На сустрэчы з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД 21 кастрычніка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт права чалавека на жыццё. 

«Калі ў цябе не будзе права на жыццё, на зарплату, на працу, тады выказвайся, як хочаш, атрымлівай любую інфармацыю, а карысці ад гэтага будзе мала. Я заўсёды стаўлю на першае месца па ранжыру правоў чалавека права на жыццё. Гэта самае каштоўнае». 

Ён адзначыў, што на постсавецкай прасторы не прынята гучна заяўляць аб каштоўнасцях, якія аб'ядноўваюць народы гэтых краін. Больш гучна аб гэтых каштоўнасцях гавораць на Захадзе.

«Мы чамусьці сарамліва гаворым пра каштоўнасці на іх фоне, нібыта ў іх гэта каштоўнасці, а ў нас гэта не каштоўнасці», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым, дадаў ён, насуперак гучным заявам аб правах чалавека заходнееўрапейскія краіны і ЗША часта парушаюць базавыя каштоўнасці.

У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў бамбёжкі Ірака войскамі НАТО па надуманай падставе — нібыта наяўнасці ядзернай зброі ў Садама Хусейна. 

Лукашэнка расказаў, што перад пачаткам бамбёжкі да яго прыязджаў пасланнік тагачаснага прэзідэнта ЗША Буша з просьбай падтрымаць інтэрвенцыю ў Ірак і пацвердзіць наяўнасць ядзернай зброі ў прэзідэнта Ірака, абяцаючы за гэта «залатыя горы».

Пачуўшы адмову і ў адказ на заяву не пачынаць аперацыю ў Іраку, пасланнік Буша, паводле слоў Лукашэнкі, сказаў: махавік вайны раскручаны настолькі, што спыніць яго ўжо немагчыма. 

Цяпер з-за ваеннай аперацыі НАТО і ЗША ў Іраку амаль штодзённа здараюцца тэракты, у якіх гінуць людзі. «А мы молімся на іх каштоўнасці», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?