23 кастрычніка ў Стакгольме суд пачаў разглядаць апэляцыю ў справе беларускі Вольгі Класкоўскай, абвінавачанай у замаху на забойства мужа — швэдзкага грамадзяніна турэцкага паходжаньня Гёкая Бэзгіна.

Паседжаньні будуць доўжыцца 3 дні. Мяркуецца, што канчатковы вэрдыкт абвесьцяць у пятніцу, 25 кастрычніка, паведамляе радыё «Свабода».

Грамадзянку Беларусі Вольгу Класкоўскую затрымалі ў Швэцыі 30 сакавіка. Суд, які адбыўся 23 жніўня, прысудзіў Вользе восем гадоў турмы. Таксама яна павінна выплаціць былому мужу кампэнсацыю ў 110 тысяч швэдзкіх крон.

Вольга Класкоўская падала касацыйную скаргу, якая разглядаецца гэтымі днямі. Паколькі ў Швэцыі дагэтуль няма беларускага дыпляматычнага прадстаўніка, справамі беларускіх грамадзянаў апякуецца беларуская амбасада ў Латвіі.

Вось што апавёў Радыё Свабода Андрэй Кожан, дарадца — загадчык консульскага аддзелу амбасады Беларусі ў Латвіі: «Мы знаходзімся ў сталым кантакце і з самой Вольгай, і з афіцыйнымі ўладамі Швэцыі.

Ёсьць і зваротная рэакцыя зь іх боку. Трымаецца Вольга даволі ўпэўнена з улікам яе сытуацыі, не зусім простай.

Суд будзе ісьці цягам трох дзён, але нейкія пэрспэктывы прагназаваць я, канечне ж, не вазьмуся. Гэта апэляцыйны суд, суд апошняй інстанцыі, які павінен вырашыць, ці застанецца ў сіле прысуд, які ўжо вынесены — 8 гадоў, альбо будзе прысуд на карысьць Вольгі».

Перад самым судовым паседжаньнем беларускі дыплямат размаўляў з самой Вольгай. Андрэй Кожан учора патэлефанаваў і маці Вольгі Класкоўскай. Маці Вольгі Людміла Класкоўская распавяла: «Паседжаньні будуць сёньня, заўтра і пасьлязаўтра. У яе будзе новы адвакат — Томас Нільсан. Яна мне ўчора ліст даслала.

Трымаецца яна нармальна, напісала, што знаходзіцца ў такім трывожна-ўсхваляваным стане, але побач новы адвакат, зь якім вельмі добрыя кантакты ўсталяваліся, размовы, спатканьні. Паабяцала трымацца ўпэўнена, без эмоцыяў на судовым паседжаньні.

Вольга папярэдзіла, што, напэўна, ня зможа тэлефанаваць, паколькі будзе на паседжаньнях прысутнічаць».

Маці Вольгі Класкоўскай спадарыня Людміла зьвярнулася зь лістом да каралевы Швэцыі Сільвіі, просячы дапамагчы Вользе.

Часовы павераны ў справах Швэцыі ў Беларусі Марцін Обэрг паведаміў спадарыні Людміле, што ліст каралеве перадалі. Таксама Людміла Класкоўская распавяла, што малодшы сын Вольгі Адам застаецца ў Швэцыі з бацькам Гёкаем Бэзгінам.

Сама Людміла зьвярталася да швэдзкіх уладаў, каб ёй дазволілі сустрэцца з унукам, але атрымала адмову.

Але ў яе ёсьць надзея, што хлопчыка вярнуць маці, бо Вольга атрымала аптымістычны адказ ад аўтарытэтнага міжнароднага камітэту:«Гэта скандынаўскі камітэт, які займаецца праблемамі захаваньня сям’і і дзяцінства, у склад якога ўваходзяць юрысты, прафэсары права, філязофіі, судзьдзі ў адстаўцы, адвакаты, якія пісалі даклад у Раду Эўропы пра вынікі незаконнага адбіраньня дзяцей у бацькоў у Швэцыі.

І яны ёй адказалі, што зоймуцца справай малодшага сына Вольгі Адама і будуць рабіць усё, каб яго вярнулі ёй. І гэта добрая навіна».

Канчатковы вэрдыкт па справе Вольгі Класкоўскай будзе вынесены 25 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?