Ператрус у кватэры блогера Алега Жалнова доўжыўся сем гадзін: пачаўся ў 07.10 раніцы, а скончыўся каля 14.00 дня, паведамляе spring96.org.
Яго праводзілі бабруйскія супрацоўнікі міліцыі Сяргей Рудзько, Дзяніс Ракоўскі, Валерый Шэйко, Сяргей Сарычаў, а таксама спецыяліст па тэхніцы з Магілёва — Андрэй Нікіцін.
У якасці панятых былі запрошаныя «невядома адкуль», як адзначыў Алег Жалноў, бабруйчане Іваноў і Качарга. Таксама на ўваходзе ў кватэру дзяжурылі два супрацоўнікі АМАП.
«Пасля таго, як міліцыянты «весела», з прымяннем фізічнай сілы, уварваліся ў наш дом, я хацеў, каб у якасці панятой выступіла мая цешча.
Яна спецыяльна прыехала да нас, але яе нават не пусцілі ў кватэру, — распавёў пасля ператрусу Алег Жалноў. — У пастанове гаварылася, што міліцыянты прыбылі для «агляду месца падзей».
Таму па шафах не лазілі, але ўсё, што было навідавоку, абмацалі, нават у пакеты з кнігамі зазірнулі. Пры гэтым яны сканфіскавалі ў мяне ўсю тэхніку, усе сродкі сувязі: вінчэсцеры, мадэм, смартфон, мой мабільны тэлефон.
У гэтай сітуацыі ахвярай стаў мой сын, ён яшчэ школьнік, і кампутар з інтэрнэтам яму вельмі б спатрэбіўся для падрыхтоўкі да заняткаў».
Алег Жалноў кажа, што міліцыянты сем гадзін апісвалі ўсе рэчы, якія знаходзяцца ў кватэры, уключна з шафамі і ложкамі. Пры гэтым блогер папрасіў зафіксаваць у пратаколе 22 заўвагі, якія тычыліся працы правяраючых.
«Міліцыянты не знаходзіліся ўсе ў адным месцы, а разыходзіліся па розных пакоях, хадзілі туды-сюды. Гэты факт я папрасіў зафіксаваць у пратаколе.
Таксама яны не прапанавалі ўласніку кватэры, маёй жонцы, прысутнічаць у кватэры падчас ператрусу. Наадварот, яны сказалі ёй, каб ішла на працу.
Шэйко і Ракоўскі сцвярджалі, што крымінальнай справы няма, і гэта проста праверка. Мае правы мне не растлумачылі, таксама мне не пакінулі ніякіх дакументаў, якія б сведчылі аб праведзеным ператрусе», — адзначыў блогер.
Алег Жалноў збіраецца звяртацца ў пракуратуру, каб скардзіцца на дзеянні міліцыі. Калі гэта не дапаможа, будзе звяртацца ў адміністрацыю прэзідэнта.
Нагадаем, санкцыі на ператрус былі падпісаны пракурорам Артурам Карапецянам, а таксама намеснікамі начальніка УУС Віталём Харлапавым і Аляксандрам Сяргеевым.
Падставай стала заява супрацоўніка ДАІ Яўгена Сераштанава, які просіць распачаць супраць блогера крымінальную справу за абразу яго гонару і годнасці.