Лідар ANO-2011 Андрэй Бабіш.

Лідар ANO-2011 Андрэй Бабіш.

На выхадных у Чэхіі прайшлі датэрміновыя парламенцкія выбары. У красавіку чэшскі парламент прагаласаваў за самароспуск. Гэткім чынам дэпутаты выказаліся супраць прызначэнне прэм’ер-міністрам Іржы Руснака.

Найбольшую колькасць галасоў набралі сацыял-дэмакраты. За іх прагаласавала больш за мільён выбарцаў (20,45%). Сацдэкі атрымаюць 50 месцаў з 200 у парламенце, што на 6 меней, чым у папярэднія выбары.

На другім месцы аказалася новая цэнтрысцкая партыя АNO-2011. Партыю заснаваў мільярдэр славацкага паходжання Андрэй Бабіш. Партыя выступае з шэрагам папулісцкіх прапановаў: за адмену дэпутацкага імунітэту, за змяншэнне падаткаў для прадпрымальнікаў, змяншэнне тарыфаў на электраэнергію.

Сам Бабіш спрабаваў паднесці сябе як «чалавека з народа», знаёмага з праблемамі простых грамадзян. АNO набрала 18,65%.

На трэцім месцы Камуністычная партыя Чэхіі і Маравіі, якая нават палепшыла вынікі, павялічыла колькасць мандатаў з 26 да 33.

У Чэхіі эфект новых партый вельмі магутны. На гэтых выбарах стрэльнула ANO-2011, а на мінулых вялікага поспеху дасягнула толькі створаная ТОП-09, якую ўзначальвае міністр замежных справаў Чэхіі Карл Шварцэнберг. На гэтых выбарах ТОП згубіў 15 мандатаў.

Але самы аглушальны правал здарыўся з партыяй, якая нярэдка выйгравала выбары ў Чэхіі. Грамадзянская дэмакратычная партыя, якую патрэслі некалькі карупцыйных скандалаў, змагла набраць усяго 7,7%. І згубіць аж 37 месцаў у парламенце.

Таксама ў парламент трапляюць Хрысціянскія дэмакраты, якія не былі прадстаўленыя падчас мінулага склікання.

Пакуль цяжка адназначна казаць, хто ўтворыць кіроўную кааліцыю. Чэхію чакаюць доўгія перамовы аб большасці ў парламенце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?