Пра рашэньне прэзыдэнтаў Вышаградзкае чацьвёркі датычна бясплатных віз для беларусаў пакуль што вядома толькі ў агульных рысах. Калі намер ажыцьцёвіцца, то гэта будзе і прыгожы жэст, і сапраўдны ўнёсак у справу дэмакратызацыі Беларусі.

У Эўразьвязе, калі схематычна, два падыходы да візавай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Адны дзеячы — за максымум льготаў, каб наш народ як мага болей езьдзіў на Захад і на свае вочы пераконваўся ў перавагах эўрапейскага выбару. Іншыя ж вызнаюць жорсткі падыход: маўляў, ніякіх прывілеяў, пакуль дыктатура непахісная!

Прыхільнікам другога падыходу, наколькі я зразумеў, зьяўляецца славацкі часовы павераны ў Беларусі сп. Рэгак. Вось тут ляжаць ягоныя характэрныя развагі на гэтую тэму. Дарэчы, ён зараз прэзэнтуе ў нас ня толькі Братыславу, але і Брусэль, бо славацкая амбасада выконвае функцыі прадстаўніцтва ЭЗ (сп. Хальцапфэль так і сядзіць на валізках у Кіеве, чакаючы адкрыцьця офісу).

Дарэчы, менавіта ў Кіеве на нядаўняй канфэрэнцыі "Да новага бачаньня Беларусі" я ў ліку іншых удзельнікаў стаў сьведкам вострай дыскусіі між сп. Рэгакам і нашым палітолягам Андрэем Фёдаравым. Дыплямат даводзіў, што апазыцыі варта не салідарызавацца з урадам у пытаньні танных візаў, а ціснуць на айчынныя ўлады, каб пачыналі выконваць 12 умоў ЭЗ.

Тэарэтычна пазыцыя нібыта лягічная, але калі цьвяроза глядзець на рэаліі... Мы ж ведаем і рэальную вагу апазыцыі, і магчымасьці, назавем яе так, прагрэсыўнай грамадзкасьці (дый усёй астатняй таксама:) уплываць на палітыку кіроўных вярхоў. Покуль траўка падрасьце, конік з голаду памрэ! Звыш таго, падкрэсьлівае Фёдараў, дарагія візы — козыр для афіцыйнай прапаганды: вось як нас чакаюць у той Эўропе!

Дадамо: для каго-кольвек наверсе гэта, калі хочаце, яшчэ і своеасаблівая ўцеха. Маўляў, хай сабе мы неўязныя, але ж, дзякуй богу, і электарату ня надта даюць па Эўропах шастаць!

Карацей, абстрактная прынцыповасьць заходнікаў у візавым пытаньні (калі вынесьці за дужкі кропкавыя санкцыі ў выглядзе "чорнага сьпісу" ўладных пэрсонаў) дэ-факта ліе ваду на млын рэжыму. Тога самага, які хочуць такім чынам прыціснуць. Прывязка візавага пытаньня да праблемы дэмакратызацыі выглядае ня надта карэктнай і недальнабачнай. Калі Брусэль сапраўды заклапочаны пэрспэктывамі добрасуседзтва, а ня проста адгароджваецца ад праблемнай краіны, дык Эўропа мусіць быць адчыненая для беларусаў як мага шырэй ужо зараз.

Менавіта праз простае параўнаньне ўзроўню і стандартаў жыцьця найперш і будуць мацнець сярод шараговых суайчыньнікаў праэўрапейскія настроі. Банальны шоп-тур у Польшчу ці турысцкая вандроўка ў Літву фармуюць адпаведны сьветапогляд, бадай, ня горай, чым агітацыйная прадукцыя "Эўрапейскага маршу":)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?