У Беларусі плануецца размясціць дзяжурнае звяно знішчальнай авіяцыі Расіі.

Пра гэта паведаміў журналістам міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу па выніках праведзенага сёння ў Маскве сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў абароны Беларусі і РФ, паведамляе БелТА.

«Мы прыступілі да практычнай прапрацоўкі пытання размяшчэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дзяжурнага звяна знішчальнай авіяцыі Расіі, — сказаў Шайгу. — Распрацоўваецца неабходная дакументацыя».

Раней неаднаразова казалася пра размяшчэнне расійскай авіябазы ў Лідзе.

«Уладкоўваць базу будзе беларускі бок, мы будзем ім у гэтым дапамагаць. Авіябаза стане важным элементам першага стратэгічнага эшалона абароны Саюзнай дзяржавы, забяспечваючы прыкрыццё паветранай прасторы Беларусі», — казаў 26 чэрвеня галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-лейтэнант Віктар Бондараў.

Тады заяўлялася, што база пачнецца функцыянаваць ужо ў гэтым годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0