і ўкраінскі гурт «Тінь Сонця» — выступалі фактычна перад паўпустой пляцоўкай. Беларусаў да Валыні змагло дабрацца ня так і шмат, па прыкладных падліках ад ста да двухсот чалавек, а ўкраінцы яшчэ не пасьпелі падысьці.

Троху весялей стала, калі пачалі сьпяваць laquo;Індыга». Здаецца, што Руся першай троху разварушыла публіку. Украінская нефармальная моладзь была проста ў захапленьні ад выступу «Зьніча» і голасу яго харызматычнага франтмэна Алеся Таболіча. Яшчэ на сцэну падымаліся «Таварыш Маўзэр». Іх песьня «Гітлер капут» выклікала сапраўдны фурор у гледачоў.

Выступаў не музыкаў на сцэне было вобмаль. Запомніўся дэпутат Валынскага абласнога савету Ігар Гузь, які зьяўляецца ў Беларусі пэрсонай нон‑грата. Ён выйшаў на сцэну ў саколцы «Маладога фронту». Яшчэ быў выступ прадстаўніка аб’яднаньня «Свабода», іхных сьцягоў, дарэчы, на пляцоўцы было прыкладна столькі ж, як бел‑чырвона‑белых.

Мерапрыемства здымала ўкраінскае і польскае тэлебачаньне, а таксама карэспандэнты «Белсату». За фэстам пільна назіралі міліцыянты, а за сцэнай стаяў аўтазак з байцамі «Беркуту». Арганізатары, напэўна, хацелі, каб рэаліі фэсту былі, як мага бліжэйшыя да беларускіх.

Напрыканцы ля сцэны было ўжо каля тысячы чалавек. Як заўсёды на ўзроўні выступілі «Крама» і «Ўліс». Нэйра Дзюбэль» выехаў у Луцк толькі ў суботу і хоць на фэст пасьпеў, але да сканчэньня фэсту пасьпеў выканаць толькі некалькі сваіх гітоў.

Як і прагназавалася, дарога дадому была нялёгкай. Аўтобус прастаяў на мяжы каля пяці гадзін. Адбываўся пільны нагляд рэчаў. Памежнікаў цікавілі друкаваныя выданьні, правяраліся дыскі, флэшкі, фотаапараты. Нічога, праўда, не канфіскавалі. Прыкладна а дванаццатай дня мы былі ўжо ў Менску.

Арганізатары фэстывалю абяцаюць ладзіць нешта падобнае штогод. Аднак няма яшчэ пэўнасьці з дакладным месцам і фарматам. Магчыма, гэта будзе зноў Луцк, а, магчыма, нейкі іншы ўкраінскі горад. Усе спадзяюцца, што налета фэст стане больш масавым.

Зьміцер Панкавец, Луцк — Менск

Фота Арсеня Пахомава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0