Большасць настаўнікаў першым у гэтым навучальным годзе заробкам расчараваныя, а многія і зусім задумаліся аб тым, каб сысці са школы, піша «Intex-press».

Урок даражэй на 2,5 тысячы

Настаўніца з Баранавічаў, якая знайшла некалькі сваіх разліковых лісткоў за мінулы навучальны год, падлічыла, што розніца ў аплаце працы педагога сапраўды аказалася смешнай. «У гэтым годзе за адзін урок я атрымліваю за ўсё на 2550 (!) рублёў больш, чым у мінулым», — адзначыла выкладчыца. — «І гэта пры тым, што ў мяне максімальны стаж працы ў школе і вышэйшая катэгорыя».

Большасць педагогаў, апытаных «IP», адзначылі, што іх заробак у параўнанні з мінулым годам вырас нязначна.

Так, напрыклад, настаўніца фізікі адной са школ распавяла, што ў мінулым годзе пры нагрузцы 23 гадзіны атрымлівала каля 2,5 млн. У гэтым годзе нагрузка педагога склала ўжо 25 гадзін, а заробак вырас да 3,2 млн.

«Летась за свае 25 гадзін я магла б атрымаць 2.900.000, а цяпер выйшла на 300 тысяч больш», — разважае педагог. —

«Атрымліваецца, што трохі ўсё ж такі заробак павялічыўся. Але калі ўлічыць, як за гэты час выраслі цэны, хоць бы на праезд у аўтобусе, на камунальныя паслугі, на харчаванне дзяцей у школах, то што нам з гэтага павелічэння?»

Лічбы з «разліковак», якія агучылі ў адміністрацыі адной са школ горада, сапраўды нельга назваць уражальнымі.

Так, выкладчык матэматыкі першай катэгорыі са стажам 18 гадоў пры нагрузцы 25,5 гадзін атрымала 2.900.000 рублёў.

Настаўнік фізкультуры, які адпрацоўвае 24 гадзіны ў тыдзень, мае 3 млн рублёў.

У «разлікоўцы» выкладчыка замежнай мовы, нагрузка якой склала 25 гадзін, — 3,3 млн рублёў.

А настаўнік інфарматыкі першай катэгорыі са стажам працы больш за 10 гадоў і нагрузкай 25 гадзін зарабіла ўсяго 2,5 млн рублёў.

З тым, што нават пасля дадатку заробак педагогаў усё адно застаецца невысокім, згодны і кіраўнік краіны.

«Мы зараз стаўку павысілі з 18 гадзін да 20. Зэканомленыя грошы аддалі ў школы, а не забралі ў бюджэт.

Але настаўнікі ўсё роўна крыўдзяцца, што зарплата невысокая. І я з імі згодны. Ёсць праблема, якую мы ў бліжэйшы час проста вымушаныя вырашыць.

Як бы цяжка ні было», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі расійскім рэгіянальным СМІ 11 кастрычніка.

Хто хоча, той і зарабляе?

Тым не менш, як паведамілі ў адміністрацыі гарадской школы, ёсць і такія настаўнікі, якія атрымалі ў гэтым навучальным годзе больш за 4 млн.

«Але гэта людзі, якія працуюць амаль на дзве стаўкі», — адзначыла суразмоўніца «IP». — «Вядома, чалавек, які далёкі ад сістэмы адукацыі, напэўна скажа, маўляў, хто хоча, той і зарабляе. Але нямногія ведаюць, што такое для настаўніка працаваць 36 гадзін у тыдзень. Часу ні на сябе, ні на сям'ю проста не застаецца».

Больш за тое, калі ўлічыць, з якімі нервамі ў гэтым годзе праходзіла традыцыйнае размеркаванне вучэбнай нагрузкі, то прыбаўка да заробку настаўнікаў наўрад ці можа стаць аб'ектам чыёйсці зайздрасці.

«Дзяльба» гадзін у нас кожны год праходзіць напружана, а ў гэтым так і наогул ледзь не біліся. Трэба ж было дабіраць адсутныя гадзіны да новых ставак, — прызналася адна з настаўніц. — Зразумець тых настаўнікаў, якія па галовах ішлі, вядома, можна, многія з іх выхоўваюць дзяцей без мужа, разлічваць, акрамя як на сябе, больш няма на каго.

Крыўдна толькі, што нас з-за гэтых капеек прымушаюць псаваць адносіны ў калектыве.

Тыя ж педагогі, якія прыбаўку да зарплаты пакуль амаль не адчулі, прызналіся, што расчараванне магло быць значна меншым, калі б падвышэнне не анансавалася з такім размахам.

Бо тое, што настаўнікам «дададуць» 25 %, чулі многія, але нават палова з іх наўрад ці ведае, што рэальная прыбаўка склала ўсяго нічога.

«Больш за ўсё раздражняе тое, што незнаёмыя людзі, калі даведаюцца аб маёй прафесіі, з зайздрасцю прысвістваюць, маўляў, як добра нам дадалі зарплату.

А ў мяне пры гэтым пачуццё, што нас усіх нібы падманулі з гэтым павышэннем», — кажа адна з настаўніц. — Пасля ўсяго гэтага хочацца кінуць усё і сысці са школы. Калі нічога не зменіцца, так і будзе.

А я, між іншым, люблю працу, і дзяцей вучыць мне падабаецца. Шкада будзе ўсё кідаць, але працаваць за капейкі не хачу…»

Былая настаўніца інфарматыкі Святлана Кісялёва расказала, чаму вырашыла сысці са школы.

«У школе я адпрацавала амаль 15 гадоў настаўнікам інфарматыкі. Крыху больш за год таму мне прапанавалі працу па спецыяльнасці «праграміст» у адной з прыватных арганізацый горада.

Я пагадзілася практычна адразу, не пашкадавала нават свайго настаўніцкага стажу.

Па-першае, прапанаваная зарплата аказалася ў паўтара раза вышэй. Па-другое, мяне чакала больш спакойная праца, без бясконцай кучы папер, справаздач і неймавернай колькасці абавязкаў, далёкіх ад педагогікі.

У школе я часта вымушана была працаваць па суботах, кожны раз ламала галаву, з кім пакінуць сваю дачку. А часам даводзілася, нягледзячы на непагадзь, цягнуць яе з сабой.

Цяпер з-за паломкі тэхнікі мяне таксама часам могуць выклікаць у офіс, але здараецца гэта вельмі рэдка, і адгул за фактычна адпрацаваны час мне даюць.

Наогул, умовы працы нават параўноўваць складана, настолькі яны адрозніваюцца: цяпер мне не прыходзіцца самой траціцца на канцтавары, на запраўку друкаркі, у мяне нарэшце з'явіўся абедзенны перапынак.

Я заўсёды марыла, каб пасля заканчэння працоўнага часу можна было зачыніць за сабой дзверы і ўспомніць аб працы раніцай наступнага дня. Мая мара спраўдзілася толькі тады, калі я пайшла са школы.

Сёння ў школе склалася сітуацыя падобна анекдоту, калі настаўнік вымушаны прасіць дзяцей пасядзець ціха і не перашкаджаць працаваць. Пакуль усё будзе заставацца на ранейшых месцах і афармленне папер будзе важней за ўрокі, я наўрад ці зноў стану педагогам.

Даведка «IP»

Паводле звестак Белстата, у 2012-2013 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Баранавіцкага рэгіёну працавала 2764 настаўніка. Сярэдні заробак баранавіцкіх настаўнікаў за жнівень склала 4037100 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?