Грамадзянка Беларусі, 41-гадовая Вольга Круталёва, арыштаваная паліцыяй у горадзе Монца (Італія).

Як паведаміла расійскае інфармацыйнае агенцтва Новы рэгіён 2, жанчыну абвінавачваюць у выкраданні ўласнай дачкі, васьмігадовай Рэбекі, 29 сакавіка 2012 года з сацыяльнай структуры для часовага ўтрымання непаўналетніх. Пасля скасавання шлюбу Вольгі Круталёвай і грамадзяніна Італіі Ларэнца Дондзі па рашэнні суда да вынясення канчатковага вердыкту дзіця было часова перададзенае пад апеку работнікаў сацыяльных службаў.

Пасля выкрадання дачкі Рэбекі маці, як мяркуецца, незаконна вывезла яе з Італіі ў Беларусь.

Зараз месцазнаходжанне дачкі невядомае. Яе бацька неаднаразова звяртаўся праз тэлеэфір праграмы «Хто іх бачыў» (аналаг расійскай «Чакай мяне») з заклікам дапамагчы яму адшукаць дачку, аднак безвынікова.

Рэбека і яе маці былі аб'яўленыя ў міжнародны вышук. Пасля вяртання жанчыны ў Італію яна была арыштаваная.

Калі будзе даказаны ўдзел жанчыны ў выкраданні і вывазе за мяжу непаўналетняй, яна рызыкуе сесці за краты на працяглы тэрмін.

У прэс-службе МЗС Беларусі заявілі, што беларусцы «безумоўна будзе аказаная консульская дапамога». Таксама будуць вывучацца дэталі гэтай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?