Вось ужо дзевяць гадоў ён жыве ў Нідэрландах і актыўна гастралюе па Еўропе. Перад канцэртам Віталя Стахіевіча, які пройдзе 3 лістапада 2013 года ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, «НН» распытала яго пра творчасць і жыццё за мяжой.

«Наша Ніва»: Сусветна вядомы піяніст Дзяніс Мацуеў калісьці сказаў, што прадстаўнікам асобных прафесій можна працаваць толькі ў вялікіх культурных цэнтрах. Бо ў невялікіх гарадах раней ці пазней знікне магчымасць для творчага росту і развіцця. Ці паўплывала гэтая акалічнасць на ваш пераезд у Нідэрланды?

Віталь Стахіевіч: Напэўна, у гэтым ёсць рацыя. У буйных культурных цэнтрах і мастацкае жыццё цікавейшае, і стасункі паміж творчымі асобамі больш актыўныя. Калі я толькі апынуўся ў Амстэрдаме, ледзь не штодня хадзіў на канцэрты ў Канцэртгебаў (канцэртная зала ў сталіцы Нідэрландаў. – «НН»), настолькі ўсё здавалася вартым і выдатным. Акрамя таго, мог лёгка наведваць багатыя мастацкія музеі, падарожнічаць па Нідэрландах і іншых еўрапейскіх краінах. Атрымаўшы новы досвед, пачынаеш лепш цаніць культурнае жыццё роднага горада, бо наш Мінск – таксама цікавы еўрапейскі цэнтр.

Выбар менавіта гэтай краіны быў вынікам хутчэй збегу абставін. Але на той час я ўжо выступаў ў тых мясцінах (асабліва ў суседняй Бельгіі), крыху ведаў пра тамтэйшае жыццё. Для навучання ў Амстэрдамскай кансерваторыі дастаткова было ведання англійскай мовы, якая ў мяне была, а нідэрландскую падвучваў ужо з цягам часу.

«НН»: Ці змаглі б вы дасягнуць цяперашніх поспехаў, калі б засталіся ў Мінску?

ВС: Мяркую, кожнаму на пэўным этапе карысна змяніць абстаноўку, адчуць новыя ўплывы, стаць больш самастойным. Таму калі б я ўвесь час заставаўся ў Мінску, мой светапогляд быў бы інакшы, у чымсьці – вузейшы. Для аб’ектыўнасці, статус піяніста на Захадзе і ў нас (з тымі ці іншымі папраўкамі) падобны. За кошт агульнага ўзроўню жыцця, які ў Еўропе вышэйшы, гэты статус можа здавацца больш прывабным. Хоць у суадносінах з іншымі прафесіямі і заняткамі ён паўсюль прыкладна аднолькавы.

У Амстэрдаме кожны дзень напоўнены канцэртамі, заняткамі ў кансерваторыі, дзе я ўжо другі год працую канцэртмайстрам, прыватнымі ўрокамі. Але ў першую чаргу адчуваю сябе менавіта канцэртным піяністам, і грунт для такіх адчуванняў у мяне там ёсць. А вось у Беларусі праблематычна мець паўнавартасную канцэртную практыку. А без яе цяжка знайсці стымулы для развучвання новых праграм і для шматгадзінных заняткаў. У нас такую практыку маюць адзінкі, у той час як у Нідэрландах – дзясяткі, калі не сотні ці тысячы, музыкантаў самага рознага ўзроўню.

«НН»: Ваш графік выступленняў распісаны на месяцы наперад. Напрыклад, у лютым 2014 года вы збіраецеся выступаць у Брэсце, у красавіку – двойчы ў Амстэрдаме, у маі ў нідэрландскім горадзе Сантпарт-Норд. Прычым, у большасці выпадкаў праграма ужо вядомая. Як вы ставіцеся да такога планавання наперад? Ці рэальнае яно ў Беларусі?

ВС: Ужо маю канцэрты нават на вясну 2015 года! Жыццё канцэртных залаў уладкаванае так, што яны плануюць сезон загадзя, адразу анансуюць увесь год наперад і вельмі рана пачынаюць продаж абанементаў і квіткоў. Ёсць у гэтым нешта застрашлівае, здаецца, што час пачынае бегчы хутчэй. Калі нешта запланаванае ў цябе на 2 гады наперад у пэўны дзень на 20.15 – і нарэшце яно здараецца, дык пачынае здавацца, што прамежкавага часу нібыта і не было. На шчасце, ёсць і хатнія канцэрты, і нейкія нечаканыя выступы, пры якіх усё больш спантанна.

У Беларусі зародкі такога планавання існуюць. Але тут, на жаль, усё вельмі няпэўнае. У мяне былі прыкрыя выпадкі, калі быццам запланаваныя ўжо канцэрты адмяняліся нават без узгаднення. Гэта, бадай, нейкая «італьяншчына», якая рэдка здараецца ў пунктуальнай і дзелавой паўночнай Еўропе.

«НН»: У афішы канцэрта, з якім вы неўзабаве выступіце ў Мінску, — творы Ёзэфа Гайдна, Франца Шуберта, Льва Абеліёвіча і Фрэдэрыка Шапэна. Хто выбірае праграму: выканаўца ці арганізатары? Чым абумоўлены выбар менавіта такіх творцаў?

ВС: Паколькі канцэрт – частка міжнароднага фестывалю «Беларуская музычная восень», праграму трэба загадзя ўзгадняць з філармоніяй, каб не было відавочных паўтораў і накладак. Аднак выбар быў цалкам мой. Раней я часта іграў санаты, пераважна з іх складаўся ледзь не кожны сольны канцэрт. Цяпер захацелася амаль зусім адмовіцца ад гэтага жанру (выключэнне – саната Гайдна) і скласці канцэрт толькі з мініяцюр і твораў сярэдняга памеру. Праўда, у выпадку з чатырма экспромтамі Шуберта і пяццю п’есамі Абеліёвіча мініяцюры складаюцца ў цыклы, якія ў сукупнасці ўспрымаюцца як нешта маштабнае. Творы Шапэна – «Першая балада», «Паланез фа-дыез мінор» і «Фантазія» – кожны як цэлая паэма, разгорнутая гісторыя.

«НН»: Вы актыўна прадстаўлены ў інтэрнэце. Ёсць уласны сайт, дзе выкладзеныя запісы выступленняў, публікацыі і інтэрв’ю з вамі. Вы досыць рэгулярна ведзяце ЖЖ. Такая публічнасць – гэта стан душы, спроба зрабіць інфармацыю пра вас даступнай меламанам або элемент самапіяру?

ВС: Мабыць, усяго патроху. Ёсць яшчэ і Фэйсбук, і «Ўкантакце», і LinkedIn. Заўважаю, што, калі сядаю ў Амстэрдаме ў трамвай або ў цягнік, дык практычна ўсе маюць перад сабою смартфон, на якім адкрыты Фэйсбук. А некаторыя сумяшчаюць прагляд сацыяльных сетак з вандроўкай на ровары! Мабыць, цяпер гэта неад’емная частка жыцця.

Канцэрт Віталя Стахіевіча пройдзе 3 лістапада 2013 года ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі (праспект, Незалежнасці, 50) у межах ХХХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Беларуская музычная восень». Пачатак а 19-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?