Чарговае сьвята ўраджаю адзначылі з размахам у стэрыльна‑ідэалягічнай атмасфэры: з адрэстаўраванай на 100 мільёнаў даляраў Рэчыцы часова павыдалялі мясцовых актывістаў апазыцыі. Народу прапанавалі шэсьце аграрнікаў ды патрыятычнае кіно з шашлыкамі і рыцарамі.

100 мільёнаў на Дажынкі

Адзінаццатыя па ліку «Дажынкі» каштавалі беларусам амаль 200 млрд. рублёў. Менавіта столькі бюджэтных ды спонсарскіх сродкаў выдаткавалі на падрыхтоўку Рэчыцы да сьвята. На гэтыя грошы тут правялі капітальны рэмонт жыльлёвага сэктару, збудавалі летні амфітэатар на беразе Дняпра, а чыгуначны вакзал, гатэль, школу‑інтэрнат, больніцу і раённую паліклініку рэканструявалі. Рыхтаваліся ня толькі ў самым горадзе. У пятніцу раніцай у навакольных вёсках можна было пабачыць людзей у памаранчавых камізэльках, што ўздоўж дарог высаджвалі кветкі на клюмбах ды мылі плітку каля афіцыйных установаў. Дзе‑нідзе яшчэ клалі асфальт.

Каля кожнай прымыкаючай да галоўнай трасы дарогі стаялі супрацоўнікі лясгасаў у параднай форме. На прыпынках, што на ўезьдзе ў горад, пад расьцяжкамі «Вітаем працаўнікоў сяла!» разгарнуўся сьвяточны гандаль.

Панаехала гасьцей

Рэчыца сустрэла ДАІшнікамі, сьвяточнымі транспарантамі, якія ўслаўлялі хлебаробаў, пахам шашлыкоў ды савецкімі шлягерамі, што выконваліся творчымі калектывамі пасярод вуліцы. Найбольшы рух назіраўся на Савецкай вуліцы, па якой павінная была прайсьці ўрачыстая калёна абласных дэлегацыяў пераможцаў жніва. Уздоўж вуліцы гледачам мясцовыя чыноўніцы раздавалі чырвона‑зялёныя сьцяжкі. На пытаньне, што зь імі рабіць, строгія жанчыны адказвалі коратка: «Махаць!»

«Крамбамбуля», якая не змагла прасьпяваць ў Рэчыцы жыўцом, усё ж прагучала тут — побач зь яткай «Віно‑тытунь гандаль» з калёнак разносілася «ту‑ту‑турысты». Пра гурт нагадалі і дзьве заклапочаныя жанчыны з бэджамі «арганізатар»: «Панаехала гасьцей, а нам пасьля сьмецьце прыбірай!» Гасьцей жа насамрэч было ня вельмі шмат, асабліва ў першы дзень. Тым не менш, паглядзець на калёну апранутых у строгія гарнітуры мэханізатараў прыйшло нямала месьцічаў, шмат каго зь якіх, па іх словах, выправілі сюды з працы.

Зачыстка апазыцыі

Рыхтуючыся да «Дажынак» рэчыцкае начальства ўлічыла бабруйскі вопыт з настаўнікам і дэпутатам Алесем Чыгіром. Той у часе мінулага сьвяткаваньня прыкуў сябе да агарожы, пратэстуючы супраць звальненьня з працы. У Рэчыцы сёлета задзейнічалі прэвентыўныя меры: некаторых «ненадзейных» загадзя выслалі ў камандзіроўкі ў іншыя раёны, а грамадзкага актывіста Леаніда Невара асудзілі на 6 сутак нібыта за абразу на адрас мясцовага ідэоляга.

Вызваленае месца заняў усюдыісны БРСМ. Ягоныя лёзунгі ўпрыгожвалі канцэртныя пляцоўкі, а вакол галоўнай сцэны перад адкрыцьцём фэстывалю павыстройваліся шэрагі школьнікаў з сымболікай арганізацыі. Падлеткі, не выбіраючы выразаў, пыталіся адзін у аднаго, колькі часу ім давядзецца тут пратырчаць.

У аздабленьні гандлёвых намётаў пераважалі ідэалягічна вывераныя спалучэньні колераў, бел‑чырвона‑белыя зьвязкі балёнікаў, а то й сувэнірная «Пагоня» на выставе ў «Горадзе майстроў», успрымаліся амаль як рэвалюцыя. Горад быў напоўнены міліцыянтамі. Пасярод урачыстай калёны пераможцаў жніва можна было заўважыць групу байцоў службы бясьпекі прэзыдэнта ў цывільным. «А гэта што за дэлегацыя?» — дзівіліся людзі таму, што моцныя і добра апранутыя дзецюкі ня несьлі перад сабой шыльды з назвай вобласьці. «Гэтыя хлопцы ня езьдзяць на камбайнах» — зазначыў абазнаны мужчына.

Сьвята раз на год

Афіцыйная частка пачалася з паўгадзінным спазьненьнем. Адкрыў «Дажынкі‑2007» віцэ‑прэм’ер Іван Бамбіза. Дыктар АНТ Аверкаў і нязьменная вядучая Славянскага базару Алена Сьпірыдовіч вялі праграму па‑беларуску. Да агароджанай сцэны пускалі толькі ўладальнікаў пропускаў. Потым ахова пачала пускаць на вольныя месцы ўсіх жадаючых. Пайшлі ня ўсе. «Хадзем на шашлыкі, што нам гэтыя даклады», — кажа пажылы мужчына свайму суседу. —«Успамінаюць нас раз на год, як хлеб убяром». Каля сцэны ўзрушаны дырэктар агракамбінату «Ждановічы» на камэру БТ завочна абверг невядомага пэсыміста: «У нашай краіне, як нідзе ў сьвеце, шануецца праца вяскоўцаў».

Людзей цікавіла, калі прыедзе Лукашэнка. Шмат хто ня верыў, што прэзыдэнта ня будзе на адкрыцьці сьвята, пакуль тое адкрыцьцё не пачалося.

Накормім Расею ды Эўропу

Прэзыдэнт зьявіўся ў Рэчыцы ў суботу. Ён падзякаваў Богу, што сёлетні багаты ўраджай ня змусіць беларусаў стаць на калені, паабяцаў працягваць праграму падтрымкі вёскі, аднак загадаў пры гэтым лічыць кожную капейчыну. Лукашэнка зьлітасьцівіўся з навукоўцаў, якіх ганіў улетку за палеглую збажыну, а таксама пахваліў былога кіраўніка пераможнай Менскай вобласьці Мікалая Дамашкевіча, якога не без скандалу нядаўна зьняў з пасады.

Паводле Лукашэнкі, сельская гаспадарка Беларусі мае неблагі экспартны патэнцыял, асабліва ў такія неспрыяльныя гады, як сёлета: «Сёньня ў чарзе стаяць расейцы, купляюць па вялікай цане малочныя і мясныя прадукты. Эўрапэйскія краіны гатовыя набываць у агромістых колькасьцях масла, рэалізацыя якога яшчэ некалькі год таму была праблемай». Расею прэзыдэнт Беларусі ўзгадаў таксама, адказваючы на пытаньне, ці не давядзецца ізноў падпісваць газавую дамову пад звон курантаў. Ён ня выключыў такой магчымасьці, адзначыўшы, што ўжо цяпер для беларусаў расейскі газ каштуе, як для немцаў. Віну за гэта Аляксандар Рыгоравіч ўсклаў на расейскае кіраўніцтва.

Рыцары, R‑n‑B party і патрыятычнае кіно

Ходзяць чуткі, што гэтыя «Дажынкі» маглі быць апошнімі. Нібыта сам прынцып сьвяткаваньня ўраджаю ў верасьні, калі канчатковы падлік яго памеру і кошту магчымы толькі ў студзені наступнага году, сябе зжыў. Але, які б лёс не чакаў фэстываль, жыхарам Рэчцы застанецца адрэстаўраваны горад, амфітэатар і памяць пра дзіўнаватае сьвята з рыцарамі, патрыятычнымі фільмамі і R‑n‑B party.

Сямён Печанко, Менск‑Рэчыца

Глядзі яшчэ:
Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч з Рэчыцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0