21.10.2013 / 20:54

Навумчык-старэйшы пра спрэчку з Пазняком, падарунак ад Гагарына і фантазёра Чаргінца — гутарка 23

21 кастрычніка Іосіфу Адамавічу Навумчыку, які 13 год прапрацаваў сакратаром Віцебскага абкама партыі па ідэалогіі, але пры гэтым выхаваў сына-актывіста БНФ, спаўняецца 75 год.

З жонкай і сынам, 1962 год.

Іосіф Навумчык з Генадзем Бураўкіным.

На прэзентацыі кнігі сына з Лявонам Баршчэўскім.

 У інтэрв’ю «Салідарнасці» ён расказаў пра зменлівасці лёсу.

Размова праходзіла акурат пасля прэзентацыі новай кнігі яго сына «Дзевяноста першы. Год Незалежнасьці вачыма ўдзельніка» ў кватэры яго сябра, Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна. Прыводзім некаторыя фрагменты нашай гутаркі.

Спрэчка з Пазьняком

У пытаннях нацыянальнай культуры і мовы ў мяне не было прынцыповых разыходжанняў з БНФ. А вось заўзятыя антыкамуністычныя выступы, калі Пазьняк казаў, што кампартыя – злачынная арганізацыя, я не мог прыняць. Такое абагульненне лічыў несправядлівым, а тактычна ўвогуле няправільным.

Неяк Сяргей прыехаў у Віцебск з групай дэпутатаў-сябраў БНФ на чале з Зянонам Пазьняком для сустрэч з гараджанамі. Заехалі да нас дадому павячэраць. Так атрымалася, што мы селі з Пазьняком насупраць і гадзіны дзве-тры размаўлялі з ім. Я казаў: многае з вашых поглядаў падзяляю, але ж камуністаў у краіне 600 тысяч чалавек, гэта ж розныя людзі, нельга іх так адпіхваць ад усяго.

Праўда, Сяргей напісаў у адказ на гэты папрок, што Пазьняк заклікаў іх уступіць у Фронт, разам будаваць незалежную Беларусь. Але многае, што гаварылася тады і Сяргеем нашым, і астатнімі – так рэзала вуха гэтых людзей, настолькі псіхалагічна не прымалася! Яны добрасумленнна працавалі ў рамках той сістэмы, і Беларусь мела значныя дасягеннні, асабліва ў эканамічнай сферы. Людзі не бачылі за сабой таго, у чым іх абвінавачвалі.

Адцэнзуравалі Хрушчова

У 1962 годзе, як першы сакратар Паўстаўскага райкома камсамола, быў у Маскве дэлегатам 14-га з’езда ВЛКСМ. Памятаю выступ Хрушчова. 7 хвілін яго апладысментамі віталі. Ён адразу чытаў па паперцы, а пасля пачаў ад сябе казаць. Даволі сумбурная і малапісьменная прамова атрымалася. Назаўтра атрымоўваем «Камсамольскую праўду», чытаем выступ Хрушчова – а там усё не так…

Падарунак ад Гагарына

Жылі мы ў гасцініцы «Масква», сядзелі там з таварышам у рэстаране. Заходзіць Гагарын! Сядае за суседні столік і заказвае піва.

А ў адной з нашых дэлегатак назаўтра быў дзень народзінаў. Мы набраліся смеласці, папрасілі ў Гагарына прабачэння і спыталі: можа ён прыйдзе на наша святкаванне? Ён: а можа і прыду, мне гэта афіцыйнае ўжо надакучыла.

Ну вы разумеце якая сітуацыя? Мы заказалі асобны зал у рэстаране, мікрафон паставілі, усё падрыхтавалі. Назаўтра ён быў на з’ездзе, мы бачылі яго у прэзідыуме. А пасля абеду глядзім – няма Гагарына. Дзесьці яму з замежнай дэлегацыяй трэба было быць.

Аднак ён перадаў падарунак для гэтай дэлегаткі, яна і зараз яго захоўвае. Калье. А ў скрыначцы была запіска: «Тамары Ішчанка ад Юрыя Гагарына ў дзень народзінаў 19 красавіка 1962 года».

На наступным з’едзе ВЛКСМ мы ужо віталіся. Неяк я спазніўся на працяг пленума і сустрэў Гагарына. Нязручна ўжо ў залю было заходзіць. Ён кажа: пайшлі, за прэзідыумам ёсць пакойчык, там усё чутно, можна і кавы выпіць, і па чарачцы каньячка. Можа 30-40 хвілін там пагаварылі. Ён сказаў, што не выключае, што яго родныя маглі быць з Беларусі. У гаворцы яго нешта падобнае на нашую было.

Знаёмствы з пісьменнікамі

Як працаваў сакратаром гаркама і абкама партыі па ідэалогіі, пасябраваў з творчай інтэлігенцыяй. Фармаваў бібліятэку беларускай літаратуры, Сяргей усё чытаў гэта.

Для станаўлення маёй нацыянальнай свядомасці (ды і Сяргея), разумення праблем творчай інтэлігенцыі вельмі важнымі былі гутаркі з такімі творцамі, як Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Броўка, Іван Шамякін, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, з якім мы найбольш кантактавалі. Сустрэчы з імі ў працоўных калектывах і студэнцкіх аўдыторыях пабуджалі мяне больш клапаціцца пра развіццё нацыянальнай культуры, вывучаць нашую багатую спадчыну.

Раздрукоўкі з «Радыё Свабода»

Калі з 1972 да 1974 года ішла падрыхтоўка да 1000-годдзя Віцебска, мы, гараджане, задаваліся пытаннем: а хто мы такія? Мабыць упершыню віцебляне масава і ўсур’ёз заняліся вывучэннем гісторыі горада.

Я хоць і скончыў гістфак БДУ, але сапраўднай гісторыі Беларусі не ведаў. Не ведаў гісторыі ВКЛ, БНР, нацыянальнай сімволікі. Даведаўся пра гэта толькі ў канцы 70-х, калі стаў сакратаром абкама партыі па ідэалогіі. Камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні дасылаў мне агляды перадач «Радыё Свабода». Каб валодаў інфармацыяй у выпадку нейкіх пытанняў людзей.

Сам займеў прыёмнічак і пачаў слухаць. Было цікава, але прызнаюся, напачатку нейтральна ставіўся да іх інфармацыі.

Працяг гутаркі чытайце тут.

0
Франак Нырка / Адказаць
21.10.2013 / 22:25
Не разумею як так здарылася, што Пазняк не прыслухаўся да бацькі Сяргея Навумчыка. Гэта прадстаўнік людзей дзяржаўных, якія заўсёды былі патрэбныя кожнай краіне незалежна ад палітычнага строю. Дастаткова ўзгадаць, што такі ж самы літоўскі дзяржаўны дзеяч Бразаўскас разам з Казімірай Прунскене, з'яўляючыся лідарамі кампартыі(!) Літоўскай ССР першымі(!) абвясцілі аб дзяржаўным сувірэнетэце Літвы (можа і аб выхадзе з СССР таксама, не памятаю дакладна). Не Лансбергіс, узначалваўшы Народны фронт Літвы - "Саюдзіс". Знайшоў бы Пазняк мову з такімі людзьмі, дык можа і не прадалі б прадажныя бальшавікі тагачаснага КДБ БССР пачатку 90-х нашу краіну стаўленікам ЦРУ, а тыя адпаведна ўжо завербаванаму Лукашэнке.
0
р / Адказаць
21.10.2013 / 23:05
Знайшоў бы Пазняк мову з такімі людзьмі, дык можа і не прадалі б прадажныя бальшавікі тагачаснага КДБ БССР пачатку 90-х нашу краіну стаўленікам ЦРУ, а тыя адпаведна ўжо завербаванаму Лукашэнке. ............... што гэта было? масад?
0
Прос'ты... / Адказаць
22.10.2013 / 00:09
Франак... - мы, то ўсе, прайшлі праз піянерыю, але не з усіх зрабілі паўлікаў марозавых... - і калі, Вы, і зараз, лічаце, што тады, ціпа правільна было б ісьці да людзей, не падымаючы тых вострых праблем, мякка кажучы, то... Франак - не дуры голаву, ні сабе, ні людзям і лепш было б, калі б, Вы, падпісваліся Паўлікам...
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру