Аляксандр Лукашэнка раіць моладзі не шукаць хуткіх і лёгкіх грошай, а паслядоўна дамагацца ўсяго ўласным розумам і працай.
Аб гэтым ён заявіў сёння, выступаючы на маладзёжным форуме «Традыцыі. Моладзь. Будучыня».
«Беларусь, якая перажыла, як і ўсе постсавецкія краіны, няпросты і бурны перыяд станаўлення, выйшла на стабільны шлях развіцця: хуткіх, лёгкіх грошай не будзе. Усяго трэба паслядоўна дамагацца ўласным розумам і працай. Надыходзіць эра прафесіяналаў ва ўсіх сферах — ад вытворчасці і бізнэсу да сфер мастацтва і індустрыі забаў», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама падтрымаў ідэю пра абвяшчэнне маладзёжнай будоўляй узвядзенне Беларускай АЭС.
Ён паабяцаў, што ў бліжэйшы час на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным яны разгледзяць гэтую ініцыятыву, бо БелАЭС будзе ўзводзіцца з удзелам расійскіх спецыялістаў.
«Мы гэтую будоўлю вядзем разам з брацкай Расіяй. Абяцаю вам, што ў бліжэйшы час мы з прэзідэнтам Пуціным разгледзім ініцыятыву, каб гэтую будоўлю, а можа быць, і ўзвядзенне наступнай атамнай станцыі, якую Расія будзе будаваць у Калінінградзе, зрабіць нашымі агульнымі маладзёжнымі будоўлямі. Гэта будзе, напэўна, правільна», — сказаў ён.
Таксама Лукашэнка заявіў, што БРСМ павінен больш нацэльваць моладзь на самарэалізацыю ў роднай краіне, прапанаваў зрабіць 2015 год Годам моладзі.
Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што 2015 будзе вызначальным у гісторыі краіны.
«Гэта будзе вельмі няпросты год, я гэта кажу без усялякага падтэксту, — сказаў ён.
— Гэты год будзе вызначаць будучыню нашай краіны па многіх-многіх напрамках. І як вы вырашыце ў гэты год, хай так і будзе, гэта будзе для вас».
Лукашэнка дадаў, што «нашай краіне пара перапыніць сумную традыцыю мінулага стагоддзя — разбураць дазвання і кожныя тры дзесяцігоддзі пачынаць усё будаваць з нуля. І менавіта моладзь павінна сказаць тут сваё слова, назаўжды прышчапіўшы сабе імунітэт да разбуральных радыкальных ідэялогій».