22‑23 верасьня на гарналыжнай базе пад Лагойскам прайшоў чацьвёрты фэстываль піва. Спонсарамі і арганізатарамі выступілі айчынныя і замежныя вытворцы піва, харчовых тавараў і арганізатары забаўляльных мерапрыемстваў.

Сам фэстываль зьяўляецца своеасаблівым варыянтам мюнхенскага «Актобэрфэсту», уплыў якога адчуваўся і пад Лагойскам. Піва, у тым ліку і нямецкае, лілося ракой, адзін зь вядучых быў апрануты «баварцам», гучала жывая нямецкая музыка, а на адкрыцьці фэсту прысутнічаў намесьнік амбасадара Германіі.

Аднак назваць Кубак Піва поўнай калькай зь нямецкага аналягу немагчыма. Беларускасьці дадавалі сярэднявечныя ваяры ў бліскучых дасьпехах, вядоўца Пан Хмелю, апрануты ў сьвяточны броварскі строй, і непаўторны смак айчыннага піва.

Недарэчнасьці ў арганізацыі сьвята сталі ўжо «традыцыяй». Нерэгулярнасьць маршрутнага транспарту да месца правядзеньня і спрадвечны недахоп прыбіральняў наўрад ці спрыялі настрою наведвальнікаў. Ёсьць чаму павучыцца ў немцаў. Напрыклад, вядомы расейскі вытворца не пасквапіўся на паветраны шар і агромністы павільён, але наведнікі станаваіліся ў чэргі да нямецкіх півавараў, дзе за кожны кубак нятаннага піва давалі якасныя прызы.

Калі раўнаць «Кубак піва 2007» зь мінулагоднім, то відавочна меней стала жывой музыкі і наведвальнікаў . Старыя нямецкія рокеры «Agless» і малады беларускі гурт «Каты» слаба разрэдзілі бомканьне дэнс-міксаў, не было танцавальных калектываў. Конкурсы засталіся на тым самым узроўні, што і раней, некаторыя нават не зьмяніліся.

Рыцары, тэатралізаваныя пастаноўкі на старажытны лад, музыкі‑рэканструктары і агнявое шоў сталі сёлетняй навінкай. Раней такія калектывы можна было ўбачыць толькі на сярэднявечных фэстывалях, аднак папулярнасьць і прыгажосьць відовішча адкрыла дарогу старажытнай культуры і на такія сьвяты, як Дажынкі, Дзень гораду і Піўны фэст. І добра, бо рыцарства ня толькі стае візытоўкай Беларусі, але і нагадвае пра старадаўнюю гісторыю нашага краю, пра часы, калі нашыя продкі і піва варылі і Радзіму баранілі.


На пачатку фэстывалю яблыку было дзе ўпасьці

Піва лілося ракой

Конкурс на хуткасьць выпіваньня піва праз кароткую саломінку

Гаспадар сьвята, бровар Пан Хмелю

Спэцназ і брэйк-данс

Агнякруты
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?