«Наша Ніва» вылічыла дзясятку самых папулярных беларускіх кліпаў на YouTube.

Адразу заўважым, што цалкам аб’ектыўнай такую статыстыку лічыць нельга -- калі б «Госці» «Крамбамбулі» выйшлі ў эпоху безлімітнага інтэрнэту, то быць бы ім недзе ў раёне першага месца.

Мы ўлічвалі, што ў рэйтынг не мусіць трапіць болей за адну песню аднаго выканаўца, інакш бы Топ складаўся выключна з «Ляпісаў» і Макса Каржа. Калі вы, паважаныя чытачы, заўважыце, што мы нешта ўпусцілі, то паведамляйце нам у каментарах.

1. Ляпіс Трубяцкой «Железный» (2 635 131 прагляд)

Менавіта гэтая песня абышла па папулярнасці іншыя хіты «Ляпіса Трубяцкога», у тым ліку кліпы на песні «Я верю» і «Не быць скотам». Відаць прычына ў тым, што песня «Железный» увайшла ў альбом «Рабкор», хай не самы ўдалы ў дыскаграфіі, аднак самы чаканы за гісторыю гурту.

2. Дзмітрый Калдун - Корабли (1 628 156 праглядаў)

Песня, якая летась гучала з кожнага праса, мае кліп, які транслявалі па ўсіх магчымых каналах. Вось і карыстальнікі YouTube яго заўважылі і ацанілі. Можна па-рознаму ставіцца да Калдуна і ягонай творчасці, але фігура ён заўважная.

3. Алена Ланская – Soleyoh (1 508 468 праглядаў)

У гэта цяжка паверыць, аднак на трэцім месцы рэйтынгу апынулася песня Алены Ланской, з якой тая адпраўлялася на Еўрабачанне. Яшчэ перад фіналам конкурса гаворка ішла пра мільён праглядаў, цяпер іх паўтара мільёна. Для параўнання, «ляпісаўскі» «Не быць скотам» мае на 200 тысяч меней.

4. Макс Корж — В темноте (1 354 309 праглядаў)

Абраць найпапулярнейшы кліп Макса Каржа цяжка -- яны ўсе маюць за мільён праглядаў. «В темноте» пакуль у лідарах, але хутка яго дагоніць «Жить в кайф», які выйшаў тыдзень таму, але ўжо цяпер мае пад 800 тысяч праглядаў.

5. 3+2 – Butterflies (727 268 праглядаў)

Яшчэ адзін кліп з Еўрабачання. Гурт 3+2 выступаў на конкурсе ў 2010 годзе, і трэба аддаць належнае – відэа атрымалася куды густоўнейшае за большасць кліпаў удзельнікаў конкурса ад Беларусі.

6. Серега и Дети капитана Гранта – Осколки (725 995 праглядаў

Рэпера Сярогу нельга не ўключыць у спіс, хоць ягоная творчасць накіравана хутчэй на расійскі рынак. Дарэчы, ягоныя асноўныя хіты таксама выйшлі да вялікай папулярнасці YouTube. Адсюль і не кожнаму знаёмая песня ў рэйтынгу.

7. Настасся Віннікава – I Love Belarus (466 255 праглядаў)

Яшчэ адзін кліп, папулярнасць якога напрамую звязана з Еўрабачаннем: асаблівых поспехаў патрыятычная песня Вінікавай на конкурсе не атрымала (далей за паўфінал Беларусь тады не прайшла), аднак 460 тысяч праглядаў таксама вынік неблагі.

8. Фрык-кабарэ бэнд «Серебряная Свадьба» – Чёрная речка (176 913 праглядаў)

А вось сапраўдныя героі андэграўнда – Святлана Бень са таварышы заслужана лічацца адным з самых цікавых гуртоў сучаснасці. 176 тысяч, з улікам таго, што «Серебряная Свадьба» гэта, скажам так, не поп-гурт, вынік выглядае болей чым упэўнена.

9.Без Билета – Байконур 86 ( 121 175 праглядаў)

А вось і героі беларускага поп-рока – гурт Віталя Артыста мае сваю аўдыторыю, збірае Палац спорту, і на YouTube яго прыхільнікі заходзяць. З усіх відэа гурту «Байканур» набраў найбольшую колькасць праглядаў.

 

10. Litesound — See you in Vegas (111 380 праглядаў)

Кліп яшчэ адных удзельнікаў Еўрабачання, аднак гэта не конкурсная песня. Дарэчы, за гэты кліп гурт паспеў атрымаць Нацыянальную музычную прэмію. Сюжэт тут не менш цікавы, чым песня.

11. Аляксандр Саладуха — Здравствуй, чужая мілая (105 828 праглядаў)

Легендарная песня Аляксандра Саладухі, якую ён справядліва лічыць сваім галоўным хітом, застаецца найпапулярнейшай на YouTube – яе афіцыйны кліп набраў нават болей праглядаў, чым выступ Саладухі ў мінскім пераходзе. Дарэчы, тут можна ўбачыць Саладуху з даўгімі валасамі і з барадой.

12. The Toobes — What Do You Want (96 965 праглядаў)

Яшчэ адзін заслужаны рок-гурт апошняга часу: папулярнасць The Toobes у Польшчы нават вышэйшая, чым у Беларусі. Цікавы вынік, асабліва для гурту, які душой застаўся ў залатых брытанскіх 70-х.

13. Крамбамбуля Госці (64 491 прагляд)

Сапраўдны хіт на тэлебачанні і не толькі ад Лявона Вольскага выйшаў яшчэ да таго, як людзі пачалі шукаць любімыя кліпы на YouTube. Тым не менш, значнасць «Гасцей», якіх спяваюць нават у дварах спальных раёнаў, лішні раз і апісваць не трэба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?