30.10.2013 / 15:09

Арлоў: Пазняку пырснулі ў твар слезацечным газам, людзей пачалі збіваць 19

Сёння — 25 гадоў з часу першых Дзядоў у Курапатах.

Восенню 1988-га пісьменнік Уладзімір Арлоў выступіў перад людзьмі, якіх чакаў жорсткі разгон за жаданне ўшанаваць памяць ахвяраў у Курапатах.

Праз 25 гадоў ён расказаў «Салідарнасці» некалькі вясёлых і сумных гісторый з таго часу, якія не пакінуць вас абыякавымі.

– 19 кастрычніка 1988 году падчас устаноўчага сходу таварыства памяці ахвяр «Мартыралог Беларусі» быў створаны і аргкамітэт БНФ. Чаму і як вы трапілі на гэты сход?

– Я не мог туды не трапіць. Па-першае, заснавальнікамі «Мартыралога Беларусі» выступалі газета «Літаратура і мастацтва», творчыя саюзы мастакоў, кінематаграфістаў і пісьменнікаў, да якога я належыў.

Па-другое, я толькі пераехаў у Менск (з 1 кастрычніка пачаў працаваць у выдавецтве «Мастацкая літаратура») і з галавой акунуўся ў новае жыццё. Тым больш, што з’яўляўся чалавекам даўно прысутным у нацыянальным руху. За плячыма быў удзел у самвыдаце – альманах «Мілавіца» на гістфаку БДУ і «Блакітны ліхтар» у Наваполацку. З сябрам Вінцэсем Мудровым памнажалі на дапатопнай «Эры» кнігі забароненых на той час Вацлава Ластоўскага, Міхаіла Булгакава.

У 1980-х кіраваў літаратурным аб’яднаннем пры наваполацкай газеце «Хімік». Яно, калі запахла пераменамі, ператварылася ў шырокі дэмакратычны клуб, куды прыходзілі журналісты, мастакі, рок-музыкі. Не абыходзілася і без прысутнасці стукачоў, якія вялі запіс нашых гутарак.

Калі літаразнаўцы ў цывільным выклікалі на размову маладых паэтаў і паэтак і распытвалі, пра што гаварылі Арлоў, Сокалаў-Воюш ці Мудроў, а нашы юныя калегі спрабавалі хітраваць, ім дэманстравалі стэнаграмы паседжанняў.

У рэдакцыі таксама ўвесь час хадзілі хлопцы з непранікальнымі тварамі, якія правяралі тэлефонную праводку.

З праслушкай здаралася шмат анекдатычных выпадкаў. У Наваполацку існаваў моцны экалагічны рух супраць забруджвання атмасферы нафтагігантамі. Перад адным з нашых мітынгаў, на якія збіраліся тысячы гараджан, тэлефануе мне з Віцебска Сяргей Навумчык, які рыхтаваў матэрыял у газету. Мы з ім размаўляем і чуем, што на лініі яшчэ двое, якія перакідваюцца словамі кшталту: «Слушай, а сакавик – это март, что ли?».

З Сяргеем мы размаўлялі даволі доўга, пакуль нарэшце адзін з нашых «суседзяў» не вытрымаў: «Ну всё ребята, хватит пи…ть». На гэтым размова абарвалася.

Мы з сябрамі ўдзельнічалі і ў змаганні супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, якое стала каталізатарам стварэння Латвійскага Народнага Фронту.

Мяне і Віктара Івашкевіча тады ўпершыню затрымалі. У беларускай Друі, дзе стартавала ралі да Даўгаўпілса супраць будаўніцтва ГЭС, нас даставілі ў аддзяленне міліцыі. Нейкі мент спрабаваў сарваць з нашых шыяў керамічныя медалі, прысвечаныя заплыву. У валтузні я паспеў выцягнуць пасведчанне Саюза пісьменнікаў – на вялікай чырвонай скураной кніжачцы было напісана «Союз писателей СССР». Гэта падзейнічала, нас пасля складання пратакола выпусцілі.

Латвійскі Народны Фронт узначаліў Дайніс Іванс – мой добры прыяцель. Неяк ён быў у гасцях у маёй новаполацкай кватэры. Дайніс, я і Сяргей Навумчык разважалі, калі ж ўзнікне Беларускі Народны Фронт. Мы думалі, што да яго стварэння яшчэ пройдуць гады, але гісторыя тады развівалася вельмі імкліва, і прайшлі не гады, а месяцы.

Карацей, я прыехаў у Менск не наіўным хлопчыкам. Дарэчы, з гумарам узгадваю, як у другой палове 1990-х жоўтая газета «Славянскі набат» пісала, што пераезд Арлова ў Менск, як і пераезд Міхася Ткачова і многіх іншых, быў спланаванай за акіянам акцыяй. Мяне ў той публікацыі надрукаванай пад рубрыкай «Бесы на Белой Русью» назвалі агентам адначасова ЦРУ і «Масада».

Цяпер не ўзгадаю, хто канкрэтна мяне запрасіў на сход у Дом кіно, але, відаць, я ад самага пачатку ведаў, што там будзе адбывацца.

– З якімі думкамі вы вярталіся пасля стварэння аргкамітэта БНФ дадому?

– Пасля сходу мы з Сяргеем Навумчыкам і паэтам Алегам Бембелем (Зьнічом) пайшлі да Алега. І без усялякага загаду з уласнай ініцыятывы цэлую ноч на старой друкавальнай машынцы рыхтавалі інфармацыйныя ўлёткі пра стварэнне «Мартыралогу» і аргкамітэта Фронту. Думаю, мы зрабілі некалькі сотняў паведамленняў.

Паколькі працавалі ўсю ноч, то трэба было падмацоўваць сілы. А ў Алега дома быў толькі хлеб і трохлітровы слоік марынаваных гуркоў. Вось час ад часу мы і елі натхнена гэтыя гуркі з хлебам. І толькі пад раніцу дазволілі сабе выпіць за гістарычны дзень па кілішку гарэлкі і на гадзіну легчы паспаць.

Назаўтра не менш за сотню улётак я распаўсюдзіў у Доме кнігі, дзе знаходзіліся амаль усе выдавецтвы.

У мяне было пачуццё эйфарыі і сваёй далучанасці да гістарычных падзей. Унутры жыла, пульсавала глыбокая вера ў тое, што перад Беларуссю адкрываюцца новыя гістарычныя перспектывы.

– На «Дзяды» 30 кастрычніка тысячы менчукоў сабраліся ля Ўсходніх могілак і рушылі на Курапаты. Чым вам запомніўся той дзень?

– Літаральна праз некалькі дзён пасля сходу ў Доме кіно аргкамітэт Фронту даручыў мне выступіць на «Дзядах». Мы рыхтаваліся да гэтай падзеі, але і ўлада не драмала. У друку прайшла цэлая кампанія, дзе быў дадзены «ідэалагічны адпор нефармалам».

Я жыў тады ў Менску яшчэ на птушыных правах, працаваў у выдавецтве па тры дні на тыдзень, пасля чаго вяртаўся ў Полацк. Якраз перад «Дзядамі» дома і напісаў сваю прамову. Між іншага там гаварылася, што «прыйдзе час і ў балючай памяці чалавецтва назва Курапаты зойме месца побач з назвамі Бухенвальд і Асвенцым».

У Менск прыехаў уранні 30 кастрычніка з жонкай. У атмасферы адчувалася трывога.

Я грунтоўна падрыхтаваўся да халоднай каталажкі: цёпла апрануўся, узяў сумку з кнігамі, якія збіраўся чытаць у няволі, добра паснедаў у вядомай тады рэстарацыі «Патсдам» на рагу Леніна і Інтэрнацыянальнай. Хоць досведу яшчэ не было, але да Ўсходніх могілак мы інтуітыўна вырашылі ўзяць таксоўку.

Перад выступам я хваляваўся, разумеў, што гэта не шараговая падзея ў маім жыцці, таму яшчэ раз перачытаў тэкст у таксоўцы і зразумеў, што ведаю яго фактычна напамяць. Рух на многіх вуліцах быў перакрыты, таксіст прабіраўся да могілак дварамі, расказваў пра мітынг «нефармалаў» і вельмі нерваваўся. Я прызнаўся, што мы таксама належым да «нефармалаў». Гэта таксіста не спалохала – наадварот, ён пастараўся падвезці нас як мага бліжэй.

Першае, што мы ўбачылі – як людзі адбіваюць Пазьняка ад асобаў у цывільным.

Зянон рухаўся неяк няўпэўнена, з парушанай каардынацыяй. Пасля мы даведаліся, што яму ў твар пырснулі слезацечным газам.

Хтосці крыкнуў, што схапілі і павезлі ў невядомым кірунку мастакоў Аляксея Марачкіна і Міколу Купаву.

Зянона ўдалося адбіць. Прарваўшыся да яго, я стараўся, як мы і дамаўляліся, трымацца побач – каб не парушыць сцэнар мітынгу.

Уваход на могілкі быў перакрыты, людзей з кветкамі і свечкамі не прапускалі. Міліцыя атрымала загад адціснуць натоўп, пачалі збіваць людзей.

На мяне накінуўся міліцыянт, спрабаваў сарваць з пляча сумку, але я ў той барацьбе перамог.

Мой сябар, пісьменнік Алесь Асташонак прыкрываў маю жонку Валянціну і атрымаў вельмі прафесійны ўдар па хрыбетніку, пасля якога яго так скруціла, што давялося доўга быць на бальнічным.

Аднак Зянону ўсё ж удалося павесці за сабой людзей на Курапаты. Туды ж разам з вадамётамі накіравалася калона машын, у якія нас павінны былі грузіць.

Але з нашага боку быў зроблены вельмі ўдалы манеўр: значная частка шэсця павярнула проста ў поле. Пакуль так званыя сілы правапарадку рухаліся на Курапаты, у полі вельмі хутка пачаўся мітынг. Нам удалося захаваць свой сцэнар. Выступіў з прамовай я, затым слова ўзяў Зянон Пазьняк, які паведаміў пра першыя крокі Фронту.

Свой верш, прысвечаны БНФ, прачытала маладая паэтка з Барысава Тацяна Зіненка. У той момант нас ужо акружылі некалькі шэрагаў людзей у форме міліцыі і ўнутраных войскаў. Добра запомнілася, што салдацікі былі нетутэйшай знешнасці – юнакі з Сярэдняй Азіі, якія проста не разумелі, што адбываецца.

Пасля Тані Зіненкі незнаёмы хлопец (гэтага героя пасля так і не ўдалося знайсці) расшпіліў сваё паліто і аказалася, што ён абкручаны бел-чырвона-белым палотнішчам, якое імгненна ўзляцела ў паветра. Гэта было першае за некалькі дзесяцігоддзяў публічнае ўзняцце нашага сцяга.

Я не належу да вельмі чуллівых людзей, да таго ж часу аддавацца эмоцыям не было, але на вачах накруціліся слёзы.

Для кіраўнікоў разгону сцяг паслужыў сігналам для актыўных дзеянняў, прагучала каманда «Рассекай!». На шчасце, нам удалося выбрацца з таго віру цэлымі.

– З якімі праблемамі вы сутыкнуліся з-за свайго удзелу ў масавай акцыі?

– Паколькі я быў узяты на працу ў выдавецтва без прапіскі, гэта дало апанентам падставу адразу за мяне ўзяцца. «Дзяды» былі ў нядзелю, а ў панядзелак у маім кабінеце ўжо чакаў лейтэнант міліцыі таварыш Сальнік. Ён склаў на мяне пратакол за пражыванне ў Менску без прапіскі. Назаўтра сітуацыя паўтарылася і лейтэнант параіў мне тэрмінова прапісацца, бо інакш пасля трэцяга пратаколу, які ён абяцаў скласці назаўтра, я трапляў пад крымінальную адказнасць і ў лепшым разе мог быць прымусова дастаўлены ў Полацк.

Натуральна, за дзень прапісацца я не паспяваў, таму пачаў рыхтавацца да дэпартацыі. Але якраз у аўторак на сход у Саюз пісьменнікаў, прысвечаны разгону «Дзядоў», прыйшоў старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгій Таразевіч. Яго прызначылі кіраўніком камісіі па расследванні тых падзяў. Ён угаворваў нас не пасылаць падрыхтаваную ўжо тэлеграму Гарбачову.

Выступіў і я, расказаў пра два складзеных на мяне пратаколы. І тут раптам Таразевіч кажа: даю вам таварыш Арлоў слова, што міліцыя да вас больш не прыйдзе.

Сход адбываўся увечары, таварыш Сальнік мусіў прыйсці раніцай, таму я не надаў гэтым словам ніякага значэння. Тым больш Таразевічу яшчэ да сканчэння сходу паведамілі, што тэлеграму Гарбачову ўжо адаслалі.

На раніцу ў кабінеце мяне чакала «засада»: рэжысёр Юрый Хашчавацкі і аператар Аркадзь Рудэрман хацелі зняць сюжэт пра маё затрыманне. У выніку былі вельмі расчараваны: таварыш Сальнік не прыйшоў – Таразевіч стрымаў сваё слова. Праз шмат гадоў, калі ён ужо быў сацыял-дэмакратам і вядомым апазіцыянерам, мы неяк сустрэліся, і ён прымружыўшы вочы спытаў: памятаеце, спадар Арлоў (ужо не таварыш), той сход у Саюзе пісьменнікаў?

– Як да вас, актывіста БНФ, ставіліся на працы?

– З партыйных органаў запатрабавалі выгнаць мяне з выдавецтва. Сабралі сход працоўнага калектыву, чыноўнік з Дзяржкамітэта па друку сказаў: «Не паспелі мы Арлова ўзяць без прапіскі на працу, як ён узяўся ствараць розныя «Мартыралогі» і выступаць на мітынгах. Мала таго, яго цягаюць на допыты ў пракуратуру рэспублікі, а варожыя радыёгаласы сцвярджаюць, што ён увогуле арыштаваны!».

Сапраўды 30 кастрычніка «Радыё Свабода» памылкова паведаміла пра маё затрыманне. Пасля гэтага выступу ў залі запанавала нядобрая цішыня. І тут сітуацыю разрадзіў пісьменнік Барыс Сачанка, які сказаў: «Варожыя галасы як заўсёды хлусяць! Вось перад вамі Арлоў – жывы і здаровы». Усе ўздыхнулі з палёгкай, і мяне ўрэшце пакінулі на працы.

Масква расследванне жорсткага разгону мірнай акцыі спусціла на тармазах. Ясна, што не былі пакараныя тыя, хто біў нас дубінкамі, але і не было прысудаў прадстаўнікам нашага боку. Перамены адбываліся вельмі хутка.

– Якім, на вашу думку, быў галоўны вынік акцыі на «Дзяды»?

– «Дзяды» згуртавалі беларусаў, прынамсі іх актыўную частку. Быў момант сапраўднай салідарнасці, памятаю як сотні людзей збіралі сродкі на дапамогу тым, хто трапіў пад прэсінг уладаў. Тыя падзеі сталі магутным каталізатарам для пашырэння ўплыву БНФ. Пра Народны Фронт даведалася ўся Беларусь. У тым ліку дзякуючы паклёпніцкім публікацыям, тэле- і радыёперадачам. «Дзяды-1988» сталі кропкай адліку пераўтварэння БНФ у агульнанацыянальны рух.

– Якія падзеі наступных гадоў, звязаныя з БНФ, вам найбольш запомніліся?

– Першы дазволены мітынг на стадыёне «Дынама» у лютым 1989 года, устаноўчы з’езд Народнага Фронта ў Вільні ў чэрвені таго ж года.

Напэўна, шмат хто памятае 100-тысячны мітынг 25 лютага 1990 года на плошчы Леніна напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет. Пасля яго мы рушылі да будынку рэспубліканскага тэлебачання на вуліцы Камуністычнай. Праспект быў ад краёў да краёў поўны народу. Калі дайшлі да Палацу прафсаюзаў і сталі спускацца ў бок плошчы Перамогі, убачылі, што праспект зачысцілі: наперадзе не было ніводнага ні аўтамабіля, ні чалавека.

Калі рушылі уніз, то, думаю, не толькі ў мяне мільганула думка, што зараз могуць пачаць страляць.

Я быў у першым шэрагу, справа ішоў Вінцук Вячорка, мы моцна ўзяліся пад локці, ніхто не спыніўся. Дайшлі і здабылі прамы эфір для лідараў Фронта, якіх па тэлебачанні ўбачылі сотні тысяч, калі не мільёны людзей.

Якраз у той час, напярэдадні Дня Волі-1990, я напісаў эсэ «Незалежнасць – гэта…». Там адлюстраваныя мары майго пакалення незалежнікаў, якія мне заставалася толькі запісаць. Праз некалькі месяцаў я чытаў гэтае эсэ на тэлебачанні і бачыў, як за кулісамі жанчыны плакалі. Гэта самы дарагі ганарар у маім жыцці.

Выдатна памятаю пратэсты ў дні путчу 1991 года.

У першы дзень ГКЧП да мяне прыйшоў сусед знізу, пазваніў у дзверы і сказаў: «Владимир Алексеевич, я представитель домового комитета, мы проводим перепись жителей. Вы, по-моему, состоите в БНФ, да? Мы будем иметь это ввиду».

Праз некалькі дзён пасля таго, як путч ляснуўся, ужо я пазваніў яму ў дзверы. Сусед доўга глядзеў у дзвярное «вочка», потым адчыніў, трымаючы дзверы на ланцужку. «Цяпер мы праводзім перапіс жыхароў», – сказаў я…

– Як вы сустрэлі незалежнасць Беларусі?

– О, гэта былі ўзнёслыя дні! Калі 25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закона, мы з скульптарам Алесем Шатэрнікам селі ў яго машыну, узялі вялізны бел-чырвона-белы сцяг і ездзілі па Мінску, праводзячы невялікія лятучыя мітынгі. Напрыклад, ва Уруччы прыехалі на кірмашык, сабралі вакол людзей і распавялі, што ад сёння Беларусь – незалежная дзяржава. Прызнаюся, што для многіх жыхароў Уручча гэта было вялікім адкрыццём.

А увечары таго самага дня, які, дарэчы, з’яўляецца маім днём народзінаў, дэпутаты Вярхоўнага Савета Лявон Баршчэўскі і Пятро Садоўскі прыйшлі да мяне ў госці і прынеслі нечаканы падарунак: кавалак граніту, адбіты ад ЦК КПБ.

Атрыманне Беларуссю незалежнасці – бліскучая перамога нацыянальна-дэмакратычных сіл на чале з Фронтам.

Калі я чую заявы, што «БНФ усё прайграў», заўсёды кажу: дзякуючы Фронту і яго фракцыі ў парламенце (пра што вельмі добра напісаў Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «Дзевяноста першы»), Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

У мяне няма сумневу: прыйдзе час, і падзеі, пра якія мы з вамі гаварылі, будуць грунтоўна адлюстраваныя ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

0
Владимир Александров / Адказаць
30.10.2013 / 15:24
В РБ слишком сильна пятая колонна Москвы, как нигде, сюда ещё при союзе засылали сотнями тысяч агентов, да и местных проституток и стукачей хватает, которые работают на Москву. Белорусам никогда не дадут подняться. Чтобы это сделать нужно выслать всю эту часть обратно в Россию, чтоб не мешали. Как понять что белорусам пырскают слезоточивым газом в глаза, убивают, калечат жизнь в тюрьмах? Только лишь потому чтобы не дать оторваться от России. Даже в Прибалтике властная элита была пронациональной, в отличие от местной.
0
canislupus / Адказаць
30.10.2013 / 15:39
Так было, так было.., дзеци нашыя дзякуючы незалежнасьци не гинули у Чачни, турмы на месцы, Сибиру няма, а што будзе?
0
askrealp@lesapark / Адказаць
30.10.2013 / 15:54
Neiak kranuu gety artykul da slioz.... Slava sapraudnym patryiotam!
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру