Сакрат Яновіч і Аляксей Пяткевіч на беластоцкім чыгуначным вакзале.

Апэратыўная здымка КГБ.

Прафэсару Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Аляксею Пяткевічу — сёлета 75 гадоў. А ў 2007 г. споўніцца 50 гадоў, як Аляксей Пяткевіч пераехаў працаваць у Горадню. Спачатку было ніякавата пасьля Менску, у якім правучыўся сем гадоў. У сталіцы была магчымасьць застацца — пасьля асьпірантуры атрымаў разьмеркаваньне ў Інстытут літаратуры. Але ўмяшаліся сямейныя праблемы — у Наваградку жыла жонка з малой дачкой на руках. Уласнай кватэры ў Менску не прадбачылася.

Домік пані Алаізы

Горадня прыемна ўразіла, і Аляксей Пяткевіч не пашкадаваў, што пераехаў сюды. Ён пачуваўся першаадкрывальнікам, шпацыруючы па вузкіх вулках, пакручастых берагах Нёману, падворках Старога і Новага замкаў.

Яшчэ ўразіў будынак насупраць пэдынстытуту. Часта падчас лекцыі Аляксей Пяткевіч спыняўся ля акна аўдыторыі ды ўглядаўся на спарахнелыя драўляныя прыступкі ганка, уяўляючы, як былая гаспадыня дому Алаізы Ажэшка заходзіць у дзьверы.

У тым доме ня раз гасьцяваў Францішак Багушэвіч, яе добры знаёмы, калі прыяжджаў у Горадню па адвакацкіх справах. Пазьней гэты дом быў перанесены на дзясятак мэтраў далей ад дарогі. Той самай дарогі, якую ўдзячныя жыхары гораду ў 1910 г. выслалі саломай, каб хворую пані Элізу не турбаваў грукат вазоў пад вокнамі.

Аляксей Міхайлавіч перакананы, што менавіта ягоная зацікаўленасьць творчасьцю А.Ажэшкі — гэтай мужнай змагаркі з расейскім самадзяржаўем — ейная людзкасьць падштурхнулі яго заняцца краязнаўствам Гарадзеншчыны.

З Новага Сьвержня

Аляксей Пяткевіч нарадзіўся ў Новым Сьвержні пад Стоўпцамі, за пяць кілямэтраў ад коласаўскай Мікалаеўшчыны. Потым ён зацікавіўся гісторыяй мястэчка, што ўпершыню згадваецца пад 1428 г. і якое ў трылёгіі «На ростанях» як Панямонь вывеў Якуб Колас.

Дзед Пяткевіча служыў на чыгунцы. Бацькавых братоў рэвалюцыі, войны раскідалі па сьвеце. Адзін служыў афіцэрам у час Першай сусьветнай, пазьней быў начальнікам школы чырвоных камандзіраў. Другі — камэндантам ваеннага порту. Бацькавы сёстры аселі ў Польшчы. «Адна зь іх доўгі час не прыяжджала ў Беларусь. А як сустрэліся, загаварылі па-беларуску, то я ня мог надзівіцца: сястра зусім не забылася нашай мовы! Яе гаворка была такой, нібыта завітала з суседняй вёскі». Сваёй малой радзіме А.Пяткевіч прысьвяціў эсэ «Бацька мой Нёман» — споведзь пра родны кут і родную сям’ю.

У БДУ мы баяліся

У 1949 г. Аляксей Пяткевіч здаў сем уступных іспытаў і быў лепшым сярод абітурыентаў БДУ — конкурс складаў 11 чалавек на месца. Праўда, калі праверылі сачыненьні па расейскай літаратуры, выкладчыца сказала: «Вы сьпісалі. Ня можа выпускнік сярэдняй школы так прафэсійна раскрыць тэму. Таму стаўлю чацьвёрку». «Стаю і ня ведаю, што рабіць. Даводзіць, што сачыненьне ад першай да апошняй літары маё — бессэнсоўна, калі выкладчыца пераканала сама сябе ў адваротным. Так моўчкі і пайшоў. Крыўдна было...» — згадвае сп.Пяткевіч.

Але хутка крыўды адышлі на другі плян. Унівэрсытэт захапіў прыгожым сьветам ведаў і творчасьці. У гэты час тут вучыліся Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Рыгор Барадулін, Вячаслаў Адамчык, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс.

У групе Пяткевіча быў паэт — Фёдар Макаранка. Аднойчы ён раптоўна зьнік. Прайшла пагалоска, што ў інтэрнаце прачытаў свой верш пра вэтэрана вайны, інваліда, які просіць міласьціну. Нехта са слухачоў хуценька данёс. Фёдара асудзілі на восем гадоў турмы. «Вальнадумства заўсёды было ўласьціва БДУ. Памятаю, чытаем газэты, знойдзем адпаведную «верноподданническую» публікацыю, сьмяёмся, ажно заходзімся. І палітычныя падзеі абмяркоўвалі, асабліва не азіраючыся».

Гарадзенскі гарт

У горадзе над Нёманам творчая інтэлігенцыя гуртавалася вакол абласной «Гродзенскай праўды». Цэнтрам прыцягненьня было літаратурнае аб’яднаньне пры рэдакцыі і ягоны кіраўнік — паэт Міхась Васілёк. Бывалі ў рэдакцыі Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў.

У 1965 г. у «Гродзенскай праўдзе» А.Пяткевіч надрукаваў, у пэрыяд цкаваньня Быкава, станоўчы водгук на аповесьць «Мёртвым не баліць». Яго выклікалі ў абкам партыі. Але за свайго выкладчыка заступіўся тагачасны рэктар пэдынстытуту Маркоўскі. Дзякуючы яму, удалося ўтрымацца на рабоце...

Яны тады разам стаялі плячо да пляча — пісьменьнікі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Данута Бічэль, гісторык Барыс Клейн, краязнаўца Алесь Белакоз, паэтка Ларыса Геніюш, Аляксей Пяткевіч.

На арганізаваных сходах працоўных «прорабатывали» В.Быкава. А.Карпюка выключылі з партыі, ён застаўся без работы. Барыса Клейна пазбавілі працы ва ўнівэрсытэце. Моцны ўціск адчуваў А.Белакоз.

Быкаў загадаў

У 1971 г. В.Быкаў, тады старшыня абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў, папрасіў сп.Пяткевіча: «Зрабі сьпіс сваіх публікацый». Паміж «сваімі» была завядзёнка: не цікавіцца тым, пра што табе не гавораць. Сказаў зрабіць, значыць, трэба так зрабіць. Быкаў даслаў той сьпіс у Саюз пісьменьнікаў, прыклаўшы рэкамэндацыю Д.Бічэль, а таксама ўласную да хадайніцтва аб прыёме Аляксея Пяткевіча ў СП.

«Які Саюз! Я ж кніг друкаваных, па сутнасьці, ня маю...» Васіль Быкаў парыраваў: «Кнігі будуць. Матэрыялу назапасіў, дай Бог кожнаму столькі».

Сёньня Аляксей Пяткевіч — аўтар некалькіх кніг. Яго пяру належыць блізу 450 друкаваных прац, зьмешчаных у энцыкляпэдыях, падручніках, зборніках, часопісах. Ён ахвотна выступае ў розных аўдыторыях, бярэ ўдзел у працы грамадзкіх аб’яднаньняў. Асаблівы клопат праяўляе пра разьвіцьцё роднай мовы і культуры. Носьбіт традыцыі — кажуць пра такіх, як прафэсар Пяткевіч.

Антон Лабовіч, Горадня

Рэдакцыя далучаецца да віншаваньняў. Было асабліва прыемна 9 сакавіка атрымаць бандэроль з новай кнігай прафэсара Пяткевіча «Старонкі спадчыны. Культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, зьявы, асобы» з дарчым надпісам сп.Пяткевіча для Рэдакцыі «НН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0