28.10.2013 / 13:20

Рост ВУП па выніках 2013 г. можа скласці 1,3% замест 8,5% 1

Рост ВУП па выніках 2013 года можа скласці 1,3%. Такая ацэнка прыводзіцца ў праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2014 год, які падрыхтавалі эканамічныя ведамствы.

На наступны год улады прагназуюць рост ВУП на ўзроўні 2,4%. Раней урад меркаваў, што рост ВУП у 2014 годзе можа скласці 5,7%.

Між тым, згодна з прагнозам Сусветнага банка, які быў абнародаваны на мінулым тыдні, рост ВУП Беларусі можа скласці 1% у 2013 годзе і 1,5% — у 2014-м.

«Рост ВУП знізіўся пад уздзеяннем знешніх і ўнутраных фактараў. У эканамічным аглядзе мы мяркуем, што рост ВУП у Беларусі сёлета складзе 1%, у 2014-м — 1,5%», — зазначыў на мінулым тыдні падчас прэзентацыі прагнозу дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Украіне і Малдове Чымяа Фан.

У падрыхтаваным эканамічным аглядзе эксперты Сусветнага банка зазначаюць, што знешнія ўмовы, уключаючы абавязацельствы Беларусі перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС, «прымусяць прытрымлівацца палітыкі абмежавання ўнутранага попыту ў чацвёртым квартале 2013 года і на працягу 2014 года». Як вынік — тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць нізкімі, прагназуюць эканамісты Сусветнага банка.

Паводле ацэнкі СБ, Беларусь увайшла ў перыяд нізкіх тэмпаў эканамічнага росту і той высокі рост ВУП, які назіраўся да 2008 года, наўрад ці магчымы ў сёлетняй сітуацыі. У сувязі з гэтым эксперты банка рэкамендуюць ураду неадкладна пачаць структурныя рэформы, вынікі якіх дазволяць паскорыць тэмпы эканамічнага росту.

Нагадаем, паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, у студзені—верасні 2013 года рост ВУП склаў 1,1% пры прагнозе на год 8,5%. У 2012 годзе эканамічны рост у Беларусі склаў 1,5%, у той час як афіцыйна прагназаваўся на ўзроўні 5,5%.

0
Васіль / Адказаць
28.10.2013 / 14:22
ну навошта так, які рост?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру