У польскай прэсе напярэдадні саміта «Усходняга партнёрства» ў Вільні пачалася дыскусія на тэму ўсходняй палітыкі. Яе ініцыяваў былы кіраўнік пасольства Польшчы ў Мінску Вітальд Юраш, які канстатаваў, што Варшава на сёння вядзе яе пройгрышна. І прайграе таму, што пераблытала мэту (незалежнасць Украіны і Беларусі) з метадам (дэмакратыя).

І Варшава не мае перспектывы, бо, у адрозненне ад Масквы, не вядзе размовы з уладнымі элітамі, а толькі з грамадзянскай супольнасцю.

У той час як ва Усходняй Еўропе вызначальныя рашэнні па лёсах краін прымаюць менавіта эліты. І будучыню Кіева і Мінска вырашыць расійская барацьба за эканоміку гэтых краін, якая можа стаць ключавой.

Аўтар выказвае думкі, якія выглядаюць часам правакацыйнымі, а некаторыя тэзісы здадуцца цынічнымі частцы беларускіх дэмакратаў. Але ў цэлым вядомы ў Беларусі дыпламат, які добра ведае сітуацыю, выкладае паслядоўную канцэпцыю зыходзячы з польскіх інтарэсаў.

Тэкст ужо выклікаў пэўны рэзананс у Польшчы і Расіі. Не з усімі тэзісамі гэтага артыкула я згодны, але лічу, што ёсць вялікая неабходнасць дыскусіі як на Захадзе, так і ў нас пра тэндэнцыі, якія тычацца зменаў геапалітычнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе, ад якіх залежыць лёс Беларусі.

Хачу прадставіць свой погляд на праблемы нашай незалежнасці, які ў скарочаным выглядзе быў прадстаўлены ў працяг дыскусіі, ініцыяванай Вітальдам Юрашам, на старонках польскага выдання Dziennik. Gazeta Prawna.

Перакананы, што аб'яднанай Еўропе неабходны сур'ёзны аналіз усходняй палітыкі, бо тут назіраюцца негатыўныя паражэнчыя тэндэнцыі. Мусіць быць распрацаваная і рэалізаваная новая стратэгія для ўмацавання дэмакратыі і стабільнасці ў гэтай частцы кантынента.

Геапалітычная сітуацыя змяняецца да горшага:

умацоўваецца антыдэмакратычны і постімперскі рэваншызм. Еўрасаюзу неабходная грунтоўная стратэгія канкрэтных крокаў, а не рыторыкі. Патрэбныя не словы пра пачуцці, а сумесныя дзеянні. Даводзіцца канстатаваць, што праграма «Усходняга партнёрства» ненашмат прасунулася ў сваёй рэалізацыі: Крэмль паспяхова нейтралізуе гэтую ініцыятыву, не шкадуючы вялікіх рэсурсаў на ангажаванне ў сферу свайго ўплыву. У Расіі энергія абслугоўвае палітыку, у Еўрасаюзе палітыка часта служыць энергіі.

Краіны «Усходняга партнёрства» розныя, але там сёння адбываюцца падобныя працэсы. Еўропы тут робіцца не больш, а менш.

Масква ажыццяўляе паўзучую контррэвалюцыю ў Грузіі і вядзе блакаду Малдовы і Украіны, спрабуе незваротна прывязаць да сябе Беларусь і Арменію. Расійскія грошы з поспехам пачынаюць прыватызаваць уладу на постсавецкай прасторы і нават уплываць на палітычныя працэсы ў краінах - новых сябрах Еўрасаюза. Прычына паражэнняў усходняй палітыкі - у разнастайнасці і непаслядоўнасці стратэгій ЕС, у той час як у Расіі ёсць адна ясная стратэгія процідзеяння еўрапеізацыі і дэмакратызацыі былых савецкіх рэспублік.

На жаль, яшчэ нядаўна папярэджанні аб рэваншысцкай палітыцы Крамля часта ўспрымаліся ў Еўропе як русафобія і канспіралогія.

Але сёння сітуацыя ілюструе, што гэта былі правільныя асцярогі ў дачыненні да неэфектыўнасці мер Еўрасаюза і недаацэнкі контрзахадаў Масквы, якая адраджае імперыю, дзе камунізм заменяць алігархі.

На саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні неабходна ўмацаваць шанцы Украіны, Грузіі і Малдовы на еўраінтэграцыю і захаваць «смак Еўропы» для іншых краін - удзельнікаў «Усходняга партнёрства», нягледзячы на негатыўныя перамены апошняга часу ў некаторых з іх.

Галоўны элемент паслядоўнай стратэгіі ЕС ва ўсходнім кірунку - цярпенне.

Змена постсавецкага менталітэту запатрабуе зменаў некалькіх пакаленняў, цыклы еўрапрагрэсу і рэгрэсу могуць паўтарацца, але Еўрасаюз не павінен у складаныя перыяды краін «шасцёркі» «Усходняга партнёрства» казаць: не хочаце з намі - да пабачэння!

Адраджэнне імперыі не толькі запавольвае прыход дэмакратыі ў нашую частку Старога кантынента і перакройвае яго карту, але і шкодзіць самой Маскве. Бесперспектыўная ідэя яшчэ больш аддаляе Крэмль ад Еўропы і вядзе да супрацьстаяння з ёй.

Найлепшы спосаб дапамагчы Расіі пазбавіцца неаімперскіх амбіцый -- умацаванне незалежнасці былых савецкіх рэспублік.

Пры гэтым без дыялогу з Крамлём не абысціся. Неабходнае збліжэнне ЕС і Масквы, але не любой цаной. Яно павіннае будавацца на празрыстых прынцыпах прагматычных адносін і з захаваннем каштоўнасцяў аб'яднанай Еўропы.

Аб ролі Польшчы ў нашым вяртанні ў Еўропу.

Усім відавочна, што Польшча - галоўны наш партнёр у збліжэнні з Еўрасаюзам. Ні адна краіна не мае такой колькасці праграм дэмакратызацыі Беларусі. Ніхто не прыклаў столькі намаганняў у Брусэлі, каб нашы праблемы пастаянна там гучалі. Такая палітыка салідарнасці і ў нашых, і ў польскіх інтарэсах. Тое, што наказваў Ежы Гедройц, сёння актуальна як ніколі: незалежнасць Беларусі і Украіны -- аснова бяспекі Польшчы. Адстойваючы незалежнасць суседзяў, Варшава ўзмацняе і свае пазіцыі рэгіянальнага лідара, умацоўвае свой уплыў у Еўрасаюзе.

Польская палітыка ў дачыненні да Лукашэнкі грунтуецца на еўрапейскіх каштоўнасцях. Для нас такая пазіцыя прынцыпова важная. Але акрамя маральнай пазіцыі неабходныя і інструменты ўплыву на тых, хто ў Беларусі прымае рашэнні, у тым ліку па незалежнасці. Такіх рычагоў сёння практычна няма, як і кантактаў паміж польскімі і беларускімі ўладамі. Трэба шукаць шляхі вырашэння праблемы.

Усім ясна, што Лукашэнка не можа быць гарантам незалежнасці і што ў Беларусі жорсткі аўтарытарны рэжым. Але гэта не значыць, што Польшча павінная сёння адмовіцца ад актыўнай палітыкі пашырэння эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва, ад еўрапеізацыі Беларусі, ад развіцця кантактаў з яе ўладамі таму, што за Бугам няма дэмакратыі. Патрэбен шырокі дыялог Польшчы і ЕС з Беларуссю, умовай якога па-ранейшаму мусіць быць вызваленне і грамадзянская рэабілітацыя палітвязняў.

Лёс Беларусі вырашыцца хутчэй за ўсё на першых выбарах «пасля», пасля Лукашэнкі.

На іх краіна зробіць свой геапалітычны выбар. Вяртанне ў Еўропу будзе магчымым, калі ў грамадстве і ва ўладзе будуць пераважаць праеўрапейскія настроі.

Без дыялогу сёння гэта не будзе рэальна і заўтра. Якім ён павінен быць? Абумоўленым і крытычным. Ён не можа мець на мэце зрабіць з Лукашэнкі дэмакрата. Не атрымаецца. Але дыялог дае інструменты ўплыву Еўрасаюзу, і, як паказвае вопыт, прымушае ўладу памяншаць рэпрэсіі.

Ён пашырае магчымасці ўплыву грамадзянскай супольнасці, зніжае страх у краіне. У нашай сучаснай гісторыі не санкцыі, а дыялог вызваляў палітвязняў. А галоўнае - дыялог павялічвае праеўрапейскія настроі і захоўвае для Беларусі еўрапейскую перспектыву.

Падзеі апошніх гадоў паказваюць -- чым мы бліжэйшыя да Еўропы, тым больш незалежнасці і правоў чалавека.

Любы пазітыўны крок у бок Захаду лепшы, чым крокі, якія вядуць да ўзмацнення залежнасці ад Расіі і страты суверэнітэту.

Наш лозунг — «Больш Еўропы ў Беларусь!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?