Рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва складзе ў 2014 годзе 3%. Паводле інфармацыі БелаПАН, такая ацэнка прыводзіцца ў праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, які падрыхтавалі эканамічныя ведамствы.

Нагадаем, у 2012 годзе рэальныя наяўныя грашовыя даходы (за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэкціраваныя на індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) выраслі на 21,5%.

Паводле вынікаў 2013 года, згодна з ацэнкамі эканамічных улад, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва вырастуць на 17,6%.

У наступным годзе, згодна з праектам прагнозу, рост даходаў складзе 3%. Раней урад закладваў на наступны год рост рэальных наяўных даходаў насельніцтва ў памеры 6%.

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фоду рэкамендуюць беларускім уладам знізіць тэмпы росту зарплат.

«Пагаршэнне плацежнага балансу выклікана ў тым ліку больш хуткім ростам зарплат і павелічэннем мэтавага крэдытавання.

Таму, каб вырашыць праблему, неабходна прымяняць комплексны падыход, які павінен нацэльвацца на жорсткае кіраванне ўнутраным попытам», — заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман на прэс-канферэнцыі 28 кастрычніка.

Кіраўнік місіі фонду падкрэсліў, што адной з неабходных мер з'яўляецца абмежаванне даходаў насельніцтва. 

«У прыватнасці, на нашу думку, неабходна рэзка скараціць рост заработнай платы і мэтавага крэдытавання — двух галоўных фактараў узмацнення дысбалансаў. Акрамя таго, неабходныя дадатковыя меры па карэкціроўцы пагаршэння сальда дзяржаўнага бюджэту», — рэзюмаваў Хофман.

Як паведамлялася раней, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў студзені—жніўні 2013 года выраслі на 18,8% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?