Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі па стане на 1 кастрычніка 2013 г. налічвалася 175 тысячаў алкаголікаў. Яшчэ 86 тысячаў чалавек злоўжываюць алкагольнымі напоямі і знаходзяцца на прафілактычным уліку.

Аднак у статыстыку трапляюць толькі дыспансерызаваныя.

Прадстаўнікі Мінздароўя не называюць нават прыкладнай лічбы хворых на алкагалізм у краіне. Але старшыня сектара наркалогіі арганізацыйна-метадычнага аддзела ГУ «РНПЦ псіхічнага здароўя» Уладзімір Максімчук паведаміў, што яна значна большая за афіцыйную статыстыку.

Згодна з апошнімі звесткамі Мінздароўя, агулам назіраецца пазітыўная дынаміка: алкаголікаў сёлета стала на 2 тысячы менш за мінулы год. На тысячу паменела непаўналетніх алкаголікаў: цяпер іх 16 тысячаў.

А вось з жаночым алкагалізмам назіраецца трывожая тэндэнцыя.

Цягам апошніх 5 гадоў колькасць хворых жанчын толькі расце і на 1 кастрычніка склала 39 тысячаў. На 23% панізілася смяротнасць ад выпадковых атручванняў алкаголем. Летась было зафіксавана 1 918 такіх атручванняў.

Усе будуць «дыхаць у трубачку»

Нарколагі ГУ «РНПЦ псіхічнага здароўя» звязваюць поспехі з дзяржаўнай праграмай нацыянальных дзеянняў па прадухіленні і пераадоленні п'янства і алкагалізму, распачатай у 2011 г.

Максімчук паведаміў, што ў рамках праграмы удзельнічаюць 30 устаноў і запланавана 60 мерапрыемстваў.

«У гэты час Міністэрства аховы здароўя распрацоўвае законапраект, згодна з якім допуск супрацоўнікаў, занятых на небяспечнай вытворчасці, будзе ажыццяўляцца праз абавязковую медкамісію.

Цяпер абавязковую медкамісію перад пачаткам змены праходзяць, напрыклад, кіроўцы грамадскага транспарту. Аднак мы плануем увесці такі ж парадак для тых, хто працуе са станкамі ці на вышыні», — палумачыў Максімчук.

Алкаголю более

Вытворчасць алкагольных напояў у Беларусі штогод расце. У 2012 г. у краіне было выраблена 194 млн літраў дыстыляваных (г.зн. моцных) алкагольных напояў і 432 млн літраў піва. Гэта 20,5 літра гарэлкі і 45,6 літра піва на кожнага жыхара. За 10 гадоў вытворчасць алкагольных напояў у Беларусі павялічылася амаль у два разы.

Міжнародная статыстыка таксама не на карысць Беларусі — яна стабільна трымае пазіцыю сярод краін з найбольшым спажываннем алкаголю на душу насельніцтва.

Паводле справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны беларус старэйшы за 15 гадоў выпівае 11,2 літра чыстага этанолу штогод (звесткі за 2005 год).

У 2012 г. Мінздароўя паведамляла, што на кожнага беларуса штогод прыходзіцца амаль 12 літраў этанолу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?