Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб выдзяленні больш як 3,1 млрд. рублёў са сродкаў фонду прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва на фінансаванне творчых і іншых праектаў.

На рэстаўрацыю і музеефікацыю гісторыка-культурных каштоўнасцяў Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку выдзелена 420 млн. рублёў, Нацыянальнаму гістарычнаму музею — 118 млн. рублёў.

Маладзёжнаму тэатру эстрады і Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Максіма Горкага выдзяляецца адпаведна 680 млн. і 500 млн. рублёў на набыццё сцэнічнага і іншага абсталявання.

Са сродкаў фонду таксама будзе прафінансавана набыццё музычных інструментаў для народнага духавога аркестра «Віціны» амаль на 200 млн. рублёў.

Акрамя таго, 950 млн. рублёў выдзяляюцца прыватнай тэатральна-відовішчнай установе «Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшэн» на арганізацыю і правядзенне ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча будзе накіравана 50 млн. рублёў на арганізацыю выставы «Праглядзіце гэты томік…», прысвечанай 100-годдзю з дня выхаду зборніка вершаў паэта «Вянок».

«Падпісанне распараджэння будзе спрыяць рэалізацыі сацыяльна значных творчых праектаў, павышэнню кваліфікацыі музейных работнікаў і стане яшчэ адным сведчаннем пастаяннай дзяржаўнай падтрымкі беларускай культуры», — адзначыла прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?