21.10.2013 / 14:39

Нацбанк: Тэмпы крэдытавання эканомікі перавысілі гадавы прагноз

Тэмпы крэдытавання эканомікі перавысілі гадавы прагноз. Пра гэта гаворыцца ў інфармацыйных матэрыялах, падрыхтаваных для кансультатыўнага савета пры Нацбанку, пасяджэнне якога адбылося на мінулым тыдні.

Нягледзячы на высокі ўзровень працэнтных ставак, тэмпы крэдытавання банкамі эканомікі сёлета склаліся вышэй за запланаваныя, канстатуе Нацбанк. «За дзевяць месяцаў патрабаванні банкаў да эканомікі выраслі на 22,9% (з улікам Банка развіцця — больш як на 25%), пры гадавым прагнозе 17—20%. Высокія аб'ёмы крэдытавання фарміруюць залішні ўнутраны попыт у эканоміцы і ствараюць рызыкі для макраэканамічнай стабільнасці», — гаворыцца ў матэрыялах НБ.

На думку экспертаў, апераджальныя тэмпы крэдытавання эканомікі абумоўленыя сёлета выдачай крэдытаў у замежнай валюце, стаўкі па якіх значна ніжэйшыя, чым па рублёвых крэдытах, а таксама фінансаваннем дзяржпраграм.

Як паведамлялася раней, план сумесных дзеянняў урада і Нацыянальнага банка, зацверджаны 10 кастрычніка, прадугледжвае абмежаванне аб'ёмаў крэдытавання эканомікі ў чацвёртым квартале 2013 года. Паводле яго, прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі ў кастрычніку—снежні павінен складаць не больш як 1% за месяц. Паводле інфармацыі БелаПАН, 11 кастрычніка ў Нацбанку адбылася нарада з удзелам кіраўнікоў камерцыйных банкаў, на якой рэгулятар давёў адпаведнае рашэнне да грашова-крэдытных устаноў.

Прадстаўнікі ўрада, каментуючы рашэнні, прадугледжаныя планам сумесных дзеянняў, адзначалі, што сутнасць прынятых мер заключаецца ў тым, што «ўнутраны попыт будзе строга адпавядаць рэсурсным магчымасцям нашай эканомікі». «Лішніх рублёў, якія маглі б ціснуць на валютны рынак, проста не будзе. Да канца года, па нашых разліках, прырост крэдытаў эканоміцы не перавысіць 9 трлн. рублёў. Гэта прыкладна 1% росту крэдытавання эканомікі за месяц», — заявіў першы намеснік кіраўніка апарата Саўміна — кіраўнік сакратарыята прэм'ер-міністра Аляксандр Забароўскі.

Варта адзначыць, што, як паведамлялася раней, у пачатку 2013 года беларускія ўлады ўзялі жорсткія абавязацельствы па тэмпах крэдытавання эканомікі перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС (АКФ). Паказчык па росце крэдытавання эканомікі быў пераведзены (у межах дзейнай крэдытнай праграмы з АКФ) у разрад кантрольных і ўстаноўлены на ўзроўні 1,5% за месяц. На думку прадстаўнікоў фонду, абмежаванне тэмпаў крэдытавання спрыяе стрымліванню інфляцыйных працэсаў.

Тым не менш, як паведамляў раней АКФ, тэмпы крэдытавання беларускай эканомікі сёлета апярэджвалі прадугледжаныя тэмпы. Прадстаўнікі фонду раней адзначалі, што невыкананне Беларуссю гэтага кантрольнага паказчыка можа ўскладніць выдзяленне шостага траншу крэдыту (440 млн. долараў). Беларускія ўлады планавалі атрымаць гэту суму ў лістападзе 2013-га.

Між іншым, Мінфін Беларусі выказаў жаданне падрыхтаваць новую крэдытную праграму з АКФ. У сваю чаргу, намеснік старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця, кіраўніка сродкамі фонду Сяргей Шаталаў заявіў у канцы жніўня, што гаварыць пра новую крэдытную праграму з Беларуссю заўчасна. «Неабходна спачатку прааналізаваць вынікі цяперашняй стабілізацыйнай праграмы, якая пачалася ў 2011 годзе і пакуль не завершана», — сказаў Шаталаў.

Паводле інфармацыі БелаПАН, місія Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, якая будзе ацэньваць выкананне Беларуссю ўмоў дзейнай крэдытнай праграмы, прыбудзе ў Мінск у трэцяй дэкадзе кастрычніка.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру