29.10.2013 / 18:53

Стаўка рэфінансавання на 1 студзеня 2015 можа скласці 19-21%

Стаўка рэфінансавання на 1 студзеня 2015 года можа скласці 19-21%. Паводле інфармацыі БелаПАН, такая ацэнка ўтрымліваецца ў праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, які падрыхтавалі эканамічныя ведамствы.

Згодна з праектам прагнозу, мяркуецца, што прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі ў наступным годзе складзе 16-19%, прырост рэсурснай базы банкаў — 13-15%.

Мяркуецца, што на 20 трлн. рублёў рэсурсная база банкаў у наступным годзе прырасце за кошт сродкаў насельніцтва, на 12 трлн. рублёў — за кошт сродкаў юрыдычных асоб.

Таксама чакаецца, што стаўка рэфінансавання, якая цяпер знаходзіцца на ўзроўні 23,5% гадавых, на 1 студзеня 2015 года будзе знаходзіцца ў дыяпазоне 19-21%.

Між тым прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падчас пасяджэння прэзідыума Саўміна 22 кастрычніка, на якім разглядаліся прагнозныя дакументы на наступны год, заявіў аб неабходным «рэзкім зніжэнні» стаўкі рэфінансавання ў 2014 годзе.

Нагадаем, Нацыянальны банк апошні раз сёлета зніжаў стаўку рэфінансавання ў чэрвені. У ліпені, калі стаў назірацца адток рублёвых укладаў насельніцтва і рост попыту на валюту, цэнтральны банк Беларусі спыніў зніжаць стаўку рэфінансавання і захоўвае яе на нязменным узроўні (23,5% гадавых) да гэтага часу.

У той жа час эксперты канстатуюць, што стаўка рэфінансавання сёння не адлюстроўвае рэальны кошт грошай у эканоміцы. «Цяпер стаўка рэфінансавання складае 23,5% гадавых, а сярэдняя стаўка па аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытах 44,9%. Такім чынам, розніца паміж названымі стаўкамі — 21,4%», — гаворыць фінансавы аналітык Даследчай група BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Ён адзначыў, што высокія стаўкі на грашовым рынку сфарміраваліся з прычыны дэфіцыту рублёвай ліквіднасці, які захоўваецца з лета гэтага года.

«Адток рублёвых укладаў насельніцтва, які быў зафіксаваны летам, вымусіў Нацыянальны банк узмацніць жорсткасць грашова-крэдытнай палітыкі і павысіць стаўкі па аперацыях падтрымання рублёвай ліквіднасці банкаў», — нагадвае Муха.

На думку эксперта, Нацбанк у наяўных умовах не можа змякчыць грашова-крэдытную палітыку, бо зніжэнне працэнтных ставак можа прывесці да адтоку рублёвых укладаў з банкаў і павышэння попыту на валюту з боку насельніцтва.

Бязбольна знізіць працэнтныя стаўкі на грашовым рынку можна будзе, калі паменшыцца ступень дэвальвацыйных чаканняў, мяркуе эканаміст.

«Асноўная ўмова — зніжэнне дэвальвацыйных чаканняў, тады могуць зніжацца і працэнтныя стаўкі на грашовым рынку», — рэзюмаваў Аляксандр Муха.

Як паведамлялася раней, у верасні і ў кастрычніку, паводле звестак Нацбанка, на фоне высокіх працэнтных ставак у банкаўскай сістэме не назіралася прытоку рублёвых укладаў, што, на думку экспертаў, сведчыць аб наяўнасці дэвальвацыйных чаканняў у грамадстве.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру