30.10.2013 / 23:27

Яўген Меркіс: У Гомелі ўсё вырашае, на жаль, буйны бізнэс 8

Драўляны будынак з унікальнай разьбой па вуліцы Валатаўская, 17, у Гомелі, за захаванне якога змагалася гомельская моладзь, хутчэй за ўсё, будзе знесены.

фота holiday.by

Як паведаміў старшыня Гомельскай абласной маладзёжнай краязнаўчай арганізацыі «Талака» Яўген Меркіс, Міністэрства культуры адмовілася надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці славутаму дому № 17 па Валатаўской.

«Гэты дом, у якім жыла Ірына Паскевіч, уяўляў найбольшую цікавасць сярод драўляных пабудоў Гомеля.

Грамадскія арганізацыі амаль год стукаліся ў Міністэрства культуры, каб драўляным будынкам на Валатаўской надалі статус помнікаў. Наколькі нам стала вядома са сваіх крыніцаў, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены чатыром дамам па вуліцы Парыжскай Камуны, якім нічога і не пагражала. Абсурднае рашэнне, але цалкам вытлумачальнае. Буйны бізнес вырашае ў гэтай сітуацыі ўсё: на месцы Валатаўской, 17, у цэнтры горада будзе пабудаваны яшчэ адзін узор безгустоўнай шматпавярховай забудовы», — пракаментаваў сітуацыю Меркіс.

Яшчэ ў лістападзе 2012 года ААТ «Электрапрам» пры падтрымцы мясцовых чыноўнікаў пачаў будаўніцтва элітнага шматпавярховага дома на Валатаўской.

Па плане пад бульдозер павінны былі трапіць найлепшыя прыклады гістарычнай забудовы Гомеля XIX — пачатку ХХ стст. Супраць варварскага зносу выступілі грамадскія актывісты мясцовага аддзялення ТБМ і «Талакі». Яны тэрмінова сабралі і адправілі ў Міністэрства культуры ўсе неабходныя дакументы для надання статусу помнікаў унікальнай архітэктуры Гомеля.

Паводле слоў старшыні «Талакі», сотні лістоў і зваротаў паступалі ў Міністэрства культуры і Гомельскі гарвыканкам ад неабыякавых гараджан.

Грамадскія арганізацыі і ініцыятывы Гомеля падпісалі петыцыю за захаванне драўлянай забудовы. Некалькі дзясяткаў прафесараў і кандыдатаў гістарычных навук ці мастацтвазнаўства прызналі ўнікальнасць дома па Валатаўской, 17, і падпісалі спецыяльны зварот. Гісторыкі і архітэктары распрацавалі праекты пераносу дамоў і стварэння турыстычнага маршруту. З'явіліся інвестары, гатовыя за свой кошт рэстаўраваць будынкі. У абарону архітэктуры выказаліся вядомыя дзеячы Адам Мальдзіс і Юрый Жыгамонт. «Ніякія аргументы не дзейнічаюць на Міністэрства культуры. Вырашаюць пытанне толькі цэны на зямлю ў цэнтры горада», — канстатуе Меркіс.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі так пракаментаваў БелаПАН гэту інфармацыю: «Мы не каментуем нейкія чуткі нейкіх грамадскіх арганізацый».

Разам з тым, дадаў ён, «навукова-метадычная рада палічыла, што ўсім аб'ектам надаць гэты статус не маецца магчымасці». «Былі выбраныя чатыры кампактна размешчаныя аб'екты, якія дазваляюць сфарміраваць элемент забудовы — кавалачак квартала, а раскіданыя па ўсім горадзе будынкі, можа, камусьці цікавыя, але многія з іх перабудаваныя, змененыя і гэтак далей. Члены рады, зыходзячы з матэрыялаў, якія яны бачылі, пракаментавалі і прынялі такое рашэнне», — сказаў чыноўнік.

0
Міхась / Адказаць
30.10.2013 / 18:15
Калі гэта непазбежна, трэба разабраць яго і перавезці ў музей.. тады хаця б яго можна будзе вярнуць у будучыні...
0
Алесь з-пад Менску / Адказаць
30.10.2013 / 18:51
Альбо дзейнічаць больш кардынальна, магчыма падстаўляючы перад бульдозэрамі сваю грудзь. Але гэта толькі адзін з варыянтаў кардынальнага дзеяньня. Выбачаюся, што я ня ў Гомлі зараз.
0
Алесь Беларус / Адказаць
30.10.2013 / 19:05
У Строчыцы яго.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру