У найбліжэйшай перспектыве Еўразійскі эканамічны саюз (ЕЭС) і Еўрасаюз стануць прыкладна роўнавялікімі партнёрамі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 кастрычніка на сустрэчы з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД.

Паводле яго слоў, удзельнікі Мытнага саюза — Беларусь, Расія і Казахстан — ушчыльную наблізіліся да новага этапу інтэграцыі, Еўразійскага эканамічнага саюза. «З улікам імкнення шэрагу іншых краін да ўдзелу ў гэтым праекце на шахматнай дошцы геапалітыкі ў самы блізкі час Еўразійскі эканамічны саюз і Еўрапейскі саюз стануць прыкладна роўнавялікімі партнёрамі. Іх інтарэсы трэба будзе збалансаваць. Гэта і ёсць жывы прыклад таго, што ідэя інтэграцыі інтэграцый абсалютна рэальная», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Беларускі кіраўнік перакананы, што перамовы з адзінай Еўропай з боку ЕЭС будуць больш эфектыўнымі.

«Калі мы будзем весці перамовы з адзінай Еўропай (напрыклад) разам, гэта дасць значна большы эфект, чым сепаратныя перамовы асобных краін — удзельніц СНД, якія часта праходзяць на зневажальных для іх умовах. Бо разам мы — сіла, з якой будуць лічыцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама перакананы ў неабходнасці захоўваць і развіваць Садружнасць Незалежных Дзяржаў як адзіную пляцоўку для дыялогу і выпрацоўкі сумесных рашэнняў.

«Часам задаюць пытанне: а ці быў і ці застаецца цяпер сэнс у існаванні СНД?

Пры гэтым часта ўказваюць на тое, што многія краіны ўжо арыентуюцца на розныя цэнтры сілы. Расія, Казахстан і Беларусь будуюць Еўразійскі эканамічны саюз. Украіна, Малдова, збольшага Арменія спрабуюць пашырыць сувязі з ЕС. У Цэнтральнай Азіі хуткімі тэмпамі расце прыцягненне Кітая», — адзначыў Лукашэнка.

«Выкажу думку, якая камусьці можа здацца парадаксальнай: той факт, што краіны Садружнасці праводзяць розную палітыку, не толькі не аслабляе, але, наадварот, узмацняе патрэбнасць у нейкім сцягваючым механізме, значным элементам якога з'яўляецца агульная пляцоўка для дыялогу», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

На яго думку, неабходна захоўваць СНД як пляцоўку для прыняцця пэўных рашэнняў.

«Калі мы ў вузкіх колах абмяркоўваем гэтую праблему, пачынаем вельмі рэзка накатваць на СНД, на неэфектыўнасць яго функцыянавання, аж да таго, што цікавасці няма. Я заўсёды кажу: не спяшайцеся, бо яна нам нядорага каштуе сёння. Распусціць, разагнаць, разысціся — прасцей, а вось потым сабрацца разам будзе вельмі складана», — сказаў Лукашэнка.

Ён лічыць цалкам натуральным, калі некаторыя з краін Садружнасці «шукаюць шчасця дзесьці за морамі», але гэта не азначае, што трэба адмовіцца ад СНД: «Калі цяпер нам распусціць, разагнаць Садружнасць, якая існуе як пляцоўка для сустрэч, перамоў, выпрацоўкі рашэнняў, што будзе тады, калі многія з нас, пашукаўшы шчасця за морамі-акіянамі, захочуць ізноў вярнуцца размаўляць на агульныя тэмы».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што пасля распаду СССР не было іншай гістарычнай альтэрнатывы, акрамя як стварыць новае аб'яднанне.

«Савецкі Саюз быў вялікай дзяржавай, каласальнай геапалітычнай сілай, якая непасрэдна ўплывала на лёс свету. Такая дзяржава, вядома, не магла згінуць бясследна: занадта магутным было прыцягненне эканамічных, культурных, духоўных сувязяў, што склаліся ў СССР. Таму пераход у новае ўтварэнне — СНД — стаў абсалютна натуральным і гістарычна неабходным», — перакананы беларускі кіраўнік.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў інтэграцыйных працэсах не трэба ўвесь час аглядацца на Еўрасаюз.

«Трэба навучыцца больш цаніць тое, што ўжо даўно ёсць у нас саміх. Бо Еўропа шмат у чым пакуль толькі ідзе да аб'яднання, і ў гэтым памкненні ёй яшчэ вельмі шмат трэба пераадолець. У нашых жа краін ёсць каласальны гістарычны вопыт сумеснага жыцця», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у адрозненне ад ЕС, дзяржавы якога не мелі вопыту жыцця ў адзіным аб'яднанні, краіны СНД такой вопыт маюць, і ў гэтым — іх перавага.

«З савецкіх часоў нас звязвае агульная крывяносная сістэма эканомікі — адзіныя энергетычная і трубаправодная сеткі, аўтамабільныя дарогі і чыгункі, сувязь (праўда, карыстацца гэтым на карысць усіх краін СНД мы яшчэ не навучыліся). І нашы вытворча-кааперацыйныя сувязі па-ранейшаму для шматлікіх прадпрыемстваў застаюцца безальтэрнатыўнымі, забяспечваюць працоўнымі месцамі мільёны людзей», — цытуе Лукашэнку БелТА. У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што прадпрыемствы Беларусі даюць працу прыкладна сямі мільёнам жыхароў Расіі.

Акрамя таго, дадаў беларускі кіраўнік, паміж народамі СНД няма непераадольных псіхалагічных бар'ераў. «Нездарма наша інтэграцыйнае ўтварэнне завецца Садружнасцю: усіх яе членаў аб'ядноўвае агульная гістарычная гісторыя, адзіныя стандарты адукацыі, багатая савецкая культура і вялікая руская мова», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў кіраўнікоў СМІ краін СНД, якія, паводле яго слоў, ствараюць грамадскую думку і часта ўплываюць на ход гісторыі, правесці сустрэчу ў фармаце адкрытай гутаркі без закрытых і забароненых тэм.

«Для мяне вельмі важныя вашы думкі пра тое, якім бачыцца будучая СНД і што мы — палітыкі і журналісты — можам разам зрабіць для нашых народаў», — сказаў Лукашэнка. «Адразу агаваруся, — дадаў ён, — я не прэтэндую на веданне абсалютнай праўды. Вядомы рускі класік мудра заўважыў калісьці: вялікае бачыцца на адлегласці. Зусім магчыма, павінна прайсці яшчэ нямала часу, каб і людзі, і палітыкі, і гісторыкі далі дакладныя і справядлівыя ацэнкі Садружнасці».

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД праходзіць напярэдадні пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці, якое адбудзецца 25 кастрычніка ў Мінску. У прамым тэле- і радыёэфіры сустрэча не транслюецца. Тэлеверсія мерапрыемства будзе паказаная ў вячэрнім эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 24».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?